Татьяна Шейно раскрыла секреты своего творчества
У фае Варнянскай сельскай бібліятэкі, як і на дварэ, панаваў калейдаскоп спляценняў святлаценяў, фарбаў, вобразаў і тэхнік выяўленчага мастацтва. На працягу двух тыдняў наведвальнікаў бібліятэкі зачароўвала выстава работ выкладчыцы выяўленчага мастацтва Варнянскай школы мастацтваў Таццяны Шэйно. На гэтай выставе былі сабраны яе работы розных гадоў. Сярод іх нацюрморты, пейзажы, партрэты… Многія з работ зараз знаходзяцца ў сяброў мастачкі ў Беларусі і за яе межамі: у Аўстраліі, Германіі, Расіі. Таццяна Шэйно згадзілася пагутарыць пра свой шлях да стварэння карцін і падзяліцца думкамі наконт творчасці ўвогуле.
– Таццяна, ваша выстава называецца “Напоўнім душу прыгажосцю”. Вы самі прыдумалі назву?
– Назву дала бібліятэкар Алена Іванаўна Багдановіч. Я б, напэўна, упляла б у назву выставы словы “дарога” або “шлях”, таму што тут сабраны працы розных гадоў, якія паказваюць маё прафесійнае станаўленне.
– Значыць, вы яшчэ шукаеце сябе?
– Я магу працаваць у розных жанрах. І кожны раз чэрпаю для сябе нешта новае. Найбольш люблю змешаную тэхніку – акварэль з гуашшу і графіку. Часцей за ўсе працую ў накірунку гіперрэалізму, калі малюнак атрымоўваецца “жывым”, у 3Д фармаце. А прасцей за ўсё мне працаваць простым алоўкам. У кожную сваю працу я спрабую ўлажыць душу. Калі я малюю партрэт на заказ, то спачатку імкнуся адчуць чалавека, знайсці “ізюмінку” – тое, што яго вылучае з натоўпу і адлюстроўвае характар.
– Ці стваралі вы хоць раз аўтапартрэт?
– Толькі ў дзяцінстве. (Смяецца) Я заўважыла адну асаблівасць: калі малюю чыйсьці партрэт, усё роўна ў рабоце прасочваюцца мае рысы. Год таму малявала знаёмую дзяўчыну, дык мама падумала, што гэта я.
– Дарэчы, Таццяна, раскажыце крыху пра сябе. Дзе вы нарадзіліся, і чым займаюцца вашы бацькі? Магчыма, талент вам перадаўся ў спадчыну?
– Мая маленькая радзіма – вёска Пяскі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Я – другая дзяўчынка ў сям’і. Мае бацькі не звязаны з выяўленчым мастацтвам. Праўда, у мамы добрыя каліграфічныя здольнасці. Калі я прыязджала дамоў падчас вучобы ў каледжы, то яна заўсёды дапамагала мне падбіраць шрыфты.
– З якога ўзросту вы пачалі маляваць?
– Мама казала, што з дзяцінства. Першым “палатном”, дзе вылівалася мая непасрэднасць і творчасць, стала звычайная вясковая дарога. Я брала ў рукі палку і – малявала. Каб не крыўдзіць мяне і не псаваць мае працы, аднавяскоўцы старанна аб’яджалі дарожныя “шэдэўры”.
Адначасова з любоўю да малявання ўнутры мяне жыла яшчэ адна страсць – коні. Трэба было выбіраць: прафесійны конны спорт альбо маляванне. Я выбрала другое. Аднак і цяпер добра адчуваю сябе ў сядле. Кожны дзень на аўтобусе я ездзіла за 10 кіламетраў у Мастоўскую мастацкую школу. Сваё дзяцінства я правяла на ўлонні прыроды. Наш дом стаяў адасоблена ад іншых. З татам я хадзіла на рыбалку і ў лес. Заўсёды разглядвала кару дрэваў ці мох, а пасля на паперы рабіла замалёўкі. Назіраць, а галоўнае – прыкмячаць – гэта тое, чым павінен валодаць кожны творца... Аднак ў жыцці здарылася так, што па стану здароўя на цэлыя тры гады мне давялося пакінуць бацькоў і бяспечную вясковую ідылію і пераехаць у лячэбны санаторый.
– Гэты перыяд “адарванасці” ад звыклага жыцця нейкім чынам адбіўся на вашай творчасці і на асобе?
– На “санаторныя” гады якраз прыпаў мой падлеткавы ўзрост. Часта можна пачуць аб праблемах, якія ўзнікаюць у гэты перыяд паміж бацькамі і дзецьмі. Дзякуй Богу, бо ён засцярог маіх бацькоў ад гэтага. Я не магу сказаць, што мне было лёгка, але санаторый стаў той школай жыцця, якая загартавала мяне. З дзяўчынкі, якая не выязджала далей за раённы цэнтр і ўспрымала свет праз ружовыя акуляры, я ператварылася ў асобу. Звычка жыць па раскладу ёсць у мяне і зараз і праяўляецца нават у творчасці. Людзі ўяўляюць мастака як не вельмі акуратна апранутага чалавека з натхнёным поглядам і абавязкова перапэцканымі ў фарбу рукамі і адзеннем. Я ж не магу працаваць, калі я сама і вакол мяне беспарадак – лічу, што тады і ў творчасці будзе хаос і разлад. І ў Гродзенскім каледжы мастацтва, у які я паступіла пасля санаторыя, гэтая сабранасць толькі дапамагала мне. Можа, пагэтаму на завершаных работах я заўсёды скрупулёзна ставіла свой попіс. Адзін выкладчык заўсёды смяяўся з мяне і казаў, што толькі сапраўдныя мастакі, а не дылетанты, маюць права рабіць гэта. Сведкам гэтай размовы стаў другі выкладчык. Ён супакоіў мяне, сказаў, што кожны чалавек, нягледзячы на ўзровень прафесіяналізму і майстэрства, мае права падпісваць свае работы.
– А вы які выкладчык: кансерватар ці наватар?
– Сваю педагагічную дзейнасць я пачала пасля размеркавання ў Варнянскай школе мастацтваў. Спачатку было складана, і я пачала з таго, што вучыла дзяцей таму, чаму ў свой час вучылі мяне, разумеючы, што ісці строга па праграме, напэўна, не атрымаецца – не хапае патрэбных матэрыялаў… І ўвогуле, я лічу, што дзецям патрэбна даваць крыху вольнага паветра. Патрэбна дапаўняць, развіваць ідэю вучня, а не навязваць яму сваю. Зараз у мяне 17 вучняў, і кожны з іх імкнецца нешта расказаць, нечым падзяліцца. Усе яны розныя. І я стараюся рабіць так, каб кожны з іх мог выразіць сваё меркаванне. У нейкім сэнсе я таксама “вучаніца”: пасля заканчэння каледжа паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пятра Машэрава, таму добра разумею сваіх “падначаленых”.
– Ці здараюцца ў вашым творчым жыцці крызісы і застоі?
– Усе залежыць ад абставін. Звычайна хочацца ў мінімальна кароткія тэрміны выказаць усё, што кіпіць унутры. Вядома, што гэта не заўсёды атрымліваецца. Здараліся выпадкі, калі я рвала свае работы ці не падыходзіла да іх доўгі час. Неяк па просьбе ксяндза афармляла дзве харугвы. А затым свяшчэннаслужыцель ізноў звярнуўся да мяне з просьбай аформіць алтар. Я веруючы чалавек, аднак вобраз Божай Маці мне ніяк не даваўся. Я разумела, што людзі, якія ствараюць сакральнае і свяшчэннае, павінны быць і самі духоўна чыстымі. Сабе я задавала толькі адно пытанне: “Ці дадзена мне маляваць такія вобразы?” Я пайшла ў храм з просьбай да Маці Божай, каб дапамагла мне намаляваць яе аблічча. І адчула гэтую дапамогу. Рэлігійныя работы належаць не творцу, а людзям. У кожнай работы, як і ў чалавека, свая энергетыка. І яна павінна быць добрай.
– Што вы адчуваеце, калі работа завершана?
– Усё залежыць ад самой работы і ад мэты, якую я ставіла перад сабой. Бываюць сітуацыі ці людзі, якія не даюць спакою – і я пачынаю маляваць. Калі работа завершана, то адчуваю палёгку. У сваіх творах я адлюстроўваю тыя рэчы, якія выклікаюць настальгію. Да прыкладу, калі на палатне пачынае свае адмысловае жыццё гліняны збаночак або вянок сплеценага часнаку ў бабулінай хаце – то я адчуваю ціхую радасць.
– Для вас існуе істотная розніца паміж словазлучэннямі “пісаць карціну” і “маляваць карціну?” Я заўважыла, што вы аддаяце перавагу другому.
– Для мяне няма асаблівай розніцы паміж гэтымі словазлучэннямі. Галоўнае – што нараджаецца на палатне. Многія мастакі імкнуцца, каб карціна ў першую чаргу была прыгожай і эстэтычнай, другія займаюцца так званым “штампаваннем”… Мне здаецца, што карціна павінна чапляць і несці сэнсавую нагрузку. Трэба так маляваць, каб чалавек, які будзе на яе глядзець, нечым абагаціўся. А майстэрства і тэхніка з’явяцца з гадамі.
– На што вы ў першую чаргу звяртаеце ўвагу ў чалавеку?
– На вочы, погляд. Калі не атрымліваецца ўлавіць сутнасць праз вочы, гляджу на адзенне і атрыбутыку: пацеркі, пярсцёнкі. Па маіх назіраннях, творчыя людзі вельмі часта завешваюцца доўгімі шалікамі і адзеннем – напэўна, хаваюцца ад рэчаіснасці. Я люблю людзей. Мне вельмі падабаецца назіраць за імі ў кафэ, у грамадскім транспарце ці проста на вуліцы. Дэталі, твары, вобразы, якія я ўпітваю, затым атрымліваюць другое жыццё ў карцінах.
– Таццяна, дзякуй за гутарку! Натхнення вам і новых работ.
Таццяне Шэйно ўдаецца сумяшчаць творчасць з педагагічнай дзейнасцю. Да кожнага свайго вучня малады педагог знаходзіць індывідуальны падыход і знаходзіць час для сваёй творчасці. Доўгімі асеннімі вечарамі, калі дзень неяк непрыкметна ператвараецца ў ноч, Таццяна дастае аловак – і ажыўляе белы цнатлівы ліст паперы…
Магчыма, праз некалькі год яна будзе пісаць, а не маляваць карціны.
Алена ГАНУЛІЧ
