В Островецком районе завершена уборка урожая



Карані хлебаробскіх перамог бяруць свой пачатак, напэўна, у роздуме агранома над асаблівасцямі новага севазвароту палёў. У “кумеканнях” бухгалтара: адкуль выкраіць грошы на мінеральныя ўгнаенні? У жаданні інжынера залатаць адразу ўсе тэхнічныя “дзіркі”, каб тэхніка на сяўбе працавала надзейна.
Кволенькія парасткі будучых узнагарод прарастаюць на поце аратых і культыватаршчыкаў, што сумеснымі намаганнямі ўспушваюць глебу, дапамагаюць звычайнаму ўчастку зямлі стаць нівай – улоннем чарговага ўраджаю. Мацнеюць, набіраюцца сілы на нястомнасці “хімікаў” – механізатараў, што займаюцца хімічнай праполкай, унясеннем мінеральных угнаенняў, апырскваннем ад шкоднікаў і хвароб. Каласяцца на трывожнай надзеі, што надвор’е на гэты раз падтрымае і своечасовым дожджыкам, і сонечнай цеплынёй. Наліваюцца і выспяваюць на агульным – усёй гаспадаркі – спрадвечным чаканні новага ўраджаю.












І толькі тады за справу бяруцца жнеяры. Канешне-канешне, (ніхто і не думае спрачацца!) прафесіянальнае майстэрства камбайнераў, вадзіцеляў, задзейнічаных на перавозцы збожжа, аператараў сушыльных установак – важны складальнік канчатковага выніку іх працы на ўборцы, але – не адзіны. Выкінь, праігнаруй любы з пералічаных момантаў выспявання перамогі, і ніякае ўменне табе не дапаможа – атрымаць рэкордны намалот на рэдкакалосным полі, як ні старайся, не ўдасца…

...Уборка падышла да свайго завяршэння, і ўжо можна канстатаваць: 2013-ы (чортавы тузін!) аказаўся неўрадлівым годам. У параўнанні з папярэднім годам з сярэднераённага гектара намалочана амаль на 12 цэнтнераў збожжа менш, чым летась. Дарэчы, такая сітуацыя назіраецца ва ўсёй вобласці – толькі гаспадаркам Гродзенскага раёна ўдалося страціць на парадак менш (мінус 5 цэнтнераў з гектара), усе астатнія раёны – на нашым узроўні.






Аб тым, што сёлетняе надвор’е самым неспрыяльным бокам павярнулася менавіта на паўночны ўсход, сведчыць абласная зводка ўраджайнасці – самыя нізкія намалоты атрыманы якраз у гэтай зоне. Астравецкі вынік (33,6 цэнтнера з гектара) аказаўся самым высокім – толькі ў Смаргонскім раёне намалочана на круг па 30,2 цэнтнера, Ашмянскі, Іўеўскі, Лідскі – атрымалі менш трыццаці цэнтнераў з гектара. Так што ў намінацыі “сярэдняя ўраджайнасць” наш раён дзеліць з Воранаўшчынай восьмае месца ў вобласці.
У раёне самым ўрадлівым аказалася варнянскае поле – у СВК “Варняны” намалочана па 36,8 цэнтнера з гектара (такі сціплы выгляд у сёлетніх рэкордаў!). У параўнанні з мінулым годам гэтая гаспадарка страціла на кожным гектары па 8,7 цэнтнера – гэта, дарэчы, самая меншая страта ў раёне. СВК “Гудагай” намалаціў сёлета менш на 12 цэнтнераў з гектара, СВК”Гервяты” – на 13, СВК “Міхалішкі” – на 13,8, саўгас “Падольскі” – на 14,8 цэнтнера з гектара.



Ясная справа, што пры падобным раскладзе асноўны склад пераможцаў на сёлетнім жніве “прапісаўся” ў СВК “Варняны”: чатыры экіпажы камбайнераў, два вадзіцелі і брыгада аператараў сушыльнай устаноўкі гэтай гаспадаркі ад самага пачатку – у лідарах раённага спаборніцтва. Ды і асноўная колькасць раённых “ тысячнікаў ” таксама аказалася ў СВК “Варняны”, так што старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу М.К. Грыцкевіч літаральна пратаптаў сцежку, ледзь не праз дзень прывозячы ў гаспадарку ўзнагароды…





----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.