В "Островецрайгаз" Ирина Стех "пришла случайно"
Кажуць, што выпадковасцяў не бывае. Аднак у жыцці менавіта яны часта становяцца лёсавызначальнымі. Што, калі не выпадковасць, сутыкнула тагачасную загадчыцу гаспадарчага вытворчага ўчастка Ірыну Антонаўну Стэх і дырэктара “Астравецрайгазу” Марыю Нікадзімаўну Ігнатовіч?Адміністрацыйнае памяшканне гэтай вытворчай установы аднаўлялася і набывала новы выгляд, пагэтаму дырэктар усюды шукала патрэбныя будаўнічыя матэрыялы. Менавіта рамонт і стаў прычынай гэтай сустрэчы-знаёмства. Ірына Антонаўна змяніла сферу дзейнасці, а Марыя Нікадзімаўна набыла не толькі фарбы, шпаклёўку і цэмент, але і талковага і адказнага спецыяліста.
– У райгаз я прыйшла выпадкова: Марыя Нікадзімаўна паклікала да сябе на працу – і я адразу згадзілася. Аднак перайшла на новае месца працы толькі тады, калі знайшла на сваё месца чалавека. А да гаспадарчага ўчастка я працавала на тэлеграфе, некалькі гадоў у электрасетцы… Усюды мне было добра – але найлепш тут, у райгазе, – дзеліцца Ірына Антонаўна. – Хоць я ўжо некалькі гадоў знаходжуся на заслужаным адпачынку, але ад спраў не адышла: узначальваю пярвічную арганізацыю савета ветэранаў і вяду ўсе яе справы. Часам тэлефаную Марыі Нікадзімаўне, каб нагадаць пра чыйсьці юбілей або дзень нараджэння – хоць яны таксама памятаюць. Магу сказаць з упэўненасцю, што аб сваіх былых работніках, якія зараз на заслужаным адпачынку, кіраўніцтва “Астравецрайгазу“ клапоціцца. Да Дня пажылых людзей, Ражаства і Новага года, 8 Сакавіка – словам, напярэдадні вялікіх свят віншуюць нас асабіста добрымі словамі і падарункамі. Марыя Нікадзімаўна заўсёды цікавіцца, ці патрэбна якая дапамога, да прыкладу, машына, каб дровы прывезці, бо я жыву ў прыватным доме.
На працягу амаль дваццаці гадоў Ірына Антонаўна кожную змену з радасцю ішла на работу, нягледзячы на тое, які дзень выпадаў, выхадны або святочны. Яна ведала: дванаццаць гадзін праляцяць незаўважна. Той, хто працуе не складаючы рук, не назірае за гадзіннікавай стрэлкай. А рукі і сапраўды былі занятыя: заяўкі афармляць, на тэлефанаванні адказваць. У той час, пакуль яшчэ камп’ютар не адваяваў сабе месца “галоўнакамандуючага” на рабочым стале, усе запісы рабіліся ўручную.
– Да гэтага часу я часта ўспамінаю свой першы працоўны дзень. Працаваць сюды я прыйшла 2 кастрычніка 2005 года. Спачатку страшнавата было, аднак хутка прывыкла, таму што ад таго, як спраўляецца дыспетчар, залежала работа і вадзіцеля, і слесара. І справа тут нават не ў прафесіяналізме (ён з гадамі прыходзіць), а ў аператыўнасці. Гэта зараз адкрыў камп’ютар і хуценька ўнёс усе патрэбныя даныя. А раней трэба было пракруціць картатэку, знайсці патрэбную картку, аформіць заяўку, у ведамасць запісаць нумар балона, імя, прозвішча і імя па бацьку абанента, дату, – успамінае Ірына Антонаўна. – Я палову картатэкі ведала на памяць. Нават цяпер, хоць разбудзі мяне сярод ночы, скажу, якія вуліцы ў Варнянах, Трокеніках ці Гервятах. Трэба было яшчэ і рацыянальна маршрут скласці, каб машына не дарэмна ішла. А вечарам звычайна сартавалі картачкі. Калі дзяжурства выпадала на ноч – тады менш тэлефанаванняў – рабілі справаздачы. Памятаю, як маё дзяжурства неяк прыпала на навагоднюю ноч: паглядзець на салют выбягалі па чарзе з вадзіцелем.
Акрамя выканання працоўных абавязкаў, у той час работнікі амаль усіх прадпрыемстваў і арганізацый дапамагалі калгасам падымаць лён, палоць буракі. І астравецкія газаўшчыкі – не выключэнне. Працавалі, дапамагалі. А яшчэ – вучыліся. Ірына Антонаўна ўспамінае, як ездзіла на курсы, пісала канспекты: кожны спецыяліст павінен быў мець пасведчанне газавіка і штогод праходзіць абавязковую пераатэстацыю.
– Самыя цяжкія часы газавікі перажылі. Цяпер і зарплаты большыя, і работа аўтаматызавана. Раней на прадпрыемстве было 4 машыны (зімой яшчэ і па 40 балонаў дагружалі), на якіх вазілі звадкаваны газ, а зараз – толькі дзве. Хлопцы, якія возяць газ –той жа Гудойць і Трусевіч, – не абмінаюць мяне, калі бачаць, заўсёды павітаюцца і распытаюцца пра жыццё. Тады я і ўспамінаю – картатэкі, калектыў, кіраўніцтва. Мае дзеці часта з мяне жартуюць: “Твой гаргаз…” А я з упэўненасцю паўтараю: “Так, гэта – мой гаргаз”.
---------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
