Тереса Васильчик: "Никакие современные технологии не заменят бумажной открытки"

Пра такіх людзей кажуць – на сваім месцы. Толькі за некалькі хвілін стасункаў з гэтай жанчынай становіцца па-дамашняму цёпла і ўтульна. І гледзячы ў яе добрыя вочы, хочацца ўсміхацца. Менавіта такое адчуванне засталося ад знаёмства з начальнікам аддзялення паштовай сувязі “Гудагай” Тэрэсай Іванаўнай Васільчык, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Дасціпныя псіхолагі раяць для высокай працаздольнасці і душэўнай раўнавагі кожныя пяць-сем гадоў мяняць працу. А вось Тэрэса Іванаўна, насуперак гэтаму сцвярджэнню, адпрацавала на пошце трыццаць чатыры гады. Цэлае жыццё! Ні аб чым яна не шкадуе і працягвае працаваць з такім жа стараннем і ахвотай. Праз яе рукі праходзяць тысячы пісем, паштовак, тэлеграм. Кожны дзень на пошту заходзяць дзясяткі людзей. І амаль з кожным сваім кліентам Тэрэса Іванаўна знаёмая, ведае да кожнага падыход: у каго спытае пра здароўе, у каго – пра працу, а каму – проста ўсміхнецца.
– А як жа інакш?! Бо галоўнае ў нашай працы – гэта стасункі з людзьмі, – кажа Тэрэса Іванаўна. – Рознае здараецца ў жыцці. Бывае, і сам прачнешся, што называецца, не з той нагі. А ўсміхнецца шчыра прахожы, спытае як справы знаёмы – і дрэнны настрой як рукой здымае. Вось па такому прынцыпу я і стараюся працаваць: трэба адносіцца да людзей так, як бы ты хацеў, каб адносіліся да цябе. А мае кліенты – гэта ж за столькі гадоў, лічы, ужо родныя людзі. Можна сказаць, што пры мне ўжо тры пакаленні вырасла. З таго часу, як уладкавалася сюды працаваць, ужо дзеці дзяцей першых кліентаў да мяне прыходзяць (усміхаецца). На пошце я – на сваім месцы.
Цікава, што ніколі Тэрэса Іванаўна і не думала, што будзе працаваць у аддзяленні паштовай сувязі. А жыццё ўзяло і сыграла з ёй жарт, праўда, павадзіўшы перад гэтым па розных шляхах-дарогах. Выпускніца Варнянскай школы марыла аб тым, што яе прафесія будзе звязана з медыцынай, але ў той час моладзь імкнулася хутчэй пайсці на свой хлеб. Вось і Тэрэса, малодшая сярод траіх дзяцей, паехала пачынаць дарослае жыццё ў Вільнюс. Там яна скончыла бухгалтарскія курсы і ўладкавалася на работу ў трэсце сталовых і рэстаранаў. Працаваць ёй там падабалася: новыя знаёмствы, зладжаная работа, добры калектыў, прыгожы горад. Аднак у пэўны момант узніклі цяжкасці з моўным бар’ерам, і дзяўчына вярнулася дадому.
– Вярнулася я ў родныя Нідзяны... Трэба было недзе работу шукаць. Паехала ў Астравец, зайшла па нейкай патрэбе на пошту, а там аб’ява вісіць – патрабуюцца аператары. Ну, думаю, чаму б не пацікавіцца. Зайшла на прыём да начальніка – тады раённы вузел паштовай сувязі ўзначальваў Уладзімір Іванавіч Кацінель. І так ён шчыра са мной загаварыў, па-простаму, па-беларуску – і літаральна праз некалькі хвілін я зразумела, што маё месца менавіта тут.
І пачалося… Малады работнік падмяняла спецыялістаў пошты падчас водпускаў па ўсім раёне, вучылася ў Мінскім дзяржаўным тады яшчэ тэхнікуме сувязі, працавала інструктарам па эксплуатацыйных пытаннях. Аднойчы яе папрасілі замяніць начальніка пошты ў Гудагаі. Тагачасны начальнік захварэў, яго намеснік звольніўся – словам, працаваць не было каму. А час быў якраз перад Новым годам, людзі чакаюць пісем, паштовак, пасылак з падарункамі. Ну як тут адмовішся? Жанчына згадзілася і прыйшла ў аддзяленне сувязі “Гудагай” на нейкі час, а працуе і па сённяшні дзень.
– Значыць, сам лёс мяне сюды прывёў. Пасля прапаноўвалі месца ў Астраўцы, але я адмовілася, хоць і жыву ў райцэнтры. У Гудагаі маё месца, і нідзе больш. Тут мае работнікі, з якімі добра спрацаваліся, тут людзі ўсе знаёмыя, прыветлівыя, шчырыя, спагадлівыя. Ды і я стараюся нікога не пакрыўдзіць. Трыццаць чатыры гады – і ніводнай скаргі!
Зразумела, як і ў кожнага чалавека, былі ў Тэрэсы Іванаўны і моманты адчаю, калі хацелася змяніць месца працы. Гэта цяпер уся работа камп’ютарызаваная, а ў той час дакументацыя, справаздачы, разлікі рабіліся ўручную. На работу жанчына ішла рана, вярталася позна. Тое, што не паспявала зрабіць на працы, брала з сабой. А дома падрасталі два сыны, якім хацелася пабыць з мамай.
– Аднойчы злавіла сябе на думцы, што мае малыя не бачаць маму, не адчуваюць маю цеплыню і клопат. Прынесла з сабой работу дадому, дык сын падыходзіць і пытае: “Мы з братам робім хатняе заданне, і ты мама таксама?” Усё, думаю, трэба нешта мяняць. А пасля пастаралася прадставіць сябе на іншым месцы – і не змагла. Як не змагла ўявіць, што я буду жыць без маёй пошты. Я ў водпуск пайду, тыдні два адпачну – і ўсё, на работу цягне. Можа, гэта нейкае вар’яцтва, несучаснасць, але падабаецца мне мая работа.
Хобі Тэрэсы Іванаўны – быць добрай, любячай жонкай і маці, клапатлівай гаспадыняй, каб дома панавалі парадак, спакой і ўтульнасць. Нават са стрэсам жанчына спраўляецца своеасаблівым спосабам: знаходзіць занятак на агародзе. Пакапаецца там хвілін дзесяць – і зямля адцягвае ўвесь негатыў.
– Па натуры я чалавек спакойны, і мяне цяжкавата вывесці з сябе (усміхаецца). І па жыцці – больш памяркоўная, як-ніяк рак па гараскопу. А ў людзях перш за ўсё цаню дабрыню і чэснасць.
Трыццаць чатыры гады ў сяброўстве і згодзе жывуць Тэрэса Іванаўна і паштовае аддзяленне “Гудагай”. Працуюць на карысць людзей добрасумленна, старанна і адказна. За гэта партрэт жанчыны сёлета быў змешчаны на раённую Дошку гонару. Хоць наконт гэтага ў Тэрэсы Іванаўны сваё меркаванне.
– Гэта безумоўная заслуга цэлага калектыву. Маіх калег і памочнікаў: аператара Алены Міхайлаўны Баратынскай, паштальёнаў Людмілы Рыгораўны Гілевіч, Марыі Антонаўны Сальмановіч і Аксаны Эдуардаўны Кандратовіч. Куды ж я без іх? А пошта, яна ж усім патрэбная! У нас вайсковая часць побач, дык салдаты маладзенькія пасылкі з дому прыходзяць атрымліваць. І столькі ў іх шчырай дзіцячай радасці ад гэтага, што радуешся разам з імі. А паслугі камунальныя аплаціць, пенсію атрымаць, смачненькае што-небудзь купіць? Тут у нас і пошта, і магазін, і інтэрнэт-кафэ. Выбірай на любы густ. Хоць наконт сучасных тэхналогій… Канешне, гэта цудоўна, што прагрэс не стаіць на месцы. Добра, што можна звязацца і нават убачыцца праз манітор камп’ютара, знаходзячыся ў розных кутках краіны і нават на кантынентах. Усё гэта, вядома, служыць на карысць чалавеку. Але, па-мойму, ніякая тэхніка, інтэрнэт і віртуальнасць не заменяць звычайных чалавечых стасункаў. Крыўдна, што страцілі зараз папулярнасць пісьмы і паштоўкі. І што парадаксальна: перад святамі – Калядамі ці Вялікаднем з-за мяжы да нас прыходзяць цэлыя стосы самых розных віншаванак, а вось ад нас – літаральна некалькі штук. Па-мойму, ніякае самае прыгожае электроннае пасланне не заменіць папяровай паштоўкі, падпісанай ад рукі. У ёй жа столькі ўкладзена – цеплыня, пяшчота, увага.
Гледзячы на Тэрэсу Іванаўну, упэўніваешся, што жанчына сапраўды на сваім месцы. І аддзяленне паштовай сувязі “Гудагай” разам з яе карыстальнікамі ў надзейных руках.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.