Шлях да прафесіі мастачкі Тэрэсы Варановіч
Колькі сябе помніць Тэрэса Іосіфаўна Варановіч, столькі яна і малюе. Мама Тэрэсы Іосіфаўны была швачкай, і крэйда ў доме была заўсёды. А яшчэ былі дзверы, печка, падлога – і сястрычкі-двайняшкі Тэрэса з Ірэнай малявалі, што хацелі і дзе хацелі. Ім гэта падабалася, а маці за такую творчасць дзяцей ніколі не карала.
Вучоба
– Усе дзеці любяць маляваць – гэта закладзена прыродай. І калі ў іх не адаб’еш ахвоту, то яны могуць маляваць пастаянна. А калі яшчэ хто і пахваліць, то тады і крылы вырастаюць.
Потым сястрычкі пайшлі ў Вяліка-Якентанскую школу. Вядома, спецыялістаў-мастакоў там не было. Але ў той час, як дзяўчаты прыйшлі ў першы клас, у старэйшых вучыўся хлопчык, які цудоўна маляваў. Яго насценныя газеты і малюнкі ўвесь час віселі на сценах. І яны вельмі сястрычкам падабаліся.
А ўжо ў пятым класе сёстры Тэрэса і Ірэна самі ўзяліся за афармленне школьных насценных газет. А па школе і вёсцы папаўзлі чуткі, што дзяўчаты добра малююць.
– Аднойчы да нас завітаў хлопец са Смаргоншчыны, які вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава, і стаў агітаваць паступаць у гэтую навучальную ўстанову. І мы з сястрой, не раздумваючы, паехалі ў Мінск.
Там Тэрэсу і Ірэну чакала невядомасць. На сходзе, які папярэднічаў экзаменам, расказвалі пра патрабаванні да работ абітурыентаў. Там дзяўчаты і пачулі невядомыя тэрміны – кампазіцыя, эцюднікі. Словы, якіх яны ніколі не чулі, не ведалі, як рабіць гэтыя рэчы. А між тым на экзамен трэба было прынесці тыя самыя эцюднікі, а кампазіцыю напісаць падчас яго. Паглядзелі, паслухалі… І ўсё ж прыйшлі на ўступныя іспыты! І здалі экзамены – прычым на “выдатна”. Так з лёгкай рукі маладога хлопца, які нечакана з’явіўся ў іх жыцці, дзяўчаты сталі студэнткамі.
– Вучоба забірала шмат часу. Але тыя гады ўспамінаюцца з асаблівым пачуццём – невядомае становіцца вядомым, цяжкае – лёгкім, плэнеры праходзяць, як адно імгненне, – з усмешкай расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – А ты ўсё паспяваеш! У цябе атрымліваецца, ты сустракаешся з таленавітымі людзьмі і вучышся ў іх! Па тых гадах і цяпер сумую – вельмі хочацца арганізаваць пленэр, у якім прынялі б удзел настаўнікі, што працуюць у школах. Ды ўсё не атрымліваецца.
А потым зноў была школа – на гэты раз Сінькаўская ў Смаргонскім раёне. Толькі Тэрэса Іосіфаўна ўжо была настаўніцай, якая выкладала выяўленчае мастацтва і чарчэнне.
А потым лёс зноў умяшаўся ў яе жыццё. Па дарозе дамоў сястра ў цягніку сустрэла іх выкладчыцу па вучылішчы, а тая і падказала, што ў тэатральна-мастацкім інстытуце (цяперашняя Акадэмія мастацтваў) будзе праходзіць набор на спецыяльнасць мастацтвазнаўца. Тэрэса пачала збіраць дакументы – і зноў па волі лёсу стала студэнткай. Набор на гэту спецыяльнасць праходзіў раз у шэсць гадоў. Гэты год быў менавіта яе.
Праца
Дзяўчына вучылася на завочным аддзяленні і працавала, ужо ў Маладзечне – тут быў большы прасцяг для творчасці, больш гадзін у школе і больш дзяцей.
А праз нейкі час Тэрэса Іосіфаўна выйшла замуж і прыехала ў Дайлідкі. Працавала ў калгасе мастаком, распісвала сцены калгасных памяшканняў, аздабляла Дошку гонару, займалася дызайнерскай работай – пры калгасе быў цэх, і мастачка рабіла эскізы для ўпаковак. Але ніколі не забывала пра мастацтва. Кожны дзень старалася пакласці на карціну хаця б адзін мазок, дабавіць штрышок.
– А як жа інакш? Працаваць над сабой трэба кожны дзень, перапынкаў тут быць не павінна. Дзень не папрацаваў – значыць, пражыў яго дарма.
Дзеці
І зноў была школа, дзеці, урокі… Выяўленчае мастацтва, чарчэнне, сусветная мастацкая культура… У сям’і падрастала дачушка Вікторыя, і на мастацтва часу амаль не заставалася. Але яна знаходзіла хаця б хвілінку, каб хоць што-небудзь напісаць.
А побач з мамай пастаянна знаходзілася Вікторыя, якая таксама спрабавала нешта намаляваць – падыйдзе, спытае… Маці нешта падкажа, падправіць… У дзяўчынкі атрымлівалася, і нядрэнна. Але Тэрэса Іосіфаўна ніколі не гаварыла пра гэта дачцэ, якая з дзяцінства марыла стаць стаматолагам, потым – ветэрынарам. А потым нечакана для маці і самой сябе ў дзявятым класе павезла дакументы ў Бабруйскі мастацкі каледж.
Тэрэса Іосіфаўна працуе ў Дайлідскай школе. Там жа вядзе гурток “Юны мастак”. Ёсць у яе і некалькі гадзін у школе мастацтваў, і гурток “Жывапіс і малюнак” у цэнтры пазашкольнай работы. Але…
– Нашы дзеці шмат упусцілі. У школах скарацілася колькасць гадзін на выяўленчае мастацтва – раней яно выкладалася да восьмага класа, а цяпер ужо ў пятым заканчваецца. Ды і чарчэнне выкладалася тры гады, а цяпер – толькі год. Шмат гадоў у раёне не было мастацкага класа. А маляванне развівае чалавека духоўна. Калі дзіця не можа апісаць свае ўражанні словамі, ён скажа гэта фарбамі. Магчыма, у дарослым жыцці маляванне не ўсім патрэбна, але поўнасцю ад яго адмаўляцца нельга.
Між тым дзяцей, якім жадаюць паступіць у творчыя навучальныя ўстановы і якім трэба здаваць творчыя экзамены, з кожным годам становіцца больш. Многія з іх хацелі б займацца са спецыялістамі, таму і вырашылі на базе цэнтра пазашкольнай работы адкрыць гурток, у якім дзеці змаглі б рыхтавацца да экзамена на творчыя спецыяльнасці.
Цяпер у гурток да Тэрэсы Іосіфаўны ходзіць пятнаццаць школьнікаў з Гервят, Гудагая і Астраўца. Многія з іх ужо дакладна вызначыліся, куды будуць паступаць, і цяпер старанна выконваюць патрабаванні і парады педагога. Аднак ёсць і такія, якія паступіць хочуць, але не прыкладаюць для гэтага ніякіх намаганняў.
– У нас ёсць таленавітыя дзеці. Але аднаго таленту мала – трэба працаваць кожны дзень. У падрыхтоўцы да творчага экзамену ёсць свая спецыфіка. Усё залежыць ад таго, на якую спецыяльнасць збіраецца паступаць дзіця. У кожнай установе свае патрабаванні – у адной трэба малюнак, у другой – эскіз, у трэцяй – чарцёж. І за некалькі заняткаў да экзамену не падрыхтуешся – гэта карпатлівая праца, якой трэба займацца пастаянна.
Алена ЯРАШЭВІЧ.