В качестве хобби островчанин выбрал для себя перепёлок

Захапленні ў людзей бываюць розныя: адны збіраюць фанцікі, другія скараюць горы, трэція пішуць вершы… Астраўчанін Алег Махнач (малады прыгожы хлопец, да таго ж – халасцяк!) у якасці хобі выбраў для сябе… перапёлак. Кожнаму з нас даводзілася бачыць гэтых шэрых кругленькіх птушачак, якія маюць звычку вясёлымі чародкамі выпырхваць з-пад ног або з-пад машыны.

Ясная справа, у Алега перапёлкі не зусім такія, якія водзяцца ў палях і пералесках, – ён гадуе пародзістую птушку: “японскую немую”, “англійскую чорную”, “фараона”... І робіць гэта дзеля перапёлчыных мега-карысных яек.
– Думаю, што яйка перапёлкі нашмат больш карыснае, чым яйка той жа курыцы, – гаворыць Алег. – Яно валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі – лечыць запаленні суставаў, рэўматызм, астэахандроз... Нават зубны боль! Праўда-праўда. Забалеў зуб, “вырас” флюс – прыкладзі жгуцік, змазаны перапёлчыным яйкам, да балючага месца – і праз 10 хвілін пухліна спадзе, боль уцішыцца… А яшчэ яно “ўмее” ачышчаць арганізм ад шлакаў, хімічнага і нават радыяцыйнага “бруду”.
– Наколькі я ведаю, перапяліныя яйкі прымаюць пры харчовых атручваннях?
– Так. Пры атручванні дастаткова выпіць два-тры яечкі, каб ужо праз 10-15 хвілін адчуць палёгку. Яшчэ адно (грунтоўнае!) адрозненне перапяліных яек ад курыных у тым, што першыя не выклікаюць алергіі і дыятэзу. З іх нават робяць спецыяльныя сродкі ад алергіі. Алеем, вырабленым з гэтых яек, лечаць апёкі, нават застарэлыя, а парашок, зроблены са шкарлупіння, прымяняюць пры недахопе кальцыю ў арганізме, пры карыесе, рахіце, бяссонніцы…
Хаця самым дзейсным і карысным для аздараўлення перапялінымі яйкамі спосабам асабіста я лічу ўжыванне іх у сырым выглядзе. Рэгулярнае ўжыванне сырых яек перапёлкі лечыць дыятэз у дзяцей. А ў пажылых людзей запавольвае працэс разбурэння зубоў, паляпшае самаадчуванне.
– Скажыце, Алег, а вось у індустрыі прыгажосці… Маю на ўвазе касметалогію, так бы мовіць, хатніх памераў яйкі перапёлкі выкарыстоўваюцца?
– Яшчэ як! Жанчыны робяць з іх амалоджваючыя маскі для твару. А рэгулярнае ўціранне ўзбітых яек у скуру галавы пазбаўляе ад выпадзення валасоў і “пасечаных” кончыкаў.
– Тады яшчэ адно пытанне. Гастранамічнага накірунку. Колькі перапяліных яек вы смажыце сабе на снеданне?
– Хм… Я – аматар грунтоўных сняданкаў, таму амлет раблю з 15-20 яек адразу. Калі перавесці на курыныя, атрымаецца – з трох-чатырох.
– Класна, канешне. Вось так узяць свежыя перапяліныя яйкі – і на патэльню… Але нічога не расце і не ствараецца на пустым месцы. Упэўнена, што догляд за птушкамі патрабуе і часу, і ўкладанняў…
– Безумоўна. Клеткі трэба пастаянна падтрымліваць у чысціні. Аснова рацыёну перапёлак – камбікорм, але дадаю ў кармушкі і вітаміны ў выглядзе морквы, канюшыны, крапівы…
– Час ад часу і я купляю перапяліныя яйкі – балазе, яны бываюць у краме. На смак, канешне, яны значна больш далікатныя і смачныя, чым курыныя. Але столькі клопатаў з утрыманнем птушкі… Не прасцей набыць у магазіне?
– Прасцей, безумоўна. Але ёсць адзін нюанс… Тыя яйкі перапёлак, што прадаюцца ў краме, бясспрэчна, карысныя – кладзезь вітамінаў, але сапраўднымі лекавымі ўласцівасцямі валодаюць толькі апладатвораныя яйкі, жывыя. У краме ж дазволены продаж толькі неапладатвораных…
– Ваша хобі носіць, я б сказала, арнітолага-сельскагаспадарчы накірунак. А хто вы па адукацыі?
– Юрыст. У 2007 годзе я закончыў факультэт правазнаўства акадэміі МУС.
– Працуеце па спецыяльнасці?
– Цяпер не. Мая працоўная кар’ера пачалася з пажарнай часці. Пасля заканчэння акадэміі перайшоў у міліцыю. Але з 2011 года я – супрацоўнік выратавальнай станцыі. І гэтая справа мне вельмі падабаецца. Падводны свет, які адкрываецца перад вадалазам, – нібы яшчэ адно дадатковае вымярэнне. І потым, гэта цалкам мужчынская работа.
– Але ж, без сумненняў, вам прыходзіцца мець справу з тапельцамі. Жудасна…
– Напэўна, мне лёсам наканавана мець справу з памерлымі: працаваў пажарнікам – сутыкаўся з загінуўшымі ў агні, стаў оперупаўнаважаным – з забітымі людзьмі, у Таварыстве выратавання на вадзе – з тапельцамі…
Прывык… Дарэчы, сёлета давялося падняць з вады траіх тапельцаў – дваіх у Ашмянскім раёне, аднаго – у Смаргонскім.
– Пры такой экстрэмальнай прафесіі ці не з’яўляюцца перапёлкі жывой аддушынай – пярнатымі істотамі, якія ў стане зрабіць ваш асабісты свет больш гарманічным і ўтульным?
– Магчыма. Але атрымліваць канчатковы вынік – карысныя яечкі – мне таксама падабаецца. І частаваць імі маці, брата, сяброў… Салідным чалавекам пачынаеш сябе адчуваць (смяецца). А калі сур’ёзна, я і сам не заўважыў, як гэтыя жывыя камячкі прыручылі мяне…


--------------------------------------
Размову вяла Ганна ЧАКУР.