Тимофей Николаевич Дрозд. Он из тех, кто брал Берлин
Цімафей Мікалаевіч Дрозд нарадзіўся 4 красавіка 1923 года ў вёсцы Казулічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У бацькоў нарадзілася дванаццаць дзяцей, але сямёра з іх памерлі ў дзіцячым узросце. Бацька, Мікалай Цярэньц’евіч Дрозд, быў незаконна рэпрэсіраваны 12 снежня 1937 года і расстраляны ў верасні 1938 года.Цімафей Мікалаевіч пачынаў вайну партызанам – ваяваў у адным з вядомых партызанскіх атрадаў, якія кантралявалі клічаўскія лясы. Удзельнічаў у падрыве чатырох эшалонаў, разам з іншымі народнымі мсціўцамі граміў нямецкія гарнізоны, у тым ліку ў родных Казулічах і Бацэвічах Клічаўскага, Пацавой Слабадзе Кіраўскага раёнаў.
А калі Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, Цімафей Дрозд пайшоў у армію. Яго накіравалі ў школу малодшых камандзіраў, пасля заканчэння якой маладому байцу было прысвоена званне малодшы сяржант. Ён стаў камандзірам аддзялення сувязі 260-га асобнага будаўніча-эксплуатацыйнага батальёна 427 стралковай дывізіі.
Цяжкія дарогі вайны… Калі ты – тэлефаніст і вымушаны пад кулямі ды снарадамі забяспечваць сувязь, дарогі вайны для цябе – цяжэйшыя ўдвая, таму што вымяраюцца кіламетрамі правадоў, якія ты з катушкай у руках цягнеш скрозь шквал агню. Ты пераадольваеш іх дзе кароткімі перабежкамі, дзе паўзком. Насуперак прыцэльным стрэлам снайпераў, у паўзе паміж выбухамі цяжкай артылерыі…
Асабліва складана, па ўспамінах Цімафея Мікалаевіча, іх батальёну давялося ў баях за Зяелаўскія “высоткі”, што знаходзяцца ў 90 кіламетрах ад Берліна. Штурм “высотак” адбыўся 16 красавіка 1945 года. «Промні пражэктараў упіраюцца ў дым, нічога не відаць, наперадзе – люта агрызаюцца агнём Зяелаўскія вышыні, а ззаду паганяюць генералы, што змагаюцца паміж сабой за права першымі апынуцца ў Берліне. Калі вялікай крывёю абарону ўсё ж прарвалі, пачалася крывавая “лазня” на вуліцах горада, у якой танкі гарэлі адзін за адным ад трапных стрэлаў «фаустнікаў», – так напісаў пра ўзяцце гэтых “высотак” расійскі гісторык Аляксей Ісаеў.
Потым быў май. І штурм Берліна – “…последний бой, он трудный самый…”
Штурм Берліна 21 красавіка – 2 мая 1945 года адносіцца да ўнікальных падзеяў сусветнай гісторыі войнаў. Гэта была бітва за вельмі буйны горад з вялікай колькасцю трывалых каменных будынкаў. “Нават барацьба за Сталінград саступае баям за Берлін па асноўных колькасных і якасных паказчыках: па колькасці ўцягнутых у баі войск і баявой тэхнікі, а таксама па памерах самога горада і характару яго забудовы”, – так лічаць сучасныя гісторыкі. І іх думку пацвярджаюць удзельнікі тых лёсавызначальных падзей.
– Канешне, паміраць было аднолькава страшна і на польскай зямлі, і на нямецкай, – праз шмат гадоў успамінаў Цімафей Мікалаевіч. – Але там, у Берліне… У некалькіх кіламетрах ад Перамогі цана ўласнага жыцця для кожнага з нас узляцела ў разы. Так хацелася дажыць да капітуляцыі фашыстаў! Дайсці да рэйхстагу, у якім вайна нарадзілася… Жыць хацелася неверагодна! Але самашкадавання не было – кожны рабіў для Перамогі ўсё што мог і нават нашмат больш.
Дваццацідвухгадовы беларускі хлопец Цімафей Дрозд дайшоў рэйхстагу. І, як умеў, паставіў сваю, драздоўскую, кропку ў Другой сусветнай вайне – распісаўся на сцяне калыскі фашызму…
Дадому ён вярнуўся толькі ў 1947 годзе – у складзе так званай цягавай роты аднаўляў гарады. У якасці “сувеніра” прывёз з вайны асколак нямецкага снарада, які застаўся ў яго назе назаўсёды. А яшчэ прыступы галаўнога болю – наступства другога ранення.
Не абышлося без баявых узнагарод. У сяржанцкім рэчмяшку, акуратна закручаны ў старонку франтавой газеты ляжаў нават Падзячны ліст, падпісаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым…
Але вайна дастала Цімафея Мікалаевіча і ў 1947-ым – дома яго чакала жудасная навіна: летам 1943 года нямецкія карнікі сагналі жыхароў вёскі Казулічы ў свіран і падпалілі яго. Разам з аднавяскоўцамі згарэла ў гэтым ахвярным агні яго сястра і яе сям’я.
Потым быў мір. І жаданне знайсці сваю сцежку ў жыцці без выбухаў. Цімафей ажаніўся. Усё жыццё працаваў. Разам з жонкай Вольгай Віктараўнай выгадаваў сына і дзвюх дачок.
Сёння яму пайшоў ужо 91-ы год. Разам з жонкай Цімафей Мікалаевіч пераехаў у Астравец – у кватэру да дочкі, дзе яму забяспечаны адпаведны догляд. Не забывае пра былога салдата ветэранская арганізацыя раёна і спецыялісты сацыяльнай дапамогі.
Карыстаючыся выпадкам, дзеці і ўнукі Цімафея Мікалаевіча Дразда вырашылі выказаць словы падзякі старшыні Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавальку, работнікам і ваенкаму Астравецкага райваенкамата Р.А. Курлову, ветэранам і старшыні райсавета ветэранаў Р.А. Герту і яго намеснікам М.І. Дземяшкевіч і Р.П. Куц, аб’яднанню “Белая Русь”, раённаму ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, участковым урачам Г.А. Жукоўскай і С.Б. Радзько і ўсім добрым людзям за іх адносіны да ветэранаў вайны, за даніну павагі і прызнанне заслуг, за памяць.
-------------------------------------------
Таццяна МАРОЗ, г. Астравец.
