Семья Клепусевич: и на пенсии нет времени для скуки
Яшчэ рыхтуючыся да вяселля, малады сувязіст Валодзя і работнік культуры Верачка выявілі агульную мару: абавязкова пабудаваць уласнае жыллё. Не кватэру-кааператыў – а дом. Абое выраслі ў шматдзетных сем’ях, змалку навучыліся цаніць цяпло і ўтульнасць родных сцен, якія грэюць, дапамагаюць, суцяшаюць, даюць сілы перамагаць жыццёвыя нягоды. Хацелася быць гаспадарамі ўласнай сядзібы – з садам-агародам, гаражом, альтанкай для летніх пасядзелак з сябрамі і родзічамі… І з кветнікам абавязкова!Але шлях да мары быў доўгі! Маладажоны колькі часу пажылі ў Лідзе на здымных кватэрах, потым вырашылі перебрацца ў Астравец. Пераезд прапанаваў Уладзімір – спадабаліся яму ціхі, зялёны пасёлак і прыгожая прырода раёна. Тут – зноў здымная кватэра ў старэнькім дамку, дзе жылі аж пакуль не атрымалі кватэру. На працу па спецыяльнасці – у культуры – Веры ўладкавацца не атрымалася, ды яна і не шкадавала аб тым: сямейныя клопаты і вечная занятасць па вечарах аніяк не спалучаліся. Схаваўшы дыплом Гродзенскага культасветвучылішча ў шуфляду, перакваліфікавалася ў работніка сферы паслуг, асвоіла машынную вязку трыкатажу, а потым, ужо ў якасці майстра, арганізоўвала працу вязальшчыц, вучыла маладых прамудрасцям прафесіі. Нават дырэктарам Дома быту колькі часу пабыла…
У новую кватэру Клепусевічы засяляліся ўтраіх: тата, мама і чатырохгадовы сынок Валодзя. А неўзабаве, каб не сумна было расці старэйшаму, з’явіўся і малодшы – Сярожка. У доме пасялілася шчасце.
Вера Іванаўна з цеплынёй успамінае сваіх суседзяў па пад’ездзе – сардэчных, дружалюбных, памяркоўных, гатовых заўсёды прыйсці на дапамогу.
Але мара пра ўласны дом не пакідала – наадварот, усё часцей узгадвалася ў сямейных размовах. Хлопцы атрымалі прафесіі, падрыхтаваліся да самастойнага жыцця. Настане час -- жаніцца вырашаць. Дзе жыць будуць? І аднойчы на сямейным савеце было прынята рашэнне: пара будавацца. Грашовыя зберажэнні нейкія ёсць, радня абяцае дапамагчы, а пры патрэбе і крэдыт можна ўзяць. Сілы яшчэ ёсць у саміх, ды і сыны дарослыя, не гультаі, дзякаваць богу, шмат што рабіць сваімі рукамі ўмеюць.
Падалі заяву аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад забудову. З некалькіх прапанаваных найбольш спадабаўся гэты, тады яшчэ на ўскрайку гарадскога пасёлка. Знаёмыя здзіўляліся: чаго гэта вы ад людзей збегчы вырашылі? Вера Іванаўна не згаджалася: Астравец актыўна забудоўваецца, хутка і суседзі з’явяцца. І праўда: неўзабаве на нядаўняй ускраіне адзін за адным, як грыбы пасля дажду, пачалі расці дамы.– Усё рабілі самі: залівалі фундамент, узнімалі зруб, уцяплялі яго, сайдынгам абабівалі, – успамінае Вера Іванаўна. – Нават грузавіком абзавяліся, каб матэрыялы дастаўляць. Часам не хапала грошай – тады на нейкі час спынялі будоўлю. Збіралася патрэбная сума – і справа ўзнаўлялася.
Потым вакол участка паставілі прыгожую агароджу, у двары ўзвялі гараж, альтанку. У 2008 годзе перасяліліся. Вы думаеце, на гэтым сказалі “годзе”? Дзе там! У Веры Іванаўны нібыта другое дыханне адкрылася: пачала шчыраваць на агародзе, абсаджваць двор дрэвамі ды кустамі, абуладкоўваць кветнікі. Ды і аздабленне пакояў у доме патрабавала прадуманага жаночага падыходу. Праўда, у гэтай справе ў гаспадыні хутка з’явілася руплівая памочніца – нявестка Ірына. Разам навялі проста захапляючую прыгажосць.
А Уладзімір Мікалаевіч з сынам Сяргеем ствараюць розныя зручнасці ў двары. Дыхтоўная альтанка можа прыняць пад свой дах даволі вялікую кампанію сяброў і родзічаў – і размесцяцца ўсе вольна, і скразняком нікога не “працягне” . Мэблю – стол, лаўкі, табурэткі – Сяргей зрабіў сам. І шафе з посудам месца знайшлося. Побач з альтанкай – калодзеж, хутчэй як дэкаратыўны элемент сядзібы, бо ў доме маецца вадаправод. Вада са студні бярэцца для паліву агарода.
У параўнанні з суседнімі дом Клепусевічаў знешне не здаецца вялікім. А ўнутры – прасторныя зала і дзве спальні, пакой, які пакуль можна назваць рабочым: тут стаіць камп’ютар Сяргея і Ірыны ды іншая тэхніка, з якой маладыя на “ты”. Зрэшты, ужо не толькі яны – Вера Іванаўна таксама “прапісалася” у “Аднакласніках”. А чаму б і не? Зараз у сацыяльных сетках “засядае” шмат нашых равеснікаў-пенсіянераў, так што стасункі па інтарэсах забяспечаны. І хто сказаў, што на пенсіі сумна? Веры Іванаўне і Уладзіміру Мікалаевічу – ніколькі.На здымках: гаспадары ля калодзежа; утульная альтанка; кветнік Веры Іванаўны
Таіса СЯМЁНАВА.
