Супрацоўнік Астравецкага РАУС стаў лепшым у вобласці

Па выніках мінулага года ізалятар часовага ўтрымання Астравецкага аддзела ўнутраных спраў быў прызнаны адным з лепшых у вобласці. А яго начальнік, Мікалай Мар’янавіч Родзь, лепшым супрацоўнікам ІЧС.


З першага погляду асабіста ў мяне Мікалай Мар’янавіч пакідае ўражанне інтэлігентнага і ўраўнаважанага чалавека. Крыху пазней да гэтых азначэнняў дадалося яшчэ адно – і нешматслоўнага. Яго працу ніяк нельга назваць спакойнай, бо ў ізалятар часовага ўтрымання проста так людзі не трапляюць. Як правіла, тут утрымліваюцца арыштаваныя асобы, у адносінах да якіх узбуджана крымінальная справа. І пакуль вядзецца следства, падазраваемыя знаходзяцца ў ІЧУ. Ахоўны канвой падчас суда і дастаўленне ў пункт прызначэння – усё гэта таксама абавязкі супрацоўнікаў ізалятара. Акрамя падсудных, частымі “пастаяльцамі” гэтай ўстановы становяцца дробныя хуліганы і іншыя грамадзяне, якія парушаюць спакой і дысцыпліну. Такім чынам, працы ў міліцыянераў ІЧУ, штат якога налічвае 10 чалавек разам з начальнікам, хапае.
У Мікалая Мар’янавіча жаданне пайсці працаваць у міліцыю ўпершыню з’явілася пасля арміі. Чаму? Ды хто можа дакладна адказаць, чаму інжынер становіцца інжынерам, урач – урачом ці настаўнік – настаўнікам? У 1990 годзе малады хлопец Мікалай прыйшоў у аддзел кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў з важкім “козырам” на руках – накіраваннем-характарыстыкай, што яго рэкамендуюць для службы ў праваахоўных органах, якую выдалі ў арміі.
Дарэчы, пра армію… Менавіта там з Мікалаем адбыўся цікавы выпадак, пра які мужчына і зараз успамінае з трывожнымі і сумнымі нотамі ў голасе.
–Служыць мяне накіравалі ў Адэскую вобласць, сяло Вясёлы Кут, у паветрана-дэсантныя войскі. А ў 1988 годзе нас паслалі ліквідаваць вынікі землятрусу, які тады адбыўся ў армянскім горадзе Спітак. Па моцы ён быў амаль такім жа, як нядаўна ў Японіі. Цяжка ўявіць увесь жах гэтай трагедыі. Горад быў поўнасцю разбураны і зруйнаваны, як пасля вайны. Усе пабудовы – ад вялікіх дамоў да маленькіх хлеўчукоў – ператварыліся ў суцэльныя руіны. Спачатку мы павінны былі займацца ратаваннем людзей. Толькі жывых, на жаль, засталося вельмі мала. Падымаеш, напрыклад, пліту з разбуранага дома, а пад ёй – сям’я, якая ў той момант сядзела на кухні – і засталася там навечна. Ці разбіраеш абломкі будынка тэхнікума, усе студэнты якога падчас землятрусу знаходзіліся ўнутры… Стыхія – гэта страшная сіла. Калі з хуліганамі і злачыннасцю можна неяк змагацца, то стыхію і наступствы яе спыніць нельга. Мы з хлопцамі ў Спітаку таксама адчулі штуршкі. Стаіш на зямлі, а яна – нібы жывая…
На працягу амаль двух месяцаў Мікалай Мар’янавіч разам з саслужыўцамі спачатку адкопвалі ахвяр землятрусу, а пасля займаліся аховай жыццёва важных аб’ектаў і гуманітарнай дапамогі ад марадзёраў. Ва ўсе гады знаходзіліся тыя, хто хацеў нажыцца за кошт бяды іншых. Можа, менавіта тады ў падсвядомасці Мікалая Мар’янавіча і прамільгнула думка, што яго справа – ахоўваць і засцерагаць.
У верасні 1990 года хлопец стаў працаваць міліцыянерам ізалятара часовага ўтрымання. Затым закончыў Мінскую спецыяльную школу міліцыі. Пасля была служба ў розных аддзелах, а з лютага 2009 Мікалай Мар’янавіч быў назначаны начальнікам ІЧУ, якое па праву лічыцца адным з лепшых у вобласці. Кіраўніцтва раённага аддзела характарызуе М.М. Родзя як адказнага і добрасумленнага работніка. Таму прызнанне яго лепшым супрацоўнікам ІЧУ – справядлівае і заслужанае.
На працягу вось ужо 21 года Мікалай Мар’янавіч не змяняе сваёй прафесіі, прайшоў нялёгкі шлях ад сяржанта да вопытнага маёра. І хоць нямала пабачыў у сваім жыцці, але стараўся ніколі не здраджваць сваім маральным прынцыпам – ахоўваць і засцерагаць.


Марына МАЦКЕВІЧ.