Судьба несла их по волнам милициейских будней
Гісторыя любой арганізацыі, установы, прадпрыемства складаецца перш за ўсё з супрацоўнікаў, якія на працягу многіх гадоў добрасумленна працуюць, каго ставяць у прыклад пачынаючым работнікам, чые прозвішчы заўсёды будуць успамінаць з гонарам і ўдзячнасцю. Гісторыя Астравецкага аддзела ўнутраных спраў таксама складаецца з людзей, якія сваёй штодзённай працай клапоцяцца пра бяспеку і спакой грамадзян.Яніна Аляксандраўна Ківачынская аддала працы ў міліцыі трыццаць шэсць гадоў! Як прызнаецца жанчына, агучвае гэтую лічбу – і самой не верыцца. Гады прайшлі, бы ластаўкі праляцелі. Здаецца, усё пачыналася так нядаўна. Ці ж даўно яна, скончыўшы Астравецкую сярэднюю школу, пайшла вучыцца ў Вільнюскае тэхнічнае вучылішча на чарцёжніка-канструктара. А затым працавала па прафесіі ў праектна-канструктарскім бюро механізацыі і аўтаматызацыі ў тым жа Вільнюсе. Праўда, праз некаторы час дзяўчына вярнулася ў Астравец і перакваліфікавалася ў машыністку Астравецкага раённага ваеннага камісарыята.
І ўсё ж гэта было не тое месца, не яе прызванне. Лёсавызначальным стаў люты 1978 года, калі Яніна Аляксандраўна прыйшла на працу ў раённы аддзел унутраных спраў на пасаду кіраўніка групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці.
На працягу ўсіх гадоў жанчына адказна падыходзіла да выканання сваіх службовых абавязкаў кіраўніка групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. І галоўным у рабоце для яе быў прынцып – не падвесці калектыў. За высокі прафесіяналізм і добрасумленную працу Яніну Аляксандраўну неаднойчы прызнавалі лепшай па прафесіі і адзначалі ўзнагародамі кіраўніцтва Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама і раённага аддзела ўнутраных спраў.
– Трыццаць шэсць гадоў – здаецца, доўгі тэрмін, але для мяне яны праляцелі хутка, – прызнаецца Яніна Аляксандраўна. – Хоць і няпростая была работа, але мне яна падабалася. Калі б зараз можна было вярнуцца ў мінулае, магу з упэўненнасцю сказаць, што зноў пайшла б па выбраным шляху і нічога ў сваім жыцці не мяняла.Для Уладзіміра Міхайлавіча Андрушкевіча служба ў праваахоўных органах таксама не была першым і адзіным месцам працы. Пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы ён паспрабаваў сябе ў якасці цесляра ў “Сельгастэхніцы”. Затым на два гады змяніў грамадзянскае жыццё на армейскія будні, а пасля дэмабілізацыі працаваў у розных месцах, пакуль аднойчы не прыйшоў у міліцыю.
“Баявое хрышчэнне” Уладзімір Міхайлавіч прайшоў інспектарам дарожна-патрульнай службы. А далей міліцэйская служба падхапіла і панесла па штодзённых хвалях працоўных будняў. Змяняліся пасады і званні – з інспектара на старэйшага інспектара ДАІ, затым – на ўчастковага інспектара міліцыі. Апошнія пяць гадоў Уладзімір Міхайлавіч праслужыў на пасадзе старэйшага інспектара аператыўна-дзяжурнай службы аддзела ўнутраных спраў.
Дзе б мужчына ні служыў, яго добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў заўсёды было прыкладам для супрацоўнікаў міліцыі. За перыяд службы ў органах унутраных спраў Уладзімір Міхайлавіч больш чым 85 разоў быў адзначаны начальнікамі і камандзірамі ўсіх узроўней. Але галоўная ўзнагарода для мужчыны – павага калег і надзейны сямейны тыл.На ўрачыстым афіцэрскім сходзе калектыў аддзела ўнутраных спраў праводзіў Яніну Аляксандраўну Ківачынскую і Уладзіміра Міхайлавіча Андрушкевіча на заслужаны адпачынак. Шчырыя словы ўдзячнасці за бездакорную службу, заслужаныя ўзнагароды і падарункі, букеты кветак, шчырыя апладысменты ад калег і здрадніцкія слёзы на вачах у віноўнікаў урачыстасці. Аднак у міліцыі не бывае былых супрацоўнікаў – іх прозвішчы назаўсёды застануцца ў гісторыі Астравецкага аддзела ўнутраных спраў.
------------------------------
Вадзім Савіцкі, намеснік начальніка РАУС.
