Семья Липских из Гервят отметила 50-летие совместной жизни

У савеце ветэранаў прайшло ўшанаванне былых настаўнікаў Гервяцкай школы Мікалая Рыгоравіча і Вольгі Юльянаўны Ліпскіх, якія адзначылі сёлета 50 гадоў сумеснага жыцця. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму і Беларускай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі.

Напэўна, няма такога выхадца з Гервят, які б не мог сказаць некалькі добрых слоў пра сям’ю Ліпскіх. Праз іх рукі прайшоў не адзін дзясятак вучняў, якіх яны выправілі ў вялікі свет сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы і шчырымі грамадзянамі Беларусі. Іх ведаюць не толькі як настаўнікаў, вартых прыкладу, шчырых выхавацеляў і верных сяброў, але і як закаханых, якія за паўвека сумеснага жыцця не страцілі ў вачах шчаслівага бляску.
Мікалай Рыгоравіч і Вольга Юльянаўна пазнаёміліся ў Мінску падчас вучобы ў інстытуце. Потым атрымалі размеркаванне ў Гервяты: Мікалай Рыгоравіч – настаўнікам гісторыі і геаграфіі, а Вольга Юльянаўна – настаўнікам матэматыкі. Так яны і працавалі поруч, пакуль аднойчы ў цудоўны вясенні дзень не зразумелі, што не могуць жыць адзін без аднаго. Сваё вяселле яны вырашылі прымеркаваць да дня Вялікай Перамогі – і 9 мая 1964 года дзве паралельныя лініі жыцця зліліся ў адну.
З таго дня прайшло 50 гадоў. Вядома, яны поўніліся не толькі шчасцем, здараліся і горкія, і цяжкія хвіліны. Але гледзячы на гэтых цудоўных людзей, немагчыма ўявіць, што паміж імі хоць аднойчы існавала непаразуменне ці недагаворанасць – такой любоўю і павагай адзін да аднаго ззяюць іх вочы.
Сапраўды, у гэтых багатых на жыццёвы вопыт, філасофскі падыход да жыцця і шчырыя ўсмешкі людзей ёсць чаму павучыцца маладому пакаленню.
Гэта сапраўды тая пара, якая за свой “залаты” тэрмін не згубіла свайго кахання.
Шчасця вам і здароўя, шаноўныя Мікалай Рыгоравіч і Вольга Юльянаўна! І няхай пад дахам вашага дома зноў і зноў збіраюцца вашы дзеці і ўнукі, каб аддаваць вам усё тое, чаму вы іх вучылі – радасць, пяшчоту, клопат і простае чалавечае шчасце!


-------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара
.