Сергей Кондратович: "В будущем хочу стать тренером по каратэ"

Жвавы, актыўны, артыстычны… Пра такіх звычайна кажуць –  “скура гарыць”.

“Гарэла” не толькі скура, але амаль кожная часцінка цела – багатая міміка, харызма і ўменне ўжывацца ў розныя вобразы. Менавіта такое ўражанне склалася, калі падчас раённага этапу школьнага КВЗ убачыла Сяргея Кандратовіча на сцэне. І тады ж увесь час не пакідала адчуванне, што я бачыла гэтага  юнака дзесьці раней. Толькі памяць упарта не жадала напамінаць,  дзе.


Капрызы памяці літаральна на наступны дзень развеяў трэнер па каратэ ў Астраўцы Дзмітрый Куцько, які расказаў пра чарговыя поспехі сваіх юных выхаванцаў, сярод якіх быў і Сяргей. Ну канешне ж! Белае кімано, своеасаблівая дуэль на татамі, паклон зале… Менавіта на спаборніцтвах па каратэ я і бачыла юнака! Толькі там быў не няўрымслівы і артыстычны кэвэзэншчык, а сканцэнтраваны, дысцыплінаваны і мужны каратыст. Як у адной асобе ўжываюцца такія розныя іпастасі і якое захапленне больш яму па душы, я вырашыла даведацца непасрэдна ў Сяргея Кандратовіча.

– Ды нармальна ўжываюцца, не б’юцца – гэта дакладна, – усміхаецца, адказваючы на пытанне юнак. – Мне падабаецца КВЗ, падабаецца выступаць перад публікай, жартаваць, весяліць гледачоў. Па-мойму, гэта класна! Прыдумванне новых жартаў, рэпетыцыі, імправізацыя – усё гэта захоплівае. Асабліва калі ёсць станоўчы вынік. Напрыклад, нядаўна наша каманда ўдзельнічала на абласным занальным этапе гульні ў Гродна. Выступалі 16 каманд, толькі чатыры адбіраліся на абласны фінал. І мы трапілі ў гэтую чацвёрку. Вось гэта стымул працаваць далей!

– А каратэ – гэта зусім іншае, – Сяргей задумваецца. – КВЗ – гульня гумару, лёгкасці, задору. Каратэ ж не проста адзінаборства – гэта філасофія, дзе я праходжу свой унутраны шлях, спасцігаючы новыя ісціны. І гэта – мая філасофія, мой шлях, мой занятак! Каратэ – тое, чым я хачу займацца ў будучым.

Каратэ юнак займаецца на працягу шасці гадоў. Рэгулярныя трэніроўкі, загартоўванне не толькі цела, але і свядомасці, спаборніцтвы, удачы і паражэнні… Сяргей прызнаўся, што быў момант, калі ён хацеў развітацца з адзінаборствамі: пераходны ўзрост, неразуменне акружаючых, спакусы незалежнага жыцця – словам, юнацкі максімалізм... На дапамогу прыйшоў трэнер, які знайшоў неабходныя словы і аргументы, каб патушыць бунтарскі агонь.

– Безумоўна, Сяргей – здольны каратыст і вучань, – расказвае пра юнака трэнер па каратэ Дзмітрый Куцько. – Аднак бунтарскі дух не-не, ды можа зноў успыхнуць – узрост такі. Былі ў нас розныя, часам і не вельмі прыемныя моманты. Сяргей можа быць старанным, адказным, мэтанакіраваным. Важна, каб і надалей заставаўся такім. Мне здаецца, што зараз для Сяргея галоўнае – вызначыцца, што і хто для яго ў жыцці з'яўляецца прыярытэтам. Хацелася б, каб ён не ахвяраваў сваімі здольнасцямі дзеля іншых менш значных інтарэсаў. І працягваў займацца каратэ.

На школьным КВЗ я заўважыла, што Сяргей нядрэнна танцуе: ён аднолькава ўдала дэманстраваў энергічнае лаціна і рытмічны брэйк-данс.

– У пачатковай школе займаўся ў харэаграфічным класе. Затым самастойна нешта асвойваў, спрабаваў, хадзіў на дыскатэкі. Танцаваць любіў заўсёды. Ой, ды я шмат чым займаўся. І боксам, лёгкай атлетыкай, хакеем, футболам, каратэ… У 4 класе нават на гурток па бісерапляценню хадзіў. (Усміхаецца) Памятаю, у мяне выбар быў: бокс ці каратэ? Ну, вы ведаеце, што перамагло… Я звычайны астравецкі юнак: у вольны час сустракаюся з сябрамі, люблю самую розную музыку. А ў будучым хачу стаць трэнерам па каратэ. Перадумаю? Наўрад ці. Я зразумеў: каратэ – гэта маё жыццё!


------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.