Святло душы Альфрэды Кляцоўскай

1

Альфрэда Станіславаўна Кляцоўская з ліку тых рэдкіх людзей, якія маюць здольнасць выпраменьваць незвычайнае душэўнае цяпло.
Гэта вельмі добразычлівы чалавек, заўсёды з усмешкай, а з вачэй льецца святло яе душы...
Яна ўмее выслухаць, навучыць, падказаць.
Ды і самой ёй ёсць пра што распавесці…



КАРАНІ

— Яшчэ да Першай сусветнай вайны мая бабуля, Антаніна Адамаўна Адамовіч, разам са сваімі бацькамі выехала з Мядзельшчыны ў Петраград. Лёс закінуў сям’ю ажно ў Царскае Сяло. Пазней бабуля расказвала нам, унукам, як цар з царыцай рабілі для дзяцей навагоднюю ёлку з падарункамі.
Бабуля рана выйшла замуж за чыгуначнага абходчыка. Але сямейнае шчасце было нядоўгім: муж захварэў і праз кароткі час памёр ад запалення лёгкіх. Засталася яна ўдавою з двума дзеткамі на руках.
Бацькі вярнуліся ў Беларусь. Услед за імі падалася на радзіму і бабуля.
У той час многія імнуліся знайсці лепшую долю ў Амерыцы. Вось і Антаніна, памыкаўшыся крыху, надумала падацца за акіян. Пакінула сына Стасіка – майго будучага бацьку — і дачку Таню на бацькоў, а сама адправілася спачатку ў Англію, а ўжо адтуль на караблі — у Амерыку.
Па дарозе на судне адбыўся пажар і яно пайшло на дно. Выратавацца пашчасціла нямногім. Але, на шчасце, сярод тых нямногіх аказалася і мая бабуля.
Горадам, які прытуліў яе на другім беразе Атлантыкі, стаў Бостан. Тут Тоня ўладкавалася рабочай на суконную фабрыку. Шмат ёй давялося вынесці выпрабаванняў, каб утрымацца і абжыцца на новым месцы. Але і ёй нарэшце ўсміхнулася шчасце. У Амерыцы сустрэла Антаніна свайго земляка — Юльяна Куркуля, з-пад Свіры.
Цікавыя сюрпрызы іншы раз выкідвае жыццё – трэба было пераплыць акіян, ледзь не патануць разам з караблём, каб за тысячы вёрст ад роднага дома знайсці каханне і выйсці замуж за земляка!
Доўга думала, як напісаць бацькам, як растлумачыць дзецям, што ў іх будзе новы бацька. Ці прымуць яны яго? Ці палюбяць? Адказ з радзімы ўзрадаваў: “Мамачка, прыязджай хоць з кім! Мы па табе вельмі сумуем!”



ДЗЯЦІНСТВА

— Вярнуліся Антаніна з Юльянам ў 1920 годзе. На заробленыя грошы купілі зямлю. Пабудавалі дом на радзіме мужа, у вёсцы Куркулі. Сталі жыць у згодзе і каханні.
Незаўважна выраслі дзеці – і таксама стварылі свае сем’і.
Мой бацька, Станіслаў, узяў у жонкі Алену Амбрусевіч з Вішнева. Яна паходзіла з багатай сям’і. Але і сын “амерыканкі” лічыўся жаніхом зайздросным.
У бацькоў нарадзіліся тры дачушкі: я і дзве мае сястрычкі Іра і Таня.
Жылі мы не бедна, але і не шыкавалі. Запомніўся такі выпадак. Аднойчы тата прынёс дадому пару кілаграмаў цукерак. І цяпер, хоць мінула шмат гадоў, яны стаяць у мяне перад вачыма: падобныя на каштаны, палітыя шакаладам. Мама пачаставала ўсіх, а рэшту схавала ў куфар. Я заўважыла, што ключ ад яго яна паклала пад бэльку. І так хацелася мне тых цукерак, што не вытрымала і кожны дзень па жменьцы іх цягала. Цешылася з тыдзень. А калі прыйшла субота, і маці пасля лазні вырашыла падаць гасцям салодкае да гарбаты — раскрыўся мой грэх. Так было сорамна! Але адразу не прызналася, сказала праўду пазней. Бацькі параіліся між сабой – і нават не сварыліся на мяне.
Увогуле я не памятаю, каб бацька калі-небудзь павысіў голас ці падняў руку на дзяцей. Мама магла пераняць ручніком, а тата – не. І слоў дрэнных у нашай сям’і ніколі не гучала.
Бацькі ўвесь час былі заняты працай. Дапамагалі, чым маглі, і дзеці.
Я была «татава» дачка: арала, баранавала, пасвіла коней, вазіла сена, касіла… Касіць асабліва цяжка было – вельмі рукі пасля працы балелі. Памятаю, наплакалася аднойчы, калі тата папракнуў: “Тое, што ты скасіла, я скасіў бы за гадзіну, а вось касу пасля цябе я і за дзве не папраўлю!”
Сястрычкі ж дапамагалі маме — прыгатаваць, падлогу памыць, у агародзе прапалоць.
Так ужо неяк атрымалася, што ў дзяцінстве я больш сябравала з хлопцамі — гуляла з імі, а здаралася, што і білася. Бывала, сама ад іх атрымлівала, а іншым разам і іх лупцавала. Суседка не раз скардзілася бацькам: «Ваша Фрыдка зноў майго Ясюню пабіла! Зрабіце вы з ёй ужо што-небудзь!» Бацькі абяцалі разабрацца, а самі употай смяяліся, што хлопцы жаляцца на дзяўчынку. Я ж ніколі нікому не скардзілася бацькам, хоць і даставалася мне ад хлопцаў не раз.



ВАЙНА

— 24 чэрвеня 1941 года па нашай вёсцы ўжо крочылі немцы.
Мне на той час было дзесяць гадоў. Памятаю, людзі гаварылі, што ў Свіры немцаў было чалавек дзесяць – «фатэр», які аддаваў загады, і падначаленыя. Дапамагалі ім служкі-паліцэйскія, у асноўным літоўцы. Яны абгарадзілі тэрыторыю вакол сінагогі калючым дротам і сагналі туды ўсіх яўрэяў.
Час ад часу паліцэйскія загадвалі старастам навакольных вёсак у прызначаны дзень прыганяць коней з падводамі ў Свір. На іх паліцэйскія садзілі яўрэяў і адвозілі на чыгуначную станцыю Лынтупы для адпраўкі ў канцлагер. Але не ўсім шчасціла даехаць нават да станцыі. Сведкай адной такой жудаснай расправы стаў аднойчы і мой бацька.
Абоз, у складзе якога ён знаходзіўся, у дарозе паліцаі спынілі. Зачыталі некалькі прозвішчаў са спіса, адвялі людзей у лес і там расстралялі.
Пасля гэтага выпадку тата доўга хадзіў змрочны. Многіх з расстраляных ён ведаў асабіста — да вайны купляў у іх крамах тавары.
У гады вайны выжывалі, хто як мог. Час ад часу мама разам з аднавяскоўцамі хадзіла ў Свір, каб прадаць яйкі і масла, а купіць сахарын, соль і газу.
Я ж гандлявала яблыкамі: тата набярэ кошык, а я стаю на дарозе і прапаную салдатам купіць.



КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ

— У 1944 годзе нашы землі вызвалілі.
А ў 1948 годзе сталі арганізоўваць калгасы. Кожны вечар у Куркулі прыязджаў упаўнаважаны і заклікаў запісвацца ў калектыўную гаспадарку.
Спачатку вяскоўцы ішлі ў калгас не вельмі ахвотна. Наша сям’я таксама не адзін дзень думала. Але, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вырашылі “запісацца”.
Аддалі ў гаспадарку коней, вазы, брычку (на ёй потым старшыня калгаса ездзіў, такой больш ні ў кога не было), малатарню, механічны прывад, арфу (машыну для чысткі зерня), плугі, бароны і іншыя прылады. Усё гэта было некалі набыта за «амерыканскія» грошы. Адну карову нам, праўда, пакінулі.
Наша сям’я была не супраць савецкай улады і ніякай крыўды на яе не трымала. Мама нават казала, што ў калгасе лягчэй працаваць, чым самім весці гаспадарку. Разам лягчэй, ды і душа не так балела за «агульнае». Яна часта паўтарала: «Каб не калгас, то, можа, і не жыла б я ўжо. Так цяжка працаваць на зямлі. Колькі сіл і здароўя трэба мець!»
Хаця і для калгаса мама сябе не шкадавала. Працавала з ранку да ночы, старалася зрабіць усё хутчэй і лепш за іншых. Як гаварылі ў той час, была «стаханаўкай». А атрымлівала за сваю працу, як і ўсе, “палачкі”.
Калі выйшла на пенсію, спачатку 7 рублёў плацілі, пазней — 35. А яна ўсё радавалася: як добра на пенсіі, якое шчаслівае жыццё настала!



“УНІВЕРСІТЭТЫ”

— У першы клас я пайшла яшчэ ў польскай школе. Павінна была перайсці ў другі, але прыйшлі “саветы”, і другакласнікаў залічылі ў нулявікі. Улада мянялася, і ў выніку атрымалася, што 4 класы я закончыла ажно за 7 гадоў.
Мама не хацела, каб я ішла ў пяты клас — ёй патрэбна была памочніца. Але тата настаяў – за гэта я ўдзячна яму і сёння. Ён дамовіўся з дырэктарам Свірскай школы, што, як толькі мы выкапаем бульбу, я прыйду ў школу.
А мне не хацелася ісці: новыя настаўнікі, новыя вучні, і выкладалі ў Свіры на рускай мове. Памятаю, праплакала ўсю ноч. Але ў школу ўсё ж пайшла.
У 1951 годзе закончыла школу і з атэстатам у руках падалася з сяброўкамі ў Мінск паступаць на настаўніцу.
Экзамен па нямецкай мове я не адолела і, праматаўшы ўсе выдаткаваныя бацькамі грошы на марожанае, якое пакаштавала ў сталіцы ўпершыню ў жыцці, мусіла вяртацца дадому.
Выпадкова даведалася, што ў Вільнюсе адкрыліся 6-ці месячныя курсы, па падрыхтоўцы настаўнікаў польскіх школ. Пайшла туды. Але, правучыўшыся жнівень і верасень, даведалася, што ідзе набор у педінстытут, дзе па скарочанай праграме, рыхтавалі настаўнікаў матэматыкі для работы ў польскіх школах. Я паспяхова здала экзамены і неўзабаве стала студэнткай. А пасля заканчэння інстытута стала настаўнічаць у Лаварышках.



КАХАННЕ

— У 1954 годзе да нас у школу накіравалі новага дырэктара, маладога настаўніка гісторыі Міхаіла Андрэевіча Кляцоўскага. На першы погляд ён мне не спадабаўся: худзенькі, шчупленькі, не высокага росту. Затое прывабліваў сваёй інтэлегентнасцю, дабрынёй, адкрытасцю.
Міхаіл прайшоў вайну, удзельнічаў у аперацыі «Баграціён», быў кантужаны. Расказваў, як аднойчы бомба трапіла ў бліндаж і яго засыпала зямлёй. Каб не франтавы таварыш, то і не выбраўся б. Пасля кантузіі доўга лячыўся ў шпіталі. Вучыўся нанава гаварыць. А правая рука дрэнна дзейнічала ўсё жыццё. Але, калі ваенурач паспрабавала даць яму даведку аб кантузіі — не ўзяў. Сказаў: «Каму ж я буду патрэбен — кантужаны»?
Маладосць і каханне хутка загойвалі раны вайны. У 1955 годзе мы пажаніліся. Праз два гады я нарадзіла дачушку Галінку, а яшчэ праз два — блізнят Людачку і Мішку.
Пражылі разам 43 гады, хоць здаецца — як адзін дзень.
Калі Альфрэда Станіславаўна расказвае пра свайго Мішу, то яе вочы свецяцца радасцю, калі гаворка ідзе пра сумеснае жыццё, то патухаюць, калі раптам нахлынаюць успаміны аб апошніх днях яго жыцця...
У тыя журботныя хвіліны хацелася неяк ей дапамагчы, суцешыць… Але было зразумела, што ніякія сілы і ніякія словы ёй не дапамогуць, што сваю долю яна хоча выпіць да дна сама, не падпускаючы нікога да сябе і не падзяляючы ні з кім свайго гора.



ШКОЛА

— Аднойчы ў Лаварышкі завітаў Р.А. Герт — тагачасны начальнік Астравецкага РАНА. Ён прапанаваў пераехаць у Астравецкі раён, бліжэй да родных мясцін.
Так ў 1961 годзе мы пераехалі ў Варняны. Нашай сям’і выдзелілі дом. Пражылі мы там толькі год, і аб вёсцы і школе засталіся самыя лепшыя ўспаміны.
Але змяніць месца жыхарства на Міхалішкі дапамог выпадак. Аднойчы Міхаіл Андрэевіч ехаў у рэйсавым аўтобусе і разгаварыўся са старшынёй калгаса з Міхалішак. Той збіраўся выехаць і прадаваў свой дом. А мы марылі пра ўласнае жыллё. Вялікім «за» былі рэчка і лес: муж быў заўзяты рыбалоў, а пахадзіць па лесе, думаю, любіць кожны чалавек.
У 1962 годзе мы ўзялі пазыку і купілі дом.
«Школа — гэта маё жыццё!» — так гавораць многія настаўнікі. Але ёсць ў гэтай прафесіі і другі бок медаля. Школа «крадзе» з сям’і маму і жонку. Вось і мне не хапала часу для, каб больш пазаймацца са старэйшай дачкой — Галіна праяўляла матэматычныя здольнасці з дзяцінства, добра рашала задачы.
Але ні разу не пачула ад дзяцей і слова папроку. Яны разумелі: такая ў мамы і таты работа.
Выкладала матэматыку. Ці добрай была настаўніцай? Аб тым не мне меркаваць. Былыя вучні дзякуюць. Хваляцца, што матэматыку добра ведаюць да гэтага часу і нават дапамагаюць рыхтаваць хатнія заданні ўнукам.
За педагагічную працу атрымала званне “Выдатнік народнай асветы БССР”.
У агульнай складанасці адпрацавала ў адукацыі 53 гады.
Калі ў 1986 годзе прыйшоў час ісці на пенсію, не ўяўляла, як буду жыць далей. Дзякуй Богу, прапанавалі папрацаваць яшчэ. Я згадзілася. Спачатку па-ранейшаму выкладала матэматыку. А пазней стварыла ў школе факультатыў па польскай мове. Вывучалі з дзецьмі польскія вершы, песні. Ставілі невялікія спектаклі. Аб нас нават польскае радыё расказвала!
У 2004 годзе ў Міхалішскую школу завіталі госці з Польшчы. Яны былі ў захапленні ад таго, што ў беларускай вёсачцы дзеці вывучаюць польскую мову і добра размаўляюць на ёй. Палякі запісалі выступленне міхалішкаўскіх дзяцей і ў Варшаве выпусцілі ў эфір радыёперадачу.
І трэба было тую перадачу пачуць пану Каралю Пазлевічу, ураджэнцу вёскі Маркуны! Бацька пана Караля быў у свой час дырэктарам Маркунскай школы, маці – настаўніцай. Пасля вайны сям’я выехала ў Польшчу.
І праз столькі гадоў пачуць галасы з радзімы! Пан Караль адразу ж патэлефанаваў на рарыё, узяў нашы каардынаты і прыехаў у госці. Ён хутка наладзіў кантакты з адміністрацыяй школы – і вучні, і настаўнікі з Міхалішак не раз ездзілі ў Польшчу абменьвацца вопытам.



ВЕРА

— У людзей часта пытаюцца: “Як вы прыйшлі да Бога?”. Са мною вера была заўжды. Уся мая сям’я была набожнай. Бабуля з дзяцінства брала мяне ў касцёл. Кожную нядзелю мы чыталі ружанец, стоячы на каленях. Памятаю, калі ўжо была замужам, загадчыца Свірскага РАНА папракнула майго мужа: “Як вы, дырэктар школы, маглі з ёй ажаніцца?! Яна ж з касцёла не вылазіла!”
Аднак даводзілася падчас настаўніцкай працы і ля касцёла дзяжурыць, каб дзеці туды не ішлі, і з дакладамі кшталту “Атэістычнае выхаванне на ўроках матэматыкі” на нарадах выступаць.
Такі быў час. З сістэмай неразумна змагацца…
Але Бог ведае, што вера заўсёды была са мной. І мой Міша верыў, і не раз гаварыў: “Толькі дзякуючы малітвам мамы я выжыў на вайне. Колькі ў баях палягло! Салдаты падалі побач – а я жывы застаўся”.
Можа, усе мы жывём толькі дзякуючы нашым малітвам...



НАШЧАДКІ

— Шчасце кожнай жанчыны – у дзецях і ўнуках.
Так склаўся лёс, што дзеці мае жывуць у Вільнюсе. А унукаў і ўвогуле раскідала па ўсёй Еўропе. Не забываюць мяне: прывозяць пачастункі, дапамагаюць. Часта да сябе забіраюць пагасціць. Ніяк не могуць мяне падзяліць – кожны хоча, каб менавіта ў яго затрымалася даўжэй, чым у іншых.
Старэйшая дачка, Галіна, таксама выбрала прафесію настаўніка, выкладае рускую мову ў гімназіі. Яна падарыла мне ўнукаў – Арышку і Віталіка. Арына працуе архітэктарам у Англіі. Віталій займаецца навуковай дзейнасцю. Працуе ў навукова-даследчым інстытуце. Піша доктарскую дысертацыю. Марыць вынайсці лякарства супраць раку.
Люда закончыла будаўнічы тэхнікум, але таксама працуе ў школе, загадвае гаспадарчымі пытаннямі. Яе старэйшы сын Вадзім закончыў сельгастэхнікум і таксама выехаў у Англію, там у яго свой бізнес. А малодшы Эдгар заканчвае машынабудаўнічы ўніверсітэт.
Сын Міша водзіць таварныя цягнікі. Яго дачка Іна закончыла турыстычны каледж, але ў англіі працуе ў рэстаране. Сын Ігар выехаў у Шатландые, працуе там пекарам.



ВЫНІК

— Я нікому ў жыцці не жадала зла, спадзяюся, што нікога не пакрыўдзіла, даравала, калі крыўдзілі мяне, дапамагала людзям, чым магла.
Яшчэ ў 79 гадоў адчувала сябе бадзёра. А як стукнула 80 – захварэла. Нібы рысу жыццё падвяло. Цяпер адчуваю, што кожны дзень можа стаць апошнім. Дзеці далёка, ці мала што можа здарыцца? Кожную раніцу перазваньваемся з сяброўкай: “Ты яшчэ жывая? І я жывая!”
Жывіце доўга, Альфрэда Станіславаўна, і надалей дарыце людзям святло сваёй душы!


Галіна АНТОНАВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ і з сямейнага архіва Кляцоўскіх.