В Островецкой районной библиотеке прошла презентация книги стихов Алёны Рыбик
У адзін з цёплых сонечных дзянькоў сакавіка ў Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі вершаў “La Nina” нашай зямлячкі Алёны Рыбік.
Я ведала Алёну яшчэ падлеткам, калі яна па-заліхвацку весела і смела завязвала свае шыкоўна-густыя валасы ў два хвасты і, бы маленькае жвавае птушаня, хутка і лёгка выскоквала з пад'езда нашага шматкватэрнага дома і з рукзаком за плячыма пырхала, быццам матылёк, з якім параўноўвала сябе ў адным з ранніх вершаў, па сваіх, толькі ёй вядомых справах…Я памятаю яе дзяўчынкай-падлеткам, якую, аднак, заўсёды адрознівала ад равеснікаў самастойнасць, сур'ёзнасць і не па ўзросту дарослае разуменне жыцця ва ўсіх яго праявах – хай то вучоба, адносіны з сябрамі і роднымі ці творчасць…
Я ўбачылася з Алёнай Рыбік праз шмат гадоў пасля нашай апошняй сустрэчы – і не магла не скарыстацца магчымасцю перакінуцца з ёй парай-тройкай слоў пра яе першую – і, упэўнена, не апошнюю – кнігу, пра адносіны да творчасці – сваёй і ўвогуле, пра яе жыццё і светаўспрыманне ў цэлым.
– Існуе меркаванне, што ўсе паэты – апрыёры рамантыкі. Ты з гэтым згодна?
– Напэўна, так. Канешне, гэта ў першую чаргу залежыць ад чалавека, які піша вершы, – таму і тэматыка іх, і вобразы, і выразы, якія мастакі слова выкарыстоўваюць у сваіх творах, розныя. Але менавіта рамантычнае ўспрыманне свету падштурхоўвае да напісання вершаў. Рамантыкі адчуваюць больш ярка і рэагуюць больш эмацыянальна – і такое ўспрыняцце ўласціва перш за ўсё маладосці.
Можа, таму я цяпер пішу вельмі рэдка…
– Ці памятаеш ты свой першы верш?– Мне было гадоў дзесяць, і напісала я яго, калі гасціла ў бабулі ў вёсцы. Ціхенька так гушкалася на арэлях… Я нават першыя словы памятаю:
Як добра, што я нарадзілася
На гэтай цудоўнай зямлі,
У мілай маёй Беларусі,
Дзе залатыя палі…
– Як нараджаліся твае вершы?
– Хутка. Гэта была рэакцыя на момант, які найбольш уразіў. І абавязкова трэба было іх запісаць. Дапрацоўваць? Не, у асноўным заставаўся той варыянт, які адразу злажыўся. Калі ж вырашала закончыць пазней – верш так і заставаўся чарнавіком.
– Твае творы толькі беларускамоўныя?
– Пісала я толькі па-беларуску – усё ж нарадзілася і расла я на Беларусі. Былі, канешне, і вершы на рускай мове, а потым і на англійскай – але яны ў асноўным пісаліся з нейкай нагоды, да пэўнай даты і таму, што людзі, якім яны прысвячаліся, не разумелі маёй роднай мовы.
Беларуская мова больш сакавітая, эмацыянальная, яна лепш перадае ўсе адценні пачуццяў. Яна больш багатая, зразумелая і “сардэчная” – і гэта галоўнае.
Ёсць у мяне вершы, якія я перакладала з беларускай мовы на англійскую – зноў жа для таго, каб мяне не проста пачулі, але і зразумелі.
Праўда, верш “La Nina”, які даў назву зборніку, адразу быў напісаны на англійскай мове, а ўжо потым я пераклала яго на беларускую.
– Ад матчынай мовы, праз англійскую – у Швецыю? Шлях няблізкі... Як так атрымалася?
– Як і ў многіх. Мне заўсёды хацелася пазнаёміцца з іншымі краінамі, падарожнічаць, пазнаваць свет – вакол нас столькі цікавага!
А спачатку быў Астравец, куды мы пераехалі з Хойнікаў пасля Чарнобыльскай аварыі – ён і стаў тым месцам, ад якога я пачынаю адлік свайго свядомага жыцця. Тут я закончыла дзевяць класаў на той час сярэдняй школы №2, настаўнікі якой далі мне добрую базу ведаў, каб я паступіла ў Ліцэй БДУ. Затым быў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе я вывучала англійскую і нямецкую мовы. І ўжо тады мне хацелася пажыць у якой-небудзь іншай краіне, а ў ідэале – не ў адной, хоць пра пераезд туды на пастаяннае месца жыхарства не думала.
Потым з'явілася магчымасць паехаць у Германію працаваць у сям'ю нянечкай – там я пражыла два месяцы. Але гэтага мне падалося недастаткова. Тады я “паднаціснула” на вучобу, каб атрымаць стыпендыю на навучанне ў Германіі. У адным з нямецкіх універсітэтаў адвучылася шэсць месяцаў, вярнулася на Радзіму. Закончыла БДУ і ўладкавалася на працу выкладчыкам гэтай жа навучальнай установы, дадаткова закончыла магістратуру.
Але жыць на зарплату выкладчыка і плаціць за здымную кватэру было складана. І я вырашыла паспрабаваць зарабіць грошай за мяжой. Да таго ж мне ўсё яшчэ было цікава паспрабаваць “іншаземнага жыцця”.
Я паступіла ў Берлінскі свабодны ўніверсітэт на журналісцкі факультэт. Менавіта тут сустрэла свайго мужа, які, вяртаючыся дамоў у Швецыю, “запрасіў” і мяне туды перабрацца.
Беларусь і Швецыя вельмі падобныя – па духу, гісторыі, менталітэту людзей. І нават кухняй: асноўнымі шведскімі стравамі, як і ў беларусаў, з'яўляюцца бульба і мяса – прычым таксама свініна. Гэта сельскагаспадарчая краіна, і не толькі на беларускіх палетках можна ўбачыць лён – шведы лічаць гэтую расліну адной з галоўных у сваім жыцці. Шведы, як і беларусы, – сціплыя, спакойныя і мірныя людзі. Для мяне Швецыя – гэта Беларусь, якой проста больш пашанцавала.
Сёння я жыву ў Стакгольме, працую загадчыкам аддзела маркетынгу, а таксама па сваёй спецыяльнасці – пішу па 2-3 вялікія артыкулы ў тыдзень, шмат часу аддаю анлайн-журналістыцы…
– Ці патрабуе душа паэта новых вершаў? І як з'явіўся зборнік “La Nina”?
– Зборнік маіх вершаў, прэзентацыя якога адбылася ў Астравецкай бібліятэцы, – заслуга мамы, хоць я заўсёды марыла выдаць свае творы. І мама зрабіла мне такі незвычайны падарунак. Яна выбрала вершы, якія, на яе думку, былі дастойныя ўвайсці ў зборнік, але я, як аўтар, некаторыя з іх выключыла. Засталіся толькі найбольш сталыя творы, якія я пісала ўжо дарослай дзяўчынай, якая разумела жыццё, а не проста па-дзіцячы ўспрымала свет і “што бачыла, тое і спявала”.
Зборнік прасякнуты духам жыццясцвярджальнай маладосці, жаданнем зразумець гэты свет і яркімі, вострымі пачуццямі: калі гэта няшчасце – то горш быць не можа, а калі радасць – то ўсеабдымная, на ўвесь свет. Ты ўсё можаш зрабіць, на ўсё ў цябе хапае сілы і жадання. Кожную раніцу ты прачынаешся – і адчуваеш прыгажосць і радасць жыцця.
Чаму менавіта “La Nina”? “Ла ніння” – гэта атмасферная з'ява, якая сур'ёзна ўплывае не толькі на Ціхі акіян, але і на клімат усяго свету і змяняе яго. Гэта з'ява для мяне заўсёды насіла нейкі ўзвышаны, рамантычны характар. Мне даўно хацелася калі-небудзь выкарыстаць гэты вобраз. Для мяне “La Nina” – гэта тое, што змяняе свет.
Акрамя таго, “La Nina” перакладаецца з партугальскага як “дзяўчынка” – гэта я.
А для некаторых назва зборніка гучыць як “Ля Ніны” – так завуць маю маму – і ўспрымаецца ў якасці прысвячэння. Няхай будзе і так – яна гэтага заслугоўвае.
– Кім ты сябе адчуваеш – паэтам, журналістам ці …?
– І першае, і другое – гэта, хутчэй, нейкія моманты майго жыцця, у свой час надыктаваныя маім успрыманнем свету. Але больш за ўсё я адчуваю сябе вандроўнікам па жыцці, які на першае месца ставіць тое, што яму цікава, жыве там, дзе яму камфортна, дзе ёсць цікавыя стасункі, сустрэчы і эмоцыі, – гэта тое, у чым я чэрпаю жаданне жыць. Больш за ўсё мне падабаецца падарожнічаць, пазнаваць новыя мясціны і новых людзей – на маю думку, гэта залог развіцця, руху наперад. Па сутнасці сваёй я – чалавек свету.
Кажуць, з гадамі чалавек мяняецца: сталее, вучыцца, больш разумее і менш распыляецца. Але нягледзячы на ўсе выбрыкі лёсу, у глыбіні душы ён застаецца такім, якім быў у лепшыя гады свайго жыцця – у юнацтве. Толькі больш спакойным, вопытным, адукаваным, упэўненым у сабе, а ў выпадку з Алёнай Рыбік, “дзяўчынай-матыльком”, – яшчэ, калі гэта ўвогуле магчыма, і больш таленавітым.Маме
Мой маленькі анёл,
што назваў мяне імем
анёла,
і З табою нам –
стома,
а БЕЗ –
нават большая смага;
ты не ведаеш сілы,
што плешчацца ў пальчыках кволых,
дай жа Божа не ведаць,
якая жыве ўва мне прага.
Недзе вельмі глыбока,
далёка – навошта і ведаць?–
калі ты сніла сны,
дзе гулялася з сонечнай плямай,
калі я зашнуроўвала
белыя лёгкія кеды,–
недзе там назаўжды
мы з табой размінуліся,
мама.
І навошта тады мне
шукаць нейкай думкі
ў цудзе
(да жаночай рукі прыкладаючы
лісцік-далоньку) –
па-над кніжкай тваёй
ціха плачуць чужыя людзі,
а мой сшытак гартае адна твая
гора-донька.
Мой маленькі святы!
Мой сакрат беласценнай элады!
Ты адкрыла закон,
найгалоўнейшы ў лёсавым маі –
у Сусвеце адна,
нават самая хворая,–
праўда.
Я ж у іншай дарозе
сваю, мама, праўду, шукаю.
***
Мой светлы лёс! Чым ты мне свеціш?
І што за ніць жыццё снуе?
Блукаю, бы прамень, па свеце,
І вецер твар цалуе мне.
Чакаю кожны дзень – Імгненняў!
Хачу пражыць жыццё за раз.
І ў сінім віры летуцененяў
Ляціць мой незабыўны час.
Аддаючы душу світанням,
Іду адна ў вялізны свет.
І як кахання прадказанне
Між бровамі – радзімкі след.
***
І зараз ужо проста.
Нават лёгка.
І нават кнігі іншыя і песні.
А свет мой аказаўся надта крохкі –
Як і жыццё, што колісь ціха трэсне.
І ўжо не плачаш,
А збіраеш рэчы –
Да новых слоў, людзей і родных вуліц,
Без права на святу. Недарэчнасць,
Што да сябе няўзнак – ды ўсё ж – прытуліць.
Расце душа ад болю і растанняў,
І кожны міг становіцца стагоддзем.
Смуга ўспамінаў ссівіць і растане:
Так любыя і шчасце адыходзяць.
Не думаеш, што, можа, будзе лепей –
То багахульства над былым. І вецер –
Ён самы вечны і адзіны лепіць
Наноў душу ў нейкім новым свеце.
***
Знайшла на самым-самым сумкі донцы
засохлую скарынку мандарына –
аскепачак раструшчанага сонца.
Не, нешта ўсё-ткі я табе павінна:
мы новы год з табой не сустракалі,
ні разу не сядалі снедаць разам,
адзін другому сніцца перасталі
і гэта палічылі за абразу.
***
Узыдзі
да далоняў
маіх –
сухіх,
ласкавых –
дзьмуханнем грэй.
Па вейках тваіх
караскаюся,
бы па сонцам
нагрэтых
скалах,
бы па ўдыхах тваіх,
мой –
ці то Кай,
ці то Грэй.
---------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
