Ученица Ворнянской школы увлекается модульным оригами
Ці спрабавалі вы калі-небудзь займацца модульным арыгамі? Не ведаеце, што гэта такое? Вось і я пра гэта не чула, пакуль не пазнаёмілася з работамі Кацярыны Шадзяніс, вучаніцы 7 "А" класа Варнянскай школы. Напярэдадні агульнашкольнага бацькоўскага сходу Каця разам са сваім класным кіраўніком Верай Генадзьеўнай Шпакоўскай падрыхтавала выставу, дзе вачам гледачоў былі прадстаўлены арыгінальныя вазы і фруктоўніцы, выгіналі свае гібкія доўгія шыі лебедзі, распускалі пышныя хвасты птушкі-павы і яшчэ процьма ўсякіх дробязей, прыгожых і непаўторных, будзіла жаданне глядзець і любавацца. Вельмі захацелася паглядзець на гэтую дзяўчынку, распытаць, адкуль пайшло ў яе гэтае захапленне.Аўтарка аказалася вельмі сімпатычнай дзяўчынкай, чарнавокай і чарнавалосай, сціплай і сарамлівай. Але крыху асвоіўшыся, Каця расказала:
– Нарадзілася я ў вялікай і прыгожай вёсцы Кямелішкі, але бацькі пераехалі ў Варону, дзе мы жывём і зараз. Ставок у абрамленні пышных дрэў, невялікі і ўтульны белы храм, квітнеючыя сады і палісады ды Полацкі тракт, па якім калісьці ішоў вучыцца пешшу ў Вільню Францыск Скарына, – усё гэта моцна палюбілася мне і стала дарагім, як і мая сям’я: тата, мама, браты, любімыя бабуля і дзядуля. Дарэчы, арыгамі я навучылася ў другой сваёй бабулі, да якой штогод летам езджу. У іх з дзедам вялікая гаспадарка: свінні, куры, быкі, козы, каты (іх аж дзевяць) і сабака. Работы ў бабулі шмат, бо дзед працуе ў калгасе брыгадзірам і моцна заняты. Але бабуля знаходзіць час яшчэ вязаць, шыць адзенне. Я вельмі люблю яе, дапамагаю, як магу, дзялюся сваімі марамі, сакрэтамі. Дык вось, у мінулым жніўні яна купіла набор канструявання з паперы, паспрабавала – але не атрымалася. А ў мяне пайшло хутка і стала неўзабаве маім любімым заняткам. Тэхніка мне лёгка даецца, я ўжо нават магу глядзець тэлевізар і збіраць модулі. Часам тое, што збіраю, не падабаецца, і я пачынаю перарабляць. Гэтае захапленне вучыць мяне бачыць у звычайным прыгожае, дапамагае маім пальцам быць чуйнымі, акуратнымі, а мне самой – цярплівай, што ў сваю чаргу дапамагае мне ў вучобе. Я вучуся старанна, на 8 і 9 балаў. Вельмі падабаюцца хімія і матэматыка – цікава рашаць розныя задачы і развіваць лагічнае мысленне. Удзельнічаю ў раённых алімпіядах, нават займала 1 і 2 месцы. А яшчэ я люблю музыку, вучуся ў Варнянскай музычнай школе па класу фартэпіяна. Дома ў нас ёсць піяніна – я люблю штодня наігрываць музыку, якая да мяне прыходзіць. Тады супакойваюся, адразу становіцца лёгка на душы. Захапляюся рэпам. З гэтай музыкай чалавек можа быць самім сабой. Увогуле, я думаю, што сапраўдны чалавек павінен быць добрым, шчодрым, адукаваным, дружалюбным, любіць сваю зямлю і мову.
У будучым хачу стаць перакладчыкам і пабываць у Лондане, Англіі, Японіі – пабачыць свет. А сёння я люблю лета, бо можна доўга гуляць на вуліцы, купацца, збіраць ягады, ездзіць у падарожжы. Адным словам, быць звычайнай дзяўчынкай са сваімі захапленнямі.
---------------------------------------------------
Людміла Кухарэвіч, в. Варняны.
