Тры вершы Максіма Багдановіча
9 снежня 2011 года выдатнаму класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу спаўняецца 120 гадоў
Адпраўная кропка
…Пра гэты выпадак мне расказала загадчыца Спондаўскай бібліятэкі Іаланта Валуевіч. Ён адбыўся ў сярэдзіне васьмідзясятых, у часы, калі большасць з нас старанна “чёкала”, строга кантралюючы ўласнае вымаўленне, каб у ім, барані бог, не праскочылі ноткі “калгаснай” беларускай мовы.
Іаланта і яе сяброўка, на той час – журналістка “Астравецкай праўды” Лілія Місуна) гасцявалі тады ў Вільні. Бегалі па музеях, тэатрах, наведвалі выстаўкі… І неяк вечарам разам з літоўскімі сябрамі вярталіся з чарговай імпрэзы тралейбусам. Свабодных месцаў не знайшлося, і іх кампанія, ухапіўшыся за парэнчы, прымасцілася ў “хвасце”. Гаворка зайшла пра мовы – сталі спрачацца, якая з іх самая прыгожая. Італьянская? Французская? “А беларуская мова, напэўна, непрыгожая? – запытаў раптам адзін з літоўцаў. – Ніколі не чуў яе гучання. Але калі беларусы адмаўляюцца на ёй размаўляць, відаць, яна мае нейкія дэфекты…”
– Дэфекты?.. – пастаралася схаваць сваё абурэнне Лілія. – Гм... Дэфекты… А вось вы паслухайце…
І ў вячэрнім тралейбусе загучаў яе прыгожа пастаўлены голас:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
– Усе размовы ў тралейбусе раптоўна змоўклі, пасажыры, як па камандзе, павярнулі галовы ў наш бок, – успамінае той выпадак Іаланта Францаўна. – За акном праплывалі агні начнога Вільнюса, і ў цішы анямеўшага салона бессмяротныя радкі Багдановіча гучалі неяк касмічна. Так, што – мароз па скуры… Літоўцы прыйшлі ў захапленне: якая прыгожая мова! Гэты трыялет у віленскім тралейбусе і для мяне стаў адпраўнай кропкай – дапамог асэнсаваць каштоўнасць і прыгажосць роднай мовы. З таго часу я не толькі перастала яе саромецца – пачала ганарыцца ёю!
Пацеркі сэнсу
Тры гады назад чацвёра няўрымслівых (у іх лік трапіла і я) вырашылі да юбілею Астраўца прымеркаваць воднае падарожжа на байдарках. Яно атрымалася складаным – трэба было змагацца з бясконцымі ляснымі заваламі, пераадольваць водмелі, упісвацца ў выкрутасныя павароты капрызнай Страчы…
Неяк пасля чарговага дня змагання з ракой мы, набіўшы страўнікі пярловай кашай з тушонкай, разлягліся ля вогнішча. Касцёр ужо дагараў, і сосны, што з усіх бакоў абступалі нашу невялічкую палянку, набылі таямнічыя абрысы, сцямнелі. Затое на лапіку неба паміж кронамі дрэў разгарэліся буйныя, нібы фасоліны, зоркі. Яркія – як ніколі дагэтуль. Хаця іх святло не было пастаянным – зоркі прыкметна мігцелі. Нейкі час мы моўчкі любаваліся нязвыклым зіхаценнем нябесных ліхтарыкаў. Як раптам Наташа задэкламавала:
Упалі з грудзей Пана Бога,
Парваўшыся, пацеркі зор.
Яны раскаціліся ў небе,
Усыпалі сіні прастор
І гэтак маркотна і пільна
На край наш нядольны глядзяць...
Што ж чуюць яны там, што бачаць?
Чаго ўсё дрыжаць і дрыжаць?..
Як токам прашыла… Колькі чалавек існуе, столькі глядзіць у неба. І стараецца, пнецца падабраць словы, знайсці патрэбную метафару, каб перадаць убачанае. Столькі прыгажосцяў наварочана – больш мудрагеліста і не прыдумаць. А ў Максіма Багдановіча ўсё да геніяльнасці проста: упалі з грудзей Пана Бога, парваўшыся, пацеркі зор… Сапраўды, вунь тая вялікая (Марс? Сатурн? Юпіцер?) была, відаць, нанізана ў самым цэнтры Божых пацерак, потым – вось гэта і гэта... Самыя дробныя, напэўна, Усявышні выкарыстоўваў – як мы бісерынкі – для падкрэслівання непаўторнасці буйных…
Кожны раз, калі неба расцвечваецца мірыядамі зорак, міжволі зноў і зноў спрабую нанізаць на нябачную нітку Сусвету ягоныя зоркі, каб чароўныя пацеркі сэнсу зноў заззялі на грудзях Пана Бога…
Ушанаванне песняй
Сястра прыслала спасылку на YouTube, прыпісаўшы: “Паглядзі – цікава”. Заходжу па ссылцы, а там…
Маладыя людзі больш як з дваццаці краін свету – кожны па радку – спяваюць Багдановічаўскую “Пагоню”:
Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, -
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца конi, -
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi - гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiце ў сэрцы iх – бiце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць...
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усцiшыцца гэтакi боль...
Ты прабач, ты прыймi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!
Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Лiтоўскай пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
Аказалася, падобная імпрэза адбылася падчас маладзёжнай сустрэчы «OIYP Калейдаскоп” у Індыі – на адзін з дзён яе правядзення прыпадаў дзень нараджэння Максіма Багдановіча. І моладзь з ЗША, Паўднёвай Афрыкі, Лаоса, Індыі, Туркменістана, Лівана, Саламонавых Астравоў, Камбоджы, Тога, Палестыны, Егіпта, Інданэзіі, Аўстраліі, Зімбабвэ, Філіпінаў і іншых краін такім чынам ушанавала памяць беларускага паэта. Вядома, беларуская мова скарылася далёка не ўсім з іх – некаторых можна было зразумець толькі ведаючы сам верш, але справа не ў гэтым. Нашмат важней, што нашага паэта ведаюць ва ўсім свеце. Ведаюць і шануюць. Хаця ён пражыў усяго толькі караценечкія 27 гадоў. Хаця яго няма на свеце вось ужо 94 гады. І пахаваны ён удалечыні ад любай старонкі, аб якой так балела ягонае сэрца, – магіла Максіма Багдановіча знаходзіцца ў Ялце. Непадалёк ад магілы Антона Чэхава…
На адну з гадавін нараджэння нашага паэта моладзь свету праспявала ў яго гонар ягоны твор. Гэта сапраўды цудоўнае ўшанаванне. Гэта толькі пацвярджае думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову В. Рыч з Вялікабрытаніі, што Максім Багдановіч «уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных». Нездарма ж ягоныя вершы перакладзены на два дзесяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах.
Тое, што іншаземцы спяваюць песні Багдановіча, вельмі добра – але было б яшчэ лепш, калі б мы, беларусы, дзень яго 120-годдзя таксама адзначылі б песняй. Праспявалі б, хто як можа, каму які талент даў Бог, “Пагоню” або “Зорку Венеру”, “Лявоніху” ці “Слуцкія паясы”, “Ізноў пабачыў я сялібы…” або “Русалку”…
А калі каму не будзе спявацца, няхай прачытае верш, які сугучны ягонаму настрою, які знаходзіць жывы водгук у душы. Да прыкладу, вось гэты:
ТРЫЯЛЕТ
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы.
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ганна ЧАКУР.