Семейная династия лесоводов Часнойтей продолжается...

Усе тры браты – Уладзіслаў, Казімір і Антон – працавалі ў Міхалішкаўскім лясніцтве Усе тры браты – Уладзіслаў, Казімір і Антон –
працавалі ў Міхалішкаўскім лясніцтве

Казімір


Восемдзесят пяць гадоў праляцелі як адно імгненне. Здаецца, толькі ўчора басаногім хлапчанём ён бегаў па хутары, які хаваўся ў лесе на беразе Віліі, і назіраў за спрытнымі вавёркамі. А ўжо прыйшоў час цешыцца сонейкам, якое раніцай абвяшчае новы дзень.

 Казімір Віктаравіч Часнойць, які сёлета адзначыў 85-годдзе, больш чым паўстагоддзя свайго жыцця прысвяціў лесу. І хоць ногі ўжо падводзяць мужчыну – усё ж узрост паважаны – ён, абапіраючыся на кавеньку, усё роўна штодня выходзіць на вуліцу і ўглядаецца ўдалячынь: там, на другім беразе Віліі, насупраць хаты Казіміра Віктаравіча засталося яго далёкае і бесклапотнае дзяцінства, родны хутар, трапіць на які раней можна было толькі пераплыўшы раку на чаўне, і любімыя дрэвы, якія ў сваіх шатах хавалі ад летняй спёкі.

%d0%bf%d0%be%d1%82%d0%be%d0%bc%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d1%8b%d0%b5-%d0%bb%d0%b5%d1%81%d0%be%d0%b2%d0%be%d0%b4%d1%8b1– Было нас трое ў бацькоў: я, Антук і Уладзіслаў. Сястрычка маленькай памерла, – узгадвае Казімір Віктаравіч. – Тата працаваў лесніком, а мама – на гаспадарцы. Шмат зямлі апрацоўвалі. Мелі больш за 50 гектараў – але не надта добра яна радзіла. Калі Саветы прыйшлі, хацелі саслаць нашу сям'ю – але, дзякаваць Богу, абмінула бяда.

З дзяцінства Казік ведаў усе лясныя сцежкі. Раніцай, калі з-за гарызонту прабіваліся першыя сонечныя промні, з кошыкам у руках хлопчык бег у лес, каб назбіраць крамяных баравікоў і чырвонагаловых падасінавікаў. Не праходзіла і паўгадзіны, як кош ламіўся ад грыбоў – і Казік вяртаўся дадому.

Хуткаплынную Вілію хлапчук любіў гэтаксама, як і лес. Тым жа аддзячвала і рака: “падкідавала” на вуду то ліня, то ладнага шчупака.

Калі прыйшоў час ісці на свой хлеб, Казімір уладкаваўся ў Кабыльніцкі лясгас.

– Як прыйшоў 16 красавіка 1952 года ў лясную гаспадарку, так і застаўся на ўсё жыццё. Цяжка паверыць, але маю 55 гадоў стажу. Гэта зараз маладыя шукаюць, дзе лепш і прасцей, а мы працы не баяліся, – разважае Казімір Віктаравіч. – Пры мне Кабыльніцкі лясгас стаў Свірскім, затым – Смаргонскім, а пасля ўжо ўтварылася і Астравецкая лясная гаспадарка.

На работу Казімір Віктаравіч спачатку ездзіў на веласіпедзе, пазней – на матацыкле. Дняваў і начаваў у лесе. Іншы, можа, і збаяўся б дзікай жывёліны ці гукаў, якімі напаўняецца лес пасля заходу сонца, але ён тут адчуваў сябе як дома.

Ды не лесам адзіным… У 1958 годзе Казімір пабраўся шлюбам з Гэляй – першай прыгажуняй у Гродзях.

– Ужо і не прыпомню, дзе мы пазнаёміліся. Пяць гадоў у Гродзі ездзіў, пакуль яна пераступіла парог нашай хаты ў якасці маёй жонкі. А вяселле адкладалі, бо ўсё  прычыны знаходзіліся, – успамінае Казімір Віктаравіч. – Два гады жылі на хутары разам з маімі бацькамі. Пасля купілі хату ў Маркунах. Свіней, кароў трымалі. Сына нарадзілі. Цяжка працавалі – але  жылі ў згодзе.

Для Казіміра Віктаравіча найвялікшая радасць у жыцці, што ўнук Аляксандр прадоўжыў сямейную справу і таксама пайшоў у лясную гаспадарку.

– Можа, дасць Бог, і твае дзеці стануць лесаводамі, – гаворыць, паказваючы ўнуку старыя чорна-белыя фотаздымкі, Казімір Віктаравіч. – Але ніхто не можа зазірнуць наперад, апроч Усявышняга.

Усе ў Маркунах ведаюць Казіміра Віктаравіча як заядлага пчаляра. Мужчына, калі быў маладзейшы і жвавейшы, трымаў вялікую пасеку.

– Здараліся гады, калі пчол маеш, а мёду няма. Забярэш яго з сотаў – пчолы загінуць. Добры гаспадар будзе дбаць не пра сябе, а пра пчол, – дзеліцца сакрэтамі Казімір Віктаравіч. – Без ахвоты не станеш пчаляром. Колькі ні хадзіў я ля вулляў, ніколі мяне яны не жалілі. Галоўнае – не назаляць. Пчолы цішыню любяць. І чалавек павінен браць прыклад з гэтых божых стварэнняў – не сварыцца ні з кім, жыць, працуючы...

Казімір Віктаравіч  з унукам Аляксандрам  разглядаюць старыя фотаздымкі Казімір Віктаравіч з унукам Аляксандрам
разглядаюць старыя фотаздымкі

Аляксандр


Майстра лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Аляксандра Казіміравіча Часнойця з дзяцінства захоплівалі не толькі дзядулеў “заечы хлеб”, але і дзівосныя лясныя казкі і гісторыі.

– У мяне ніколі не ўзнікала пытання, кім быць. Канешне, лесаводам, як і мае дзядуля і прадзед,  – расказвае Аляксандр Казіміравіч. – Пасля заканчэння Міхалішкаўскай школы, я паступіў ў Полацкі лясны каледж. А вышэйшую адукацыю атрымаў ў Бранскім лясным універсітэце. У Міхалішкаўскім лясніцтве працую восьмы год.

Майстар лесу ўпэўнены, што найлепшыя ўніверсітэты – гэта само жыццё і, вядома, лес, у якога ёсць чаму павучыцца.

Уладзіслаў


На парозе дома, які патанае ў кветках, мяне гасцінна сустракае былы ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Уладзіслаў Віктаравіч Часнойць – чалавек, які ўсё сваё жыццё, як яго дзед і бацька, прысвяціў лесу і які памятае да драбніц сваю работу на пасадзе ляснічага.

– Мой працоўны стаж – 44 гады 9 месяцаў і 8 дзён, – здзіўляе сваёй дакладнасцю Уладзіслаў Віктаравіч. – Усё жыццё прысвяціў лесу. Ды і ці мог я выбраць іншую дарогу і збочыць з лясной сцежкі, калі яе праклалі мае продкі?

І дзед, і бацька Уладзіслава Віктаравіча працавалі леснікамі, таму міхалішкаўскія лясы ў сям’і Часнойцяў спакон веку ведалі як свае пяць пальцаў. Маленькаму Уладзіку і яго старэйшым братам Казіміру і Антону гэтая любоў да прыроды, можна сказаць, перадалася ў спадчыну.

Сваю ролю ў тым, што дзедаву справу прадоўжыў унук, адыграў выпадак.

%d0%bf%d0%be%d1%82%d0%be%d0%bc%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d1%8b%d0%b5-%d0%bb%d0%b5%d1%81%d0%be%d0%b2%d0%be%d0%b4%d1%8b3– Я быў хлапчуком, калі да нас прыехалі рабіць інвентарызацыю лясных культур, – успамінае Уладзіслаў Віктаравіч. – У вочы адразу кінулася форма правяраючых – асабліва спадабаліся жоўтыя шаўроны на рукавах і дубовыя лісты.

А праз дзясятак гадоў такую ж форму апрануў і сам Уладзіслаў.

– Па тагачасных мерках мы жылі добра: гаспадарку трымалі, зямлю апрацоўвалі. Я з васьмі гадоў разам з мамай рваў грэчку, – успамінае Уладзіслаў Віктаравіч. – Камусьці, відаць, назаляў наш дабрабыт. У адзін з пагодлівых дзён – мне тады было шэсць гадкоў – ля нашай хаты, да якой з усіх бакоў туліўся лес, –  з’явілася трынаццаць бальшавікоў. Адзін з іх – відаць, галоўны – пагрозліва сказаў бацьку:

– Разбогател ты, вижу!

– Дзеткі, зямля тут неўраджайная, – тата не ўмеў крывадушнічаць. – Багаты толькі на георгіеўскія крыжы.

– Покажи! – скамандаваў той жа металічны голас.

Тата, Георгіеўскі кавалер ІІІ ступені, павёў няпрошаных гасцей у хату і паклаў перад імі на стол крыжы... Яны моўчкі пакінулі наш хутар – і больш не паказваліся. Так мы ўратаваліся ад высылкі ў Сібір...

– Таты не стала, калі мне было 15 гадоў, – працягвае Уладзіслаў Віктаравіч. – Увесь цяжар хатніх клопатаў лёг на маміны плечы. Дапамагаў чым мог брат Антон, які працаваў на фабрыцы ў Альхоўцы.

Ды і сам Уладзік, прывучаны да работы з маленства, не сядзеў без справы. Кожнае лета, калі заканчваліся заняткі ў Маркунскай школе, хлопчык на веласіпедзе ездзіў за дзевятнаццаць кіламетраў у Сідарышкі палоць лес.

– Пры Хрушчове вяскоўцам, каб паступіць вучыцца, трэба было мець два гады працоўнага стажу, – успамінае былы ляснічы. – Мае летнія школьныя падпрацоўкі аказаліся дарэчы: спачатку адвучыўся ў Барысаўскай школе лесаводаў, а потым на “выдатна” закончыў Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі, пазней – і Гомельскую акадэмію ўдасканальвання ляснічых. Працаваў тэхнікам, памочнікам ляснічага.

Тагачасны дырэктар Астравецкага лясгаса Уладзімір Міхайлавіч Дашкевіч прапанаваў маладому і перспектыўнаму лесаводу ўзначаліць Гервяцкае лясніцтва. А праз тры гады Уладзіслаў Віктаравіч папрасіўся ў Міхалішкі: клікалі родныя мясціны і знаёмыя з дзяцінства лясныя сцежкі.

– У год мы садзілі па сто гектараў лесу. Драўніну коньмі трылявалі. Пад маім кіраўніцтвам спынілі працэс распаўсюджвання каранёвай губкі. Хоць галоўная бяда ў лясной гаспадарцы – бураломы і пажары, – гаворыць Уладзіслаў Віктаравіч.

На Астравеччыне мужчына знайшоў не толькі сваё прызванне, але і другую палавіну – жонку Ларысу Мікалаеўну, якая працавала ў мясцовай бальніцы. Разам яны выгадавалі і далі пуцёўку ў свет двум цудоўным дочкам – Алене і Кацярыне.

...Уладзіслаў Віктаравіч прысвяціў Міхалішкаўскаму лясніцтву 33 гады свайго жыцця. Былы ляснічы можа доўга разважаць пра стан лясной гаспадаркі. Ён дакладна аперыруе лічбамі і да гэтага часу лічыць, што прафесія лесавода – адна з самых высакародных у свеце.

На развітанне цікаўлюся ва Уладзіслава Віктаравіча: што для яго лес?

– Лес – крыніца жыцця. Лес – ратаўнік, які ў гады ваеннага ліхалецця пад сваімі шатамі збярог не адну сям’ю. Лес – кармілец, які шчодра дзеліцца з людзьмі сваімі багаццямі: ягадамі, грыбамі, лекавымі раслінамі. Лес – мая прафесія. І мой лёс...

Дынастыя лесаводаў Часнойцяў працягваецца…

Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.