В её работе мелочей не бывает

“Перажывацельная” – так пра яе гавораць падначаленыя. Маўляў, да кожнай дробязі загадчыца фермы “Індрубка” Святлана Раманаўна Паршутовіч ставіцца на поўным сур’ёзе.

– Я лічу, – тлумачыць яна сама, – што ў жывёлагадоўлі наогул няма дробязей – і любы, здавалася б, самы нязначны момант кармлення жывёлы ці догляду за ёй можа стаць пачаткам ланцужка, здольнага прывесці да вельмі адчувальных страт у надоях. Не праветры зімой памяшканне – пагоршыцца мікраклімат, рагулі будуць адчуваць дыскамфорт, і ў выніку надоі непазбежна “паплывуць” уніз. Або не дакладзі ў кармавую сумесь які-небудзь інгрэдыент…


Пра працу Святлана Раманаўна гатова расказваць бясконца: 185 кароў дойнага статка; першацёлкі, прадуктыўнасць якіх правяраецца на працягу трох месяцаў пасля ацёлу; цяляты… Шэсць даярак.


– Усе яны – талковыя работніцы, – падкрэслівае загадчыца. – І цудоўныя жанчыны. А вось мужчынскую палову калектыву часам “ліхаманіць”. Нічога, змагаемся…
Многія гады ферма “Індрубка” была своеасаблівым флагманам малочнай вытворчасці не толькі гаспадаркі, але і раёна – на яе надоі раўняліся жывёлаводы іншых ферм. І першая чатырохтысячніца Астравеччыны Наталля Жаброўская – даярка “Індрубкі”. Дарэчы, на ферму Наталлю прывяла менавіта Святлана Раманаўна, з якой яна, тады свежаспечаная выпускніца школы, жыла па суседству.


Час ідзе, і “планка” надояў падымаецца ўсё вышэй і вышэй. Сёння чатырохтысячніцу прылічваюць да няўдачніц – па выніках мінулага года сярэдні надой на карову на ферме “Індрубка” склаў амаль шэсць тысяч кілаграмаў.


– А магло б быць і больш, – уздыхае загадчыца. – Крыху не дацягнулі. Безумоўна, у гэтым “крыху” ёсць і нашы недапрацоўкі, але відавочна падразае крылы малочнатаварны комплекс – туды трапляюць і лепшыя кармы, і самыя прадуктыўныя каровы. Напэўна, гэта правільна – будучыня за новымі тэхналогіямі, але “Індрубку” шкада – наўрад ці наша ферма праіснуе доўга…


Канешне, шкада. Таму што працы ўкладзена ў гэтую маленькую па сучасных мерках ферму – акіян. Таму што “Індрубка” для Святланы Раманаўны – яе першае (з чатырох) дзіця. Самае неспакойнае, самае “галавабольнае”. Настолькі, што ніводны з трох дэкрэтных адпачынкаў жанчына не “адбыла” і напалову. А пасля нараджэння апошняга сына Сярожкі наогул вярнулася на працу амаль на наступны дзень пасля выпіскі з раддома – не магла інакш, ведала, што без яе там не атрымліваецца, не складваецца…
…Пасля заканчэння Гудагайскай васьмігодкі Святлана, атрымаўшы накіраванне з роднага калгаса “Шлях Леніна”, паступіла на заатэхнічнае аддзяленне Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума. А калі на апошнім курсе прыбыла ў гаспадарку для праходжання практыкі, тагачасны старшыня праўлення Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч прапанаваў узначаліць ферму “Індрубка”.


– Існавала пэўная кадравая праблема, і мной, без пяці хвілін маладым спецыялістам, яе вырашылі, – усміхаецца Святлана Раманаўна. – А на мяне, зялёную і нявопытную, раптам звалілася такая гара клопатаў, столькі адказнасці, што на першым часе было літаральна не да сну. І ні выхадных табе, дзяўчо, ні прахадных. Добра яшчэ, што адпусцілі на здачу дзяржаўных экзаменаў…


Жыць дзяўчына стала тут жа, у вёсцы Індрубка, у доме сваёй бабулі. Вельмі зручна, да фермы – рукой падаць. А асабістае жыццё Святланы вызначыў… вартаўнік фермы. “Да душы ты мне, Раманаўна, – сказаў ён аднойчы сваёй начальніцы. – Упэўнены: сыну майму таксама спадабаешся. Толькі дачакайся яго з арміі”. У адказ яна рассмяялася. Маўляў, і сама пры нагодзе пажартаваць люблю. Толькі словы будучага свёкра аказаліся прарочымі – урэшце яны з Алегам сапраўды пажаніліся…
Адзін за адным прыйшлі на свет сын Віталій (сёння заканчвае будаўнічы каледж), дачка Алеся (дзевяцікласніца) і сын Сярожка (траццякласнік). У бабулінай старой хаце вялікай сям’і стала цеснавата. Трэба шукаць іншае месца, вырашылі Святлана і Алег. Але не паспелі толкам агледзецца, як праўленне ўжо СВК “Гудагай” прапанавала ім новы дом, прасторны і светлы.
Абавязкі дызайнера ўзяла на сябе Святлана – яна прыдумвала, як аформіць столь, якія паклеіць шпалеры, чым упрыгожыць кухню і ванны пакой... Выбар колеру – таксама яе прэрагатыва. А непасрэдным выканаўцам яе дызайнерскіх фантазій стаў Алег. Балазе, пэўны час (пакуль жонка не перацягнула на ферму) ён працаваў будаўніком. Сваю лепту ў афармленне дома ўносілі і дзеці.
Напэўна, жытло Паршутовічаў таму і атрымалася такім утульным і прыгожым, што афармлялася яно з любоўю.
Хаця на любаванне домам у Святланы Раманаўны часу няшмат – у шэсць гадзін раніцы прыходзіць машына, якая адвозіць яе на ферму. Пачынаецца новы працоўны дзень. Раздача кармоў, дойка, канцэнтраты… Праблемы і праблемкі, якія штодня трэба вырашаць.


– Ды ведаю, ведаю, – адмахваецца жанчына ад майго чарговага пытання. – Добра разумею, што ў жанчыны на першым месцы павінна стаяць яе сям’я… Яна і стаіць, паверце! Толькі побач з ёй – ці ўсё ж на крок наперадзе? – ферма. Ну што я зраблю, што я сапраўды “перажывацельная”?! Што мае дзеці, убачыўшы мяне не “ў гуморы”, перашэптваюцца паміж сабой: “Зноў нешта на ферме не так…” Яны такія цудоўныя, мае дзеці. Разумеюць сітуацыю і дапамагаюць, чым могуць. І посуд, і ўборка дома, і нават мыццё адзення часта застаюцца на іх долю. Дапамагае і муж – ён працуе побач, таму разумее мяне цудоўна. А яшчэ на ферме працуюць даяркамі дзве мае родныя сястры – Таццяна Жукоўская і Людміла Цяшкевіч. І гэта таксама палёгка – сёстры разумеюць мае памкненні, як ніхто іншы, і ніколі не падводзяць. Хаця дазволіць сабе нейкія “сямейныя” адносіны на ферме я не магу – людзі гэта тут жа заўважаць...


…Пра што б ні пачынала гаварыць Святлана Раманаўна, усё ўрэшце зводзіцца да вытворчай тэмы – настолькі глыбока пусціла ў ёй карані невялічкая ферма “Індрубка”, якую яна ўзначальвае з 1991 года. Ферма, да якой яна даўно паспела прырасці душой. Ферма, далейшы лёс якой непакоіць яе загадчыцу вельмі моцна…


– А на Дошку гонару маю фатаграфію змясцілі, лічу, авансам, – гаворыць яна. – Няма за што мяне так узносіць. Я ж проста працую – выконваю свае абавязкі. І ніякі я не герой. Прыемна, канешне, што ажно так ацанілі. Вельмі прыемна. І дачка ганарыцца, нават у школе пахвалілася сяброўкам, што “мамку на Дошку павесілі”. Але неяк няёмка – ну што я такога асаблівага зрабіла?!..


-----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.