В каждый веночек-обруч Виолетта Бернатович вплетает хорошее настроение и частичку души

ВиолеттаЯна любіць ствараць прыгожае ўласнымі рукамі і ў кожны свой выраб укладвае добры настрой і часцінку душы. І шчыра радуецца, калі яе праца прыносіць радасць і задавальненне акружаючым. “Памыліцца ў жыцці не страшна, галоўнае – своечасова зразумець гэта і выправіць” – лічыць маладая рамесніца і абаяльная дзяўчына Віялета Бернатовіч.

Напэўна, многія бачылі, як у прыгожых валасах дзяўчат распускаюцца рознакаляровыя ружы, казычуць адзін аднаго пялёсткамі рамонкі, бурштынавай расой рассыпаюцца гронкі рабіны ці ягады журавін – такі эфект узнікае ад вяночкаў-абручоў, якія ў апошні час сталі папулярным упрыгожваннем сучасных модніц. І нямногія задумваюцца, што за кожным з іх хаваецца карпатлівая ручная работа. Пра гэта не па чутках ведае Віялета Бернатовіч, якая і займаецца вырабам менавіта такіх абручоў. Дзяўчына ўжо некалькі месяцаў працуе майстрам народнага промыслу ў раённым аддзеле Дома рамёстваў і вельмі задаволеная, што выбрала менавіта гэты шлях. А магло быць зусім па-іншаму…
Виолетта2– У школе я захаплялася нямецкай мовай, – расказвае дзяўчына. – Гэта ў нас, можна сказаць, сямейнае: мая бабуля Леакадзія Браніславаўна Бушмовіч была настаўніцай беларускай і нямецкай моў, старэйшая сястра Паліна таксама вывучала нямецкую мову, удзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце і нават ездзіла на два месяцы ў Германію. У выніку “падсела” на нямецкую мову і я. Пасля заканчэння гімназіі №1 – і гэта ні для каго не было нечаканасцю – я паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Аднак на другім курсе зразумела: ну не маё гэта – і ўсё тут!
Калі бабуля і сястра дапамагалі з замежнай мовай, то маці Віялеты прывіла ёй любоў да кветак – ля іх дома ў Малях заўсёды радавала вока вясёлкавая палітра. Дзяўчынка зачаравана перабірала прыгожыя пялёсткі кветак, уплятала іх сабе ў валасы, рабіла вяночкі для сябе і сябровак. Калі падрасла, стала эксперыментаваць, падглядваць ідэі ў інтэрнэце, спрабавала новае. Неўзабаве Віялета зразумела, што вось гэта яе справа – ствараць сваімі рукамі незвычайныя і патрэбныя іншым людзям упрыгожванні.
– Паступова вучылася ўсяму самастойна – інфармацыю знаходзіла ў інтэрнэце, там жа былі і відэаўрокі. Рабіла ўпрыгожванні з жывых кветак, затым – са штучнага матэрыялу фоамірану. Не скажу, што ўсё адразу атрымлівалася ідэальна: вучылася на сваіх памылках. А яшчэ ў складаныя моманты мяне заўсёды падтрымліваў каханы, мой будучы муж Дзмітрый. І чым больш я займалася вырабам упрыгожванняў, тым больш упэўнівалася, што зрабіла правільны выбар і знайшла сваё амплуа. Праз некаторы час мае работы заўважыла Наталля Літвін і параіла звярнуцца ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Так мяне прынялі на работу ў раённы аддзел Дома рамёстваў. Хоць і працую я тут нядаўна, але ўжо ўпэўнілася, што вакол мяне сабраліся сапраўды творчыя і таленавітыя людзі, майстры з вялікай літары, сярод якіх, спадзяюся, буду ўдасканальвацца і я.
Виолетта1– Шчыра кажучы, я не хачу спыняцца на абручах, – дзеліцца сваімі планамі Віялета. – Хачу навучыцца рабіць іншыя патрэбныя рэчы і ўпрыгожванні, якіх будзе адрозніваць ад іншых знак якасці “Ручная работа”. Паштоўкі, заколкі, пацеркі – задум шмат. А самая запаветная мая мара – адкрыць калі-небудзь у Астраўцы краму самаробных вырабаў, дзе кожная рэч будзе саграваць пакупніка цяплом рук майстра і несці толькі пазітыўную энергію.
У вачах дзяўчыны ззяе агеньчык энтузіязму, захопленасці і задавальнення ад сваёй справы. І шчырай веры, што ўсё атрымаецца.

Бліц-апытанне
Ахарактарызуйце сябе пяццю словамі
– Вясёлая, кучаравая… (тут дзяўчына задумваецца і на дапамогу прыходзяць яе калегі па рабоце). Сціплая, абаяльная і проста сапраўдная беларусачка.
Назавіце тры “я люблю…”
– Мужа, сваю сям’ю, работу.
А зараз – тры “я не люблю…”
– Рана ўставаць, грубасць, цёмны шакалад.
Захапленне, акрамя ручной работы?
– Мне падабаецца гатаваць, асабліва выпякаць нешта смачненькае і радаваць блізкіх. Яшчэ люблю проста прагуляцца па лесе, паразважаць, палюбавацца прыродай.
Калі ўсё “дастала”, як пазбаўляецеся ад стрэсу?
– Пяку пірагі або іду на прагулку ў лес.

-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.