В детях заключается их главное богатство
Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці з Рытані – Анастасія Міхайлаўна Рабкоўская. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду жанчына атрымала ў 2006 годзе за выхаванне шасці дзяцей.Свой лёс у прафесіі жанчына прадвызначыла сама – яна з дзяцінства марыла быць медсястрой. І таму пасля заканчэння васьмі класаў разам з сяброўкамі-аднакласніцамі павезла дакументы ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. Чатыры гады вучобы праляцелі хутка – і вось размеркаванне. Анастасія, хаця і нарадзілася на Брэстчыне, у Ляхавіцкім раёне, працаваць марыла ў Навагрудку. Чаму – не можа растлумачыць і цяпер. Бачылася ёй у назве гэтага горада нешта незвычайнае і таямнічае.
Аднак па размеркаванні маладая акушэрка трапіла ў Астравец. Галоўны ўрач раённай бальніцы Валянцін Ігнацьевіч Тачоны з запалам расказваў пра раён, гарадскі пасёлак і бальніцу. Хваліла Астравецкі раён і класны кіраўнік, а сяброўкі Анастасіі плакалі: гэта ж так далёка! Ёй жа аповед галоўнага ўрача спадабаўся – і яна без разваг пагадзілася паехаць у Астравец. Разам з Насцяй паехалі і сяброўкі.
Працаваць Анастасію пакідалі ў цэнтральнай раённай бальніцы. Але ў сяброўкі, якая павінна была ехаць на працу ў Кямелішкаўскую ўчастковую бальніцу, здарыўся апендыцыт – і маладая акушэрка Анастасія згадзілася яе падмяніць. Так трапіла ў Кямелішкі – і стала працаваць паставой медсястрой.
Хутка маладую акушэрку адправілі на Рытанскі ФАП падмяніць дэкрэтны адпачынак. Анастасія шчыра ўзялася за работу.
– Як толькі хтосьці новы прыязджаў у вёску, пачыналіся “агледзіны” – хто, адкуль, як выглядае? – усміхаецца Анастасія Міхайлаўна. – “Праверкі” пачаліся і ў мяне – хадзілі адзін за адным. У аднаго рыбная костачка ў зубе застрала, у другога – ў вока нешта трапіла, трэці нагу падвярнуў.
Хадзілі, пакуль на танцах Анастасія не пазнаёмілася з мясцовым механізатарам Аляксандрам Рабкоўскім. Высокі прыгожы хлопец на хаду адбіў жаданне ў іншых заляцацца да маладой “дакторкі” і хутка яны пажаніліся. Жыць сталі ў бацькоў.
Радасці не было мяжы, калі ў Рабкоўскіх нарадзілася дачушка Лена. Праўда, яе нараджэнне магло дорага каштаваць Анастасіі Міхайлаўне – толькі цуд выратаваў ёй жыццё. І сёння ў яе вушах стаяць словы медсястры, адрасаваныя мужу: “Навошта вы кветкі прынеслі? Яны ёй не спатрэбяцца!”
Але Анастасія Міхайлаўна выжыла. Больш таго – неўзабаве нарадзіла яшчэ пяць дзетак – сыноў Колю, Леаніда, Міхаіла і дачушак – Ксенію і Дар’ю.
– Лена была неспакойным дзіцяткам. Яна плакала круглыя суткі… Добра, што побач былі Сашавы бацькі – палову ночы Лену няньчылі мы, другую – на дапамогу прыходзілі яны: забіралі да сябе ў пакой і стараліся суцішыць.
А потым ад калгаса, дзе працаваў муж, маладой сям’і выдзелілі кватэру – шчасцю не было канца! Праўда, да таго часу Анастасія Міхайлаўна зноў вярнулася на працу ў Кямелішкі – і цяпер маладых раздзяляла яшчэ і адлегласць.
Яна і сёння працуе ў Кямелішкаў-скай амбулаторыі – 32 гады ў медыцыне, самааддана і поўнасцю прысвечаныя хворым людзям. Праўда, быў час, калі Анастасія Міхайлаўна вырашыла змяніць сваё жыццё. Тады ёй прапанавалі стаць медыцынскай сястрой і выхавальніцай у дзіцячым садку. Каб больш часу праводзіць з уласнымі дзецьмі, яна вырашыла змяніць месца працы. Але ледзь села ў аўтобус, які вёз яе пасля звальнення з бальніцы з Астраўца ў Рытань, зразумела, што зрабіла памылку. Па дарозе дамоў сустрэла свёкра, які заўсёды ўмеў выслухаць і дапамагчы. Менавіта ён і параіў нявестцы паслухаць сэрца. А сэрца ўвесь час скандзіравала: “Вяртайся ў бальніцу!” І на наступны дзень яна прыйшла да галоўнага ўрача Кямелішкаўскай бальніцы Юрыя Іванавіча Гарошкі са словамі: “Я там не змагу,” – і вярнулася на ранейшае месца.
З таго часу ўсё яе жыццё прысвечана медыцыне.
– Я нават дзяцей сама амаль не гадавала. Яны толькі паспявалі крыху “падкачацца”, як я выходзіла на работу. Са старэйшымі дапамагалі бацькі, з малодшымі спраўлялася старэйшая дачка, а з самай маленькай Дашай у дэкрэтны адпачынак увогуле адправіўся муж, – расказвае Анастасія Міхайлаўна. – Мабыць, таму мне так хочацца мець унукаў, каб ім аддаць усю нерастрачаную любоў.
Старэйшая дачка Анастасіі Міхайлаўны і Аляксандра Леанардавіча Рабкоўскіх, Лена, пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта засталася ў Брэсце і цяпер дамоў прыязджае толькі на святы. Сыны Мікалай і Леанід працуюць у саўгасе “Падольскі”, Міша вырашыў звязаць сваё жыццё з будаўнічай спецыяльнасцю – сёння ён працуе ў адной з падрадных арганізацый на будаўніцтве Беларускай АЭС. Ксенія – дзесяцікласніца Рытанскай школы, аматар здаровага ладу жыцця і спорту. А самая маленькая, пястушка Даша, сёлета закончыла пачатковую школу. І радуе маму, тату і ўсіх блізкіх не толькі сваімі дасягненнямі, але і прыгожымі рэчамі з бісеру, зробленымі маленькімі працавітымі ручкамі.
– Малодшую, Дашу, нараджала ўжо ў сталым узросце – многія мяне тады не разумелі. Наракалі і на ўзрост, і на тое, што роды могуць быць цяжкімі. А я верыла, што ўсё будзе добра.
Акрамя ўсяго іншага Анастасія Міхайлаўна – апантаны кветкавод. Калі зайшла ў яе рабочы кабінет, убачыла шмат розных гаршчкоў з пакаёвымі кветкамі, але адразу спытаць пра іх не даўмелася. І толькі напрыканцы нашай размовы пацікавілася: “А хто ў вашай амбулаторыі займаецца кветкамі?” І пачула сціплы голас маёй гераіні: “Я”.
Аказалася, яе дом таксама патанае ў кветках. Яны паўсюль – і Анастасія Міхайлаўна шчодра дзеліцца імі са сваімі знаёмымі. Кветкі напаўняюць не толькі дом – на двары для іх таксама выдзелены ўчастак, і на падваконнях стаіць яшчэ кволая расада аднагадовых летнікаў.
У 2006 годзе Анастасія Міхайлаўна была ўзнагароджана ордэнам Маці.
– Калі мне патэлефанавалі і сказалі пра гэта – я расхвалявалася. А калі паехала ў Астравец за ганаровай узнагародай – ногі сталі ватнымі і быў момант, калі здавалася, што страчу прытомнасць. Гэта, канешне, радасна і пачэсна, але… Дзяцей мы нараджалі для сябе – а тут аказалася, што гэта ацэнена на такім высокім дзяржаўным узроўні, – расказвае Анастасія Міхайлаўна.
Сёння самае галоўнае багацце Рабкоўскіх – дзеці. Такія розныя – і ў той жа час такія падобныя, бо – любімыя і шчаслівыя. Аб’ядноўвае іх ўсіх сям’я і бацькоўскі дом – і яны радуюцца кожнаму дню, пражытаму разам у радасці і шчасці.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.
