Следчы Вольга Шафран: “Эмоцыі пакідаю дома”

Многія з нас у дзяцінстве марылі стаць Шэрлакам Холмсам. Адшукваць ўлікі, разблытваць мудрагелісты клубок чарговага злачынства, уступаць у проціборства з хітрым і жорсткім забойцам, прадугадваць яго крокі і папярэджваць чарговае  злачынства…
Марылі многія. Сталі – адзінкі. Як следчы следчага аддзела пракуратуры Гродзенскай вобасці (па Астравецкаму раёну) Вольга Антонаўна Шафран.


–Вольга, давайце з самага пачатку. Адкуль у гудагайскай дзяўчынкі такая мара? І тым больш, адкуль сілы і рашучасць увасобіць яе ў рэчаіснасць?
–Вы будзеце смяяцца… Я з пакалення, якое вырасла на тэлесерыяле “Санта-Барбара”. І, як большасць дзяўчынак, вядома ж, была закахана ў Мэйсана. У адваката, падкрэслю, Мэйсана. Ды і так… Рамантызм прафесіі следчага з пазіцыі падлетка – рэч неаспрэчная. А наконт увасаблення, дык яно расцягнулася ў часе: пасля школы я закончыла Ашмянскі тэхнікум па спецыяльнасці “юрыст”, а працаваць уладкавалася ў… пагранічныя войскі. Праз год паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на завочнае аддзяленне. Вучылася і працавала. І як толькі атрымала дыплом юрыста, вырашыла змяніць сферу дзейнасці – перайсці ў юрыспрудэнцыю. Вось так у 2007 годзе я стала памочнікам пракурора Свіслацкага раёна.
–Гэта здарылася прыкладна ў той момант, калі ў раёне грымела справа “пагранічнікаў”…
–Так. І да майго жадання змяніць прафесію многія паставіліся з вялікім пытальнікам. У тым ліку і новае начальства. Я разумею сітуацыю: у пракуратуры павінны працаваць людзі з бездакорным мінулым… Пасля дакладнай праверкі маёй папярэдняй дзейнасці ўсе падазрэнні былі зняты.
–І ўсё ж памочнікам пракурора вы працавалі нядоўга…
–Скажам так: не маё. Хадзіць па судах, удзельнічаць у шматгадзінных, часам даволі нудных пасяджэннях… Не, гэта не адпавядае майму характару. Праз паўгода я перавялася ў Іўеўскі раён (бліжэй да дома) ужо на пасаду следчага пракуратуры. А праз два гады з’явілася магчымасць уладкавацца ў Астраўцы. І я, скажам так, не ўпусціла шанс вярнуцца дадому.
–Оля, чым займаецца следчы пракуратуры? Якімі справамі?
–Так званымі “цяжкімі” і “асабліва цяжкімі”. Гэта злачынствы, накіраваныя супраць асобы: забойствы,  гвалтаванні… А яшчэ – карупцыйныя справы і сфера аховы працы. Прыходзіцца таксама разглядаць матэрыялы аб гвалтоўнай смерці: суіцыды, утапленні і інш.
–Ці азначае гэта, што на месца злачынства вы трапляеце адной з першых?
–Так.
–І? Прабачце, але як вы, маладая прыгожая дзяўчына, рэагуеце на кроў, на смерць, на тыя жахі, з якімі даводзіцца сутыкацца?
–Прафесійна. Я першапачаткова ведала, куды іду, і рыхтавалася да прафесіі адпаведна. Як вам патлумачыць?... Аднойчы я чула, як на падобнае пытанне адказваў ксёндз. У яго спыталіся: “Як вам удаецца пазбаўляцца чужых грахоў, якія на вас выліваюць падчас споведзі?” Ён адказаў: “Я толькі Божае вуха. Я не прымаю чужых грахоў, я толькі дапамагаю іх агучыць”. Так вось і я… Я – толькі рука закона. Прыязджаю на месца злачынства і без эмоцый выконваю свае абавязкі. І толькі пасля таго, як работа зроблена, спрацоўвае чалавечы фактар. Бываюць жа розныя сітуацыі. Да прыкладу, пятнаццацігадовая дзяўчынка, якая наклала на сябе рукі з-за таго, што зацяжарыла. І яе маці, якая выняла з пятлі сваё адзінае дзіця… Зразумейце, я – не камень. Проста работа ў мяне такая асаблівая – эмоцыі ў ёй прысутнічаць не павінны.
–Чаму людзі забіваюць? І чаму здзяйсняюць самагубствы?
–Асноўная прычына большасці забойстваў – алкагалізм. Страшныя рэчы здзяйсняюць людзі пад уздзеяннем вінных пароў. Забіваюць бацькоў, каб забраць у іх грошы на чарговую бутэльку. Ці быў выпадак: хлопец з нармальнай, талковай сям’і засек старога з-за нейкай нявартай увагі дробязі. Падчас вядзення следства ў вачах гэтага хлопца было раскаянне. Або іншы: маладая жанчына забіла свайго на 40 гадоў старэйшага сужыцеля. Вядома, таксама “пад градусам”. Размаўляю з ёй – нармальная жанчына. Вось толькі нічога добрага ў жыцці не бачыла – вырасла ў сям’і алкаголікаў, саму да гарэлкі прывучылі ледзь не з маленства. Яшчэ пытанне, каго тут трэба садзіць першым у турму. Пытанне, зазначым, непрафесійнае – гэта пасля выканання абавязкаў, калі розум саступае чаргу сэрцу.
У аснове суіцыдаў таксама нямала выпадкаў, звязаных з алкаголем. Але ёсць і іншыя… Людзі старэйшага ўзросту добраахвотна сыходзяць з жыцця з-за адзіноты, з-за пакінутасці, або ад нясцерпнасці пакут невылечнай хваробы. Маладыя адмаўляюцца жыць з-за непадзеленага кахання. Для сярэдняга ўзросту такім штуршком можа стаць сямейная сварка…
–Як вы ставіцеся да забойцаў? Тым больш, што вам прыходзіцца ўваходзіць з імі ў самы непасрэдны кантакт…
–Да забойцаў я стаўлюся, як да звычайных людзей. Звяртаюся толькі на “вы” з абавязковым ужываннем імя і імя па бацьку. Нават да рэцыдывістаў. Гэта нармальна як у прафесійным сэнсе, так і ў рэлігійным, таму што я так званы практыкуючы католік, чалавек веруючы. У кожным з нас жыве Хрыстос – забываць пра гэта нельга. Але ніхто з нас не мае права забіваць сабе падобнага. Кожнаму першапачаткова даецца права на жыццё.
–І ўсё ж… Пасля чарговай працы на месцы злачынства вы вяртаецеся дамоў – ці доўга стаіць перад вачыма карціна, якую давялося ўбачыць? І як вы наогул адпачываеце?
–Карціна перад вачыма не стаіць – яшчэ ў інстытуце мы праходзім псіхалагічную падрыхтоўку. А адпачываю… Як усе, напэўна. І тэлевізар, і кнігі, і адпачынак на прыродзе з сябрамі. Ды і звычайная праца на маміных градках – таксама рэлакс.
–І як ставіцеся да дэтэктываў?
–Гляджу з задавальненнем. І нават маю свае прыхільнасці. Да прыкладу, мне падабаецца Каменская з серыяла, створанага па кнігах Марынінай. Ды і іншыя крымінальныя драмы. Больш таго, сама праводжу паралельнае расследаванне. Хаця, канешне ж, не магу не заўважаць хібаў, якія дапускаюць сцэнарысты.
–Оля, а можна пытанне пра асабістае жыццё?
–Канешне. Зрэшты, я магу папярэдзіць ваша пытанне і адразу адказаць: не замужам. Чаму? Таму што доўгі час работа была для мяне  эпіцэнтрам жыцця. Цяпер паціху ўваходзяць у маё існаванне і іншыя каштоўнасці. У прыватнасці, асабістае жыццё. Не, я моцны чалавек, але часам так хочацца быць слабай… Не-не, толькі пасля работы.
–Тады выдайце таямніцу: якога мужчыну вы марыце спаткаць? І ці мяняецца ваш ідэал з гадамі?
–Славесны партрэт? Можна. Першапачаткова мой выбраннік павінен быў быць цёмнавалосы, старэйшы мяне на 4-5 гадоў, з вышэйшай юрыдычнай (каб было пра што паразмаўляць!) адукацыяй. А цяпер…  Не важна, якога ўзросту і колеру валасоў. І нават адукацыя. Галоўнае, што ўнутры чалавек, а не звонку.
–А няма жадання перакваліфікавацца ў памочніка пракурора – магчымасці для росту ўсё ж больш?
–Не, пакуль я не гатова нешта мяняць. Я на сваім месцы. І кожны дзень іду на працу з радасцю.
–Дзякую за размову.
–Дзякую.


Гутарыла Ганна ЧАКУР.