Случайностей не бывает

ГудойтьМіхаіл Гудойць пачынаў сваю работу ў Астравецкім райгазе, калі гэтая арганізацыя ўяўляла сабой адзін цэх звадкаванага газу. Астравец тады быў невялікім гарадскім пасёлкам, а ў краіне якраз пачалі адбывацца вялікія змены: адыходзіў у нябыт вялікі і моцны Савецкі Саюз, маладыя рэспублікі шукалі свае шляхі да незалежнасці і станаўлення. А звычайныя людзі не ведалі, што нясе ім дзень заўтрашні.

– Я тады працаваў на пошце, – успамінае Міхаіл Гудойць. – У нас з жонкай Аленай тады толькі-толькі нарадзілася дачка Марыя, а тут такая сітуацыя. Працы няма, заробак малы, што рабіць – не зразумела. На сямейным савеце вырашылі шукаць новае месца працы – накіраваўся ў мясцовы філіял “Лідагазбуд”.
Але літаральна па дарозе мужчыну перахапіў галоўны інжынер Астравецкага райгаза Валянцін Біркоўскі, які здолеў пераманіць Міхаіла Іосіфавіча ў сваю арганізацыю. І мужчына пайшоў – не столькі дзеля заробку, колькі дзеля таго, каб больш часу быць дома з жонкай і дачкой. Працаваў простым слесарам у аварыйнай службе суткі праз двое.
– Усе мы некалі пачыналі слесарамі: і сённяшні галоўны інжынер Сяргей Жук, і майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Сяргей Горбаль, і многія іншыя. Шчыра прызнацца, мне работа спачатку не спадабалая: вельмі вялікая адказнасць і пастаянна трэба вучыцца і ўдасканальваць свае веды.
Работа на той момант у мяне, па сутнасці, была зусім не слесарская: балон заправіць – загрузіць – разгрузіць, – працягвае Міхаіл Гудойць. – Гэта ўжо праз некалькі гадоў Астравецрайгаз пачаў развівацца. Сёння ў нашай арганізацыі прадстаўлена абсталяванне самых розных краін, ад айчынных і да кітайскіх і нямецкіх....
Гады ішлі: Астравецрайгаз разросся да вытворчага ўпраўлення. Прыходзілі новыя супрацоўнікі, але не ўсе яны здолелі “ўліцца” ў сферу газазабеспячэння. Ды і не трымаюцца тут “выпадковыя” людзі – супрацоўнікі Астравецкага райгаза прывыклі працаваць не на паказ, а на сумленне, бо ведаюць: ад іх і працы залежаць жыцці людзей.
Міхаіл Гудойць за гэты час перакваліфікаваўся ў слесара-вадзіцеля, і сям’я шчасцем прырасла – нарадзіўся сын Аляксандр. Работа “газавіка” аказалася не горшай за іншыя. Вядома, здараліся надзвычайныя сітуацыі: прарывала трубы газазабеспячэння, нехта скардзіўся на пах газу ў кватэры, здаралася аварыйнай службе нават адключаць газазабеспячэнне ўсяго горада. Але звычайна працоўныя будні праходзілі мірна з адным-двума выездамі аварыйнай службы за суткі. Як прызнаецца мужчына, доўгімі начамі падчас дзяжурства, калі “на гарызонце ціха”, а спаць нельга, ён чытаў гістарычныя раманы і дэтэктывы – спакойна мог “праглынуць” кнігу за ноч.
У вольны час Міхаіл Іосіфавіч таксама не сядзіць без справы. Ён працуе на зямельным участку ў маці ці “на сотках” у свёкра. А некалі ў Літве ён убачыў прыгожую зялёную агароджу і загарэўся зрабіць нешта падобнае ў сябе дома.
– Мне не падабаюцца нашы бетонныя агароджы ўздоўж дарог. А вось жывы зялёны плот – гэта і карысна, і прыгожа. Я ў цёткі сваёй пабодны вырасціў – у Астраўцы такога, здаецца, больш няма, дык многія глядзяць і здзіўляюцца, некаторыя фатаграфуюць, каб потым нешта падобнае зрабіць самім.
На рабоце Міхаіл Іосіфавіч знаходзіцца на добрым рахунку, карыстаецца павагай і аўтарытэтам. А некалькі гадоў таму за сумленную працу мужчына атрымаў грамату і пасведчанне “Ветэран працы”, цэлы год яго партрэт знаходзіўся на Дошцы Гонару ў аблгазе сярод лепшых работнікаў вобласці.
– Канешне, прыемна, што мой уклад у развіццё Астравецкага райгаза не застаўся незаўважаным, але добры вынік і падзяка ад кліентаў – гэта заслуга не аднаго чалавека, а цэлай каманды. Я ганаруся, што побач са мной заўсёды знаходзяцца мае паплечнікі – слесар Віктар Трусевіч і майстар Сяргей Горбаль.
Прамых дарог у жыцці няма. Няхай Міхаіл Гудойць у дзяцінстве і не марыў быць “газавіком” трапіў сюды выпадкова, але яго шлях у Астравецкім райгазе даўжынёй у 26 гадоў даказвае, што выпадковасцей на свеце не бывае.

---------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.