Станислав Кежун: "Я – на своём месте"
Прырода нагадвае калейдаскоп. Памятаеце, як у дзяцінстве прыжмурвалі адно вока, а другім пільна ўглядаліся ў шкельца? Пальцы нясмела паварочвалі цікавую цацку, а ты толькі паспяваў сачыць за мудрагелістымі ўзорамі і выкрунтасамі… Так і механізатар: праз шкло кабіны ён углядваецца ўдалячынь, дзе палеткі пад дыктоўку надвор’я і пор года змяняюць сваё аблічча.І гэтая спрадвечная жыццёвая метамарфоза – калі зерне ператвараецца ў парастак і цягнецца сваім кволым цельцам увысь, да сонца, пасля ператвараецца ў моцную расліну і вяртае зерне чалавеку – сапраўдны цуд.
Будзённы на першы погляд лейтматыў вясковага жыцця штодзень адкрываецца нанова перад трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці СВК “Варняны” Станіславам Станіслававічам Кежуном, партрэт якога занесены на раённую Дошку гонару.
Любоў да зямлі прывіваецца з дзяцінства. Яна генетычна перадаецца з пакалення ў пакаленне. Станіслаў, які нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і Кежуноў, дзе гадавалася шасцёра дзяцей, з маленства быў прывучаны да працы – па хатняй гаспадарцы і на зямлі. Мусіць, нездарма ён нарадзіўся вясной, напачатку красавіка, калі пасля зімовай спячкі абуджаецца і прырода, і чалавек, калі нябесную шэрань паласуюць птушыныя кліны, сонейка падмалёўвае блакіт, а ў сасмяглае пасля зімы поле просяцца зярняткі.
З дзяцінства ў Станіслава была цяга да тэхнікі; бацька працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе і не раз браў сына да сябе ў кабіну. Стасік уяўляў сябе вялікім, дужым, шырокім у плячах – такім жа, як і тата. Хлопчыку здавалася, што гэта ён кіруе трактарам, а вясковыя дзеці паглядаюць на яго знізу ўверх з непрыхаванай зайздрасцю.
Дзіцячае захапленне тэхнікай з гадамі нікуды не знікла, наадварот – перарасло ў свядомае рашэнне звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і, канешне, з машынамі.
Пасля заканчэння дзявятага класа юнак атрымаў правы трактарыста ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і пайшоў працаваць у СВК “Трокенікі”.
Але не доўга бялявы хлапчук працаваў на трактары. Калі гадзіннік, які вызначае ўзрост, прабіў роўна 18 – прыйшла павестка ў армію. На нейкі час давялося адмовіць сабе ў раскошы басанож прабегчыся па мураўцы, усыпанай кропелькамі расы – прыйшлося ўціснуцца “ў боты”.
Пасля дэмабілізацыі з інжынерных войскаў Станіслаў вярнуўся на родныя прасторы, дзе гадаваўся і рос, і пайшоў працаваць у гаспадарку, з якой і пачынаў свае першыя нясмелыя крокі ў прафесію.
Зараз Станіслаў Станіслававіч упэўнена “штурваліць” за рулём любой сельскагаспадарчай машыны. Не паспее сысці снег, як механізатары пачынаюць падсяваць траву, падкормліваць азімыя, сеяць збожжавыя культуры, цукровыя буракі… Работа знойдзецца – толькі б чалавек працаваў на сумленне, а не абы з рук.
Станіслаў Станіслававіч Кежун менавіта з такіх – сумленных, шчырых, працавітых і цягавітых. У яго руках работа спорыцца.
– Справіліся з яравой сяўбой збожжавых і зернебабовых, надышла чарга пасадкі “другога хлеба”, сяўбы цукровых буракоў… Летам ізноў перасяду на “Ягуар-870”, каб нарыхтоўваць сянаж і сілас, – гаворыць Станіслаў Станіслававіч. - Адзін год на кормаўборачным камбайне ўбраў 27 тысяч тон кукурузы на зялёную масу: тады мы выйшлі на другое месца ў рэспубліцы. З кабіны камбайна перасаджваюся на трактар МТЗ-80. Ён таксама мяне не падводзіць: на прасаванні са ломы я неаднойчы выходзіў у лідары ў нашым кааператыве... З дому звычайна выходзіш каля шасці гадзін раніцы, а вяртаешся познім вечарам. Але ад таго, як папрацуеш, залежыць і заробак. За лета можна няблага папоўніць сямейны бюджэт. Аб тым, каб пакінуць сельскую гаспадарку, і думкі не ўзнікала. Кожны павінен быць на сваім месцы: настаўнік – вучыць дзяцей, будаўнік – узводзіць дамы, урач – лячыць людзей… Я – на сваім месцы, і ведаю гэта дакладна.
Пакуль Станіслаў Іванавіч шчыруе ў полі, дома яго чакаюць жонка Марына і два сыны – Дзяніс, які ўжо ходзіць у школу, і Жэнька, які яшчэ наведвае дзіцячы садок. У доме, які выдзеліла Кежунам праўленне кааператыва, заўсёды пануюць утульнасць і спакой. Ну а як па-іншаму? Кожны – на сваім месцы…
А месца трактарыста-машыніста – у кабіне сельскагаспадарчай тэхнікі. Недасведчанаму чалавеку работа сейбіта ці аратага можа падавацца празаічнай… Вы таксама так думаеце? Памыляецеся! Праз лабавое шкло, як і праз шкельца калейдаскопа, мяняюцца далягляды, бачны птушкі, якія вяртаюцца на радзіму і прыносяць на сваіх крылах вясну, зялёная рунь азіміны…
Трактарыст-машыніст у нечым падобны да мастака: дзякуючы яму, цьмянае ворыва ўбіраецца ў зеляніну кволых парасткаў, а літаральна праз некалькі месяцаў апранаецца ў жоўта-залаты колер…
Калейдаскоп жыцця Станіслава Станіслававіча Кежуна, як і ў дзяцінстве, хоць і вымяраецца парой года – ад сяўбы да ўраджаю, – але па-ранейшаму не страціў адцення простага людскога шчасця. Побач блізкія і любімыя – і кожны на сваім месцы.
--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
