Свою историю на Островетчине предприятие мелиоративных систем пишет уже 55 лет

ПМС 55 летДзве пяцёркі – значны юбілей для Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм і яго працаўнікоў. Па вялікім рахунку, без іх шматгадовай стараннай працы не было б у нас ні высокіх ураджаяў, ні рэкордных надояў, ні пладародных палёў і пашы, адваяваных у векавечных балот. Гэтаксама як меліяратары лапік за лапікам ужо на працягу больш чым паўстагоддзя адваёўвалі пладародныя землі для аграрыяў, імчаў хуткаплынны час – і сцякала вада па меліярацыйных каналах. І сёння, калі прадпрыемства адзначае свой юбілей, хочацца расказаць не толькі пра дасягненні і клопаты меліяратараў, але і пра людзей, якія сваёй шчырай штодзённай працай пісалі гісторыю астравецкай меліярацыі.

ПМС 55 лет1


ПМС 55 лет2


ПМС 55 лет3


Вачыма дырэктара


Дванаццаць гадоў Астравецкае прадпрыемства ўзначальвае Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі – дэпутат, спартсмен, інтэлектуал, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

ПМС 55 лет Венгровский– Гісторыю прадпрыемства стваралі людзі, – лічыць дырэктар ПМС. – У 70-я гады тут працавала каля тысячы работнікаў, у перабудовачныя 90-я – удвая менш, а зараз на прадпрыемстве 65 работнікаў. Тыя аб’ёмы работ, якія праводзіліся меліяратарамі 30-50 гадоў назад, зараз не патрэбны.

У асноўным мы займаемся рэканструкцыяй меліярацыйных аб’ектаў: за апошнюю “пяцігодку” “рэанімавана” больш за 2,5 тысячы гектараў. Рэканструкцыю робім у адпаведнасці з тэхналогіяй: выдаляем хмызняк, укладваем дрэнаж, праводзім рэкультывацыю і здаём гаспадаркам фактычна ўжо гатовае для сяўбы поле. Акрамя гэтага, на парадку дня меліяратараў – догляд за меліярацыйнымі аб’ектамі, таму што нават самая дасканалая сістэма дрэнажу не будзе працаваць сама па сабе, без дапамогі чалавека: з цягам часу зарасце хмызняком і травой, заб’ецца глеем, у выніку асушаная мясцовасць зноў стане балоцістай. Зараз займаемся рамонтам каналаў і рэканструкцыяй меліярацыйнай сеткі на тэрыторыі саўгаса “Падольскі” і СВК “Варняны”, плануем у бліжэйшы час прыступіць да рэканструкцыі двух аб’ектаў у СВК “Міхалішкі”. Увогуле агульная плошча асушаных зямель у нашым раёне складае каля 15 тысяч гектараў – гэта чвэрць усіх сельскагаспадарчых угоддзяў раёна. А ў некаторых гаспадарках – і таго больш: у СВК “Гудагай” – 33 працэнты, “Гервяты” – 34, “Міхалішкі” – 27 працэнтаў.

З вясны мы вядзём барацьбу з расліннасцю, інакш каналы проста не змогуць выконваць функцыю адводу вады. Усяго за сезон, які заканчваецца толькі ў кастрычніку, абкошваецца каля 650 кіламетраў. Хапае і іншых работ…

Як паказвае час, наша прадпрыемства перажывала розныя перыяды развіцця. Але, нягледзячы на крызісы, складанасці ў эканоміцы, мы і надалей будзем імкнуцца крочыць у нагу з часам.

Незвычайнага дома жыхар


Адзін з дамоў па вуліцы Валадарскага вядомы ў народзе як “дом меліяратараў”. І не дзіўна: у 70-я гады для работнікаў тагачаснага будаўнічага мантажнага ўпраўлення меліярацыі ўзводзілася шмат жылля. У адной з кватэр гэтага дома жыве Вацлаў Вацлававіч Кардзіс, які прысвяціў прафесійнай справе амаль трыццаць гадоў свайго жыцця.

ПМС 55 лет мужчина– Нарадзіўся я ў Больніках. Пасля заканчэння сямі класаў Варнянскай школы пайшоў працаваць на машынна-трактарную станцыю. А зараз хто б узяў на работу пятнаццацігадовага зялёнага юнака? Давялося б сядзець на бацькоўскай шыі, – разважае Вацлаў Вацлававіч. – Каб мець адпаведныя “корачкі”, скончыў паўтарагадовыя курсы механізатара ў Свірскім МСХ-17. У гэты час якраз распаліся машынна-трактарныя станцыі. Усю тэхніку выкупілі калгасы. Я пайшоў трактарыстам у калгас імя Чапаева. Пачалася ўборка, а на камбайн няма каму сесці – даверылі мне. Два месяцы працаваў на жніве, а пад восень мяне забралі ў армію: накіравалі ў авіяцыйныя войскі ў горад Шаўляй.

Пасля дэмабілізацыі ў сярэдзіне 60-ых гадоў перад Вацлавам паўстала пытанне: што рабіць далей? Магчыма, спрацаваў юначы максімалізм: звычайны больніцкі юнак апыўнуўся ў далёкім Усць-Каменагорску.

– Я ж да металургіі ніякіх адносінаў не меў, – успамінае мужчына. – Думаў: зараблю грошай, а праз год-два вярнуся дадому. Ды нездарма ж кажуць, што чалавек мяркуе, а Бог куе. У адным цэху са мной працавала кранаўшчыцай дзяўчына Аляксандра. Праз некаторы час мы пабраліся шлюбам, атрымалі кватэру, нарадзілі дзяцей.

Усць-Каменагорск – металургічны цэнтр усходняга Казахстана – рос і будаваўся. Літаральна за дзесяць гадоў буйное прадпрыемства, на якім працавалі Кардзісы, апынулася ў цэнтры горада. Па ўспамінах Вацлава Вацлававіча, дыхаць не было чым: паветра пранізана свінцом і цынкам – таму на сямейным савеце было вырашана пераехаць на радзіму мужа.

– У Астраўцы я ўладкаваўся экскаватаршчыкам у будаўнічае мантажнае ўпраўленне меліярацыі, – працягвае Вацлаў Вацлававіч. – Тады па ўсім Савецкім Саюзе масава праводзілася асушэнне зямель, зараз пра тыя маштабы ўжо і марыць не варта: капалі на балоцістай мясцовасці каналы, каб павялічыць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, пракладвалі калгасныя дарогі – не хопіць пальцаў на абедзвюх руках, каб падлічыць, колькі тон грунту паднялі мы з жалезным сябрам – аднакаўшовым экскаватам... Амаль трыццаць гадоў жыцця аддаў астравецкай меліярацыі, а здаецца, што гэта было толькі ўчора...

У меліярацыі – жаночае аблічча


У грамадстве склалася меркаванне, што меліярацыяй павінны займацца выключна мужчыны. Маўляў, не жаночая гэта справа цягацца па палетках і лугах краіны, быць пастаянна на выездах і ў камандзіроўках…

Інжынер па ахове працы Астравецкага ПМС Лідзія Уладзіміраўна Сухажэўская абвяргае такі стэрэатып: жанчына не адзін год нівеліравала меліярацыйныя аб’екты Астравеччыны і, варта сказаць, у яе гэта добра атрымлівалася.

ПМС 55 лет женщина– У жніўні будзе сорак гадоў, як я працую на адным месцы – у Астравецкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, – узгадвае Лідзія Уладзіміраўна. – Вядома, як і ў жыцці, так і на нашым прадпрыемстве былі перыяды росквіту і заняпаду, праблемы і дасягненні, але я ніводнага разу не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары.

А зрабіла яго будучы гідратэхнік, аказваецца, “за кампанію” з сяброўкамі. Ліду, як і ўсіх пятнаццацігадовых юнакоў і дзяўчат, вабіла рамантыка, прырода і неабсяжныя прасторы, таму дзяўчына са спакойным сэрцам паступіла ў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум імя Кляшчова. Вучоба падабалася, а аднакурснікі былі вясёлымі і дружнымі.

На апошнім курсе Ліду накіравалі на практыку ў далёкі Астравецкі раён. Ці магла яна, васямнаццацігадовая дзяўчына з палескай вёскі Бакінічы, што на Брэстчыне, падумаць, што менавіта тут, у “канцы свету”, знойдзе сваё каханне, саўе ўтульнае гняздо і разам з мужам народзіць і выгадуе дваіх дзетак? Калі надышоў час размеркавання, дзяўчына вельмі баялася, што яе накіруюць на працу куды-небудзь у Расію. Ад сэрца адлягло, калі яна пачула “Астравец”.

…1976 год. Тагачасны ПМК №59, куды прыехала працаваць Лідзія, нагадваў сапраўдны мурашнік: тут працавала каля 400 чалавек, сферай іх дзейнасці быў не толькі Астравецкі, але і Ашмянскі, Пастаўскі, Смаргонскі раёны.

Зразумела, што спачатку дзяўчыне, якую прызначылі брыгадзірам, было складана. Прафесійнымі парадамі і шчырымі словамі падтрымкі ў той час вельмі дапамагала зямлячка Марыя Сяргееўна Свіла, якая працавала ў ПМК №59 інжынерам планава-тэхнічнага аддзела.

З цягам часу Лідзія Уладзіміраўна перайшла ў геадэзісты: з нівелірам у руках за дзень дзяўчына праходзіла не адзін дзясятак кіламетраў. Такая праца – надта цяжкая для жанчыны, але Лідзія ніколі не скардзілася і не наракала на жыццё, тым больш што за плячыма ў яе быў надзейны тыл: любы муж Зыгмонт і два сыны. Што больш трэба для шчасця?

– З мужам мы пазнаёміліся, калі я прыехала на практыку. Зыгмонт на “Яве” так памайстэрску паветра рассякаў, што адразу мне прыглянуўся, – успамінае жанчына. – Я і сама, дарэчы, некалі кіравала матацыклам, але зараз ужо не сяду на яго ні за якія грошы.

Апошнія гады Лідзія Уладзіміраўна працуе інжынерам па ахове працы: не толькі пільна сочыць за выкананнем правілаў бяспекі, але і дапамагае працаўнікам, калі ўзнікае такая патрэба, прафесійнымі парадамі – усё ж сорак гадоў вопыту за плячыма. А ў 2015 годзе інжынер па ахове працы была ўзнагароджана нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар.”

Аддаўшы роднаму прадпрыемству амаль сорак гадоў, перажыўшы разам з ім перыяды заняпаду і росквіту, Лідзія Уладзіміраўна не страціла сваёй юначай упэўненасці, што прафесія меліяратара ахутана рамантычнасцю і ўсё ж такі можа мець жаночы твар.

Матэрыялы падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.