В чём заключается счастье, знает Генрих Масойть

Адзін пісьменнік сцвярджаў, што чалавека шчаслівым робяць падарожжы, сям’я і любімая работа. Менавіта ў такім парадку гэтыя тры “шчаслівыя” складнікі нанізваліся пацеркамі ў былога вадзіцеля аварыйнай службы ВУ “Астравецрайгаз” Генрыха Антонавіча Масойця.


І цяпер, на пенсіі, ён можа спыніцца і азірнуцца назад, узважыць на ўяўных вагах пражытыя гады і пройдзеныя прыступкі, каб раніцай, калі нараджаецца новы дзень, злавіць сябе на думцы, што жыццё прайшло не дарма: Генрых Антонавіч дакладна ведае, што шчасце – ёсць…
Ураджэнец Фальваркоў, ён закончыў Варонскую школу. Пасля паступіў у Ашмянскае вучылішча механізацыі на трактарыста – асаблівага прафесійнага выбару ў тагачаснага вясковага юнака не было.
Аднак вірлівы лёс часам любіць жартаваць з людзей, не звяртаючы ўвагі на іх планы, жаданні і мары. У пошуках заробку (хутчэй – рамантыкі!) малады чалавек аказаўся за тысячы кіламетраў ад дому, у Какчэтаўскай вобласці – на цаліне. Ён тады нават і падумаць не мог, што дарога назад, на радзіму, будзе цягнуцца адзінаццаць гадоў. Але туга па радзіме вярнула не аднаго мужчыну, а сямейную пару Масойцяў на Астравеччыну.
– У Астраўцы я ўладкаваўся на працу ў міжкалгасную будаўнічую арганізацыю. Праз некаторы час мы атрымалі кватэру. Я ўвесь час знаходзіўся ў камандзіроўках: будаўнічыя матэрыялы мы развозілі па ўсёй краіне. А мне хацелася быць побач з сям’ёй. Пагэтаму, калі даведаўся, што ёсць месца вадзіцеля ў райгазе, не раздумваючы, звольніўся, – успамінае Генрых Антонавіч. – Пачынаў працаваць на ГАЗ-52. Памятаю, як восенню і вясной немагчыма было даехаць да аддаленых абанентаў – моцна размывала дарогі. Але заўсёды даязджалі. Як жа пакінеш чалавека без газу? Заўсёды ішлі насустрач людзям і сумленна выконвалі працоўныя абавязкі…
Да размовы падключаецца дырэктар ВУ “Астравецрайгаз” Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч:
– Генрых Антонавіч ніколі не чакаў, што хтосьці адрамантуе яго аўтамабіль і знойдзе для яго запчасткі. Давер апраўдваў цалкам і на справах, і на словах. Пагэтаму праз некаторы час з вадзіцеляў аўтамабіляў, якія развозяць звадкаваны газ, Генрых Антонавіч перайшоў у аварыйную службу. Можна было спакойна ноччу спаць, калі Масойць на змене.
Спецыялісты аварыйнай службы газавай гаспадаркі не маюць права на памылку, пагэтаму “касцяк” тут складаюць адказныя і вопытныя спецыялісты. Той жа вадзіцель не проста сядзіць за рулём, але яшчэ і “слесарыць”.
– На выклікі аб уцечцы газу трэба было рэагаваць імгненна. Па інструкцыі на гэта адводзілася ўсяго тры хвіліны – і мы ўкладваліся, – расказвае Генрых Антонавіч. – Якасць нашай работы пастаянна правяралі кантрольнымі выклікамі, глядзелі, як спрацуе наша служба. Мы ж павінны былі не толькі выехаць па тэлефанаванні, але і праінфармаваць аб магчымым здарэнні аддзелы па надзвычайных сітуацыях і міліцыі.
Машыны ў той час працавалі на бензіне. І на справядлівае пытанне некаторых: чаму аўтапарк газавай гаспадаркі не працуе на сваім відзе паліва? – знайшоўся канкрэтны адказ. Паступова на тэрыторыі ўсёй краіны аўтамабілі ў райгазах пачалі пераходзіць на газ. Прыйшлося Генрыху Антонавічу падвучыцца, бо газавае абсталяванне больш далікатнае і капрызлівае.
Змены закранулі і вытворчую базу. Да 1996 года канторку змяніла сучаснае адміністрацыйнае памяшканне. На радасць вадзіцеля аварыйнай службы, побач выраслі і гаражы: машыны ўжо не стаялі пад адкрытым небам… Як і не стаяў на месцы час.
…Адзінаццаць гадоў на цаліне ў Какчэтаўскай вобласці падарылі Генрыху Антонавічу знаёмства з жонкай, рашэнне вярнуцца на радзіму і работу, якая прыносіла задавальненне. Дваццаць гадоў без шасці месяцаў аддаў Генрых Антонавіч Масойць вытворчай установе “Астравецрайгаз”.
Пераглядваючы граматы за добрасумленную працу ад прадпрыемства “Гроднааблгаз”, гадуючы ўнукаў, Генрых Антонавіч ловіць сябе на думцы, што шчасце ёсць – і ён дакладна ведае яго адрас.


-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.