У каждой женщины - своя "изюминка"...

3
У жаночага дня, у адрозненне ад вясны, спазненняў не бывае – ён прыходзіць строга па раскладзе. Прыходзіць – і краіна апранаецца ў кветкі, і кожная з жанчын становіцца крыху каралеўнай. А мужчыны, забыўшыся пра ўласную саліднасць і любоў да канапы, мітусяцца на кухні…
Усё гэта здарыцца заўтра… А сёння ў гасцёўні “Астравецкай праўды” –  мужчыны. Напярэдадні жаночага дня яны згадзіліся адказаць на некалькі “жаночых” пытанняў:

1. У чым, на ваш погляд, перадвызначэнне жанчыны? Якая з соцень роляў, што ёй  даводзіцца іграць на сцэне тэатра пад назвай “жыццё”, – галоўная?
2. Ідэал жанчыны… Якая яна, жанчына вашай мары?
3. Як вы думаеце, чаму Бог стварыў жанчыну з рабрыны Адама? Гліны ж навокал хапала – навошта былі гэтыя «хірургічныя маніпуляцыі?»
4. Якія кропкі судакранання ў мужчын і жанчын? На чым трымаецца іх сумеснае жыццё?
5. Калі б вы былі, да прыкладу, джынам з лямпы Аладзіна ці чароўным шчупаком Ямелі… Словам, калі б у вас была магчымасць нешта выправіць у жанчынах (дадаць? адняць?), што канкрэтна вы змянілі б у “цудоўнай” палове чалавецтва?
6. Пры ўмове, што рэінкарнацыя ўсё ж такі мае месца быць – ці хацелі б вы ў  наступным жыцці стаць жанчынай?


Іосіф Іосіфовіч Грамбоўскі, інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама, старшыня савета афіцэраў Астравецкага раёна:

1. Я будаўнік, таму і адказ мой будзе адпаведным. Кожная пабудова (у тым ліку і сям’я) трымаецца на чатырох вуглах, тры з якіх ляжаць на плячах жанчыны, і толькі адзін, чацвёрты, на плячах мужчыны.
2. У жанчыне цаню перш за ўсё яе розум, яе ўнутраны свет. Знешнасць значыць няшмат. Бывае, сустрэнеш прыгажуню – вачэй не адвесці, а паразмаўляеш з ёй крыху – і ў наступны раз хочацца перайсці на другі бок вуліцы. І наадварот – закранеш, здараецца, “шэрую мышку” – і акажацца столькі ў ёй унутранага святла, такая глыбіня, што разысціся немагчыма.
3. Ну як… Гэта ж агульнавядома: таму што рабрына – адзіная костка чалавечага арганізма, у якой няма коснага мозга. (Весела смяецца).
4. Як кажуць у народзе: чорт лапці стаптаў, пакуль пару сабраў. Напэўна, кожная сямейная пара запраграмавана першапачаткова. Як малекула ДНК. Уся складанасць у тым, каб знайсціся, каб супасці чыпамі. Ну і секс… Як ні круці, а ён у сямейным жыцці вызначае вельмі многае.
5. Нічога не мяняў бы. Як у той песні “Чтобы пан или пропал, а дальше, как получится…” Не было б у жанчыне дрэннага, не цаніліся б так дорага яе добрыя якасці.
6. Мяне мой сённяшні статус цалкам задавальняе.


Казімір Станіслававіч Варановіч, старшыня касцельнага камітэта Дайлідскага касцёла Апекі Найсвяцейшай Марыі Панны:

1. У першую чаргу, працяг чалавечага роду, мацярынства. А яшчэ апека… Яна літаральна закладзена ў гены жанчыны. І не важна, хто яна – маці, жонка, бабуля, сястра ці сястра законная – усё роўна сваю місію яна бачыць у праяўленні міласэрнасці і апекі. Без разумнай жанчыны побач мужчына няшмат варты.
2. Галоўнае – унутраная прыгажосць жанчыны. Вельмі добра, канешне, калі яна спалучаецца са знешняй… Жонка – гэта наогул “твар” мужчыны, для кожнага з нас вельмі важна, каб яна прыгожа апраналася, сачыла за сабой… У гэтым сэнсе мне моцна пашанцавала – мая жонка і прыгожая, і разумная, і таленавітая. За што я вельмі ўдзячны Пану Богу.
3. Гэтым Усявышні даў зразумець нам, што мы – адно цэлае. Першапачаткова, разумееце? Таінства шлюбу толькі ўзаконьвае гэтае адзінства, якое перадвызначана Панам Богам. Дарэчы, Ева адразу саромелася паказацца Адаму, баялася яму не спадабацца. І першымі словамі, якія сказаў Адам, убачыўшы яе, былі: “Якая ж ты прыгожая, Ева!” Нам, мужчынам, трэба памятаць гэтыя словы і паўтараць іх сваім жанчынам кожны дзень.
4. Гэтыя кропкі судакранання добра вядомыя, яны – аснова хрысціянскай маралі: вера, надзея і любоў. Выкінь хоць адну з іх – і ўвесь будынак людскога існавання захістаецца.
5. Не папраўляў бы нічога. Чалавек створаны Панам Богам, таму і прымаць яго трэба такім, які ёсць. Прымаць і даваць свабоду. А над выпраўленнем дрэнных якасцей лепш працаваць разам – цярпліва, ненавязліва, пяшчотна. А каб вось так узяць і проста паправіць… У чалавека можна адабраць, а даць яму нешта сілай немагчыма – ён тут жа выкіне…
6. Складанае пытанне… У любым выпадку з воляй Пана Бога я згодзен.


Валерый Сяргеевіч Блахін, спартыўны трэнер, пенсіянер:

1. Вакол жанчыны круціцца ўсё жыццё. Яна – маці, захавальніца ачага. А мужчына – так сабе, здабытчык і ахоўнік.
2. Мне падабаюцца разумныя жанчыны. Тыя, што ў стане зразумець мужчынскую душу. Жанчыны, якія ўмеюць паважаць – не здзіўляйцеся, гэта таксама талент. Ну і мая жанчына абавязкова павінна быць вернай, без “піруэтаў” убок.
3. Думаю, такім чынам Бог хацеў прывязаць жанчыну да мужчыны. Маўляў, памятай, хто – твой пачатак. А мужчына, разумеючы, што жанчына – яго працяг, па замысле Божым, павінен любіць і берагчы яе, як самога сябе.
4. На ўзаемапавазе і на даверы. Ведаеце, калі мы з Нінай Іванаўнай у далёкім 1966 годзе прыйшлі ў Такарынскі сельсавет распісвацца, аказалася, што яго старшыня страціў ключы ад уваходных дзвярэй. Мы пераглянуліся і… палезлі праз акно. Не раздумвалі, таму што давяралі адзін аднаму, таму што не баяліся нейкіх ускладненняў. Часам я пытаюся ў жонкі, ці змаглі б мы пражыць столькі гадоў разам, калі б у сямейнае жыццё ўвайшлі звычайным шляхам – праз шырока расчыненыя дзверы?..
5. Жанчыны, канешне, розныя. І мне вельмі падабаецца, што ўсе яны сочаць за сваім знешнім выглядам. Некалі на ўроках фізкультуры я казаў дзяўчынкам, што з часам пра ўсе батанікі і трыганаметрыі яны забудуцца, а вось фізкультура застанецца з імі назаўсёды. Яны не верылі. А гляньце, сёння ўсе займаюцца фітнесам… Хоць, калі б я мог, то зрабіў бы так, каб жанчыны заўсёды былі маладымі.
6. Барані Божа!!!


Валянцін Часлававіч Далговіч, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

1. Жанчына – першая пасля Бога…
2. Мой ідэал – разумная і прыгожая. На жаль, такое спалучэнне – даволі рэдкая з’ява.
3. Можа, і ў нябёсаў часам бывае права на памылку?
4. Узаемаразуменне. Уменне саступіць там, дзе вугал адносін становіцца небяспечна вострым. Талент прыняць чалавека такім, які ён ёсць.
5. Можна было б, канешне, зрабіць усіх жанчын прыгожымі. Але без магчымасці параўноўваць вочы мужчын хутка “замыліліся б”, і стала б проста не цікава. Ды і наўрад ці варта нават спрабаваць мяняць нешта ў жанчыне – яна ж супраціўляцца будзе да апошняй кропкі. Мы можам раздувацца ад пачуцця гонару за мужчынскую незалежнасць, але кожны з нас глыбока ў душы ведае: светам кіруюць жанчыны.
6. Не. Прыняць на сябе ажно такую адказнасць я не гатовы.


Дзяніс Леанідавіч Богдан, галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Астравецкага раёна:

1. Падтрыманне трыадзінага ланцужка: «дом – сям’я – дзеці» – у гэтым, лічу, перадвызначэнне жанчыны.
2. Канешне, заўважаем мы спачатку знешнасць і, як правіла, «купляемся» на прыгажосць. Але вельмі хутка ўнутраны свет жанчыны пачынае прэваліраваць. Калі яго няма, ніякай прыгажосцю справу не выправіць. А так, калі гаварыць наогул, то мне падабаюцца так званыя “сярэднія” жанчыны – каб і не худыя, і не тоўстыя.
3. Гэта была падказка жанчыне, празрысты, так бы мовіць, намёк: тваё месца – ля боку мужчыны. (Смяецца).
4. Думаю, усе трымаецца на ўзаемадаверы. Калі ён знікае, трэшчынка паміж яшчэ нядаўна з’яднанымі палавінкамі перарастае ў пропасць, якая паступова становіцца непераадольнай – не тое, што не дацягнуцца, а і не дакрычацца адзін да аднаго…
5. Нават не ведаю. Не мяняў бы, напэўна. А то сталі б аднолькавымі, усярэдненымі. Нецікава. А так у кожнай жанчыны – свая “ізюмінка”.
6. А чаму б і не?! Цікава было б паспрабаваць…

Мікалай Эльфрэдавіч Канчанін, дырэктар заказніка “Сарачанскія азёры”:


1. Па-мойму, жанчына дапамагае мужчыне вызначыцца ў жыцці, знайсці правільную дарогу. Жыццё без жанчыны – марная справа. Жанчына – наша галоўная і лепшая палавінка.
2. Мне падабаюцца стройныя жанчыны. Не стандартныя худышкі з разраду 90х60х90, а такія, каб усё было, так бы мовіць, на месцы… Прыемна, калі жанчына сочыць за сваёй фігурай. Яшчэ мне падабаюцца яркія жанчыны, без занудства, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – кшталту Ані Лорак.
3. Нават не ведаю. Можа, каб падкрэсліць, хто з іх першапачаткова галоўны…
4. У кожнай пары гэтыя кропкі індывідуальныя, у адной сям’і муж – галава, у другой – жонка, трэцяя існуе на, так бы мовіць, парытэтных умовах… А асноўнае, што іх аб’ядноўвае – гэта жаданне мець уласны працяг. Інакш кажучы, дзеці.
5. У жанчын і так усяго ў дастатку. Нават цярпення хапае на дваіх – на сябе і на мужа. Не, я, калі б нават узнікла такая магчымасць, нічога ў жанчынах не мяняў бы.
6. Не. Гэта ж прыйшлося б прайсці праз цяжарнасць… Не, дакладна не хацеў бы.


-------------------------------------------------------------
Гаспадарыла ў гасцёўні “АП” Ганна ЧАКУР.