Семья Ермак. Там, где живёт любовь...

Напачатку была фатаграфія – “панарамнік” у раёнцы. На ёй на лавачцы ля Гервяцкага храма сядзелі трое: мужчына, жанчына і… іх каханне. Ні гарачых абдымкаў, ні намёку на пацалунак – а пачуццё паміж імі відавочна электрызавала паветра, надавала колернасці наваколлю, чыталася з першага позірку – і было прыгожым і светлым…

Увачавідкі першым я пабачыла мужчыну: на святочнай Імшы на Вельканац у касцёле Узнясення Святога Крыжа ён чытаў Святое Пісанне. Потым – паўтарагадовага сімпатычнага карапуза, якому не сядзелася на месцы, і мужчына, яўна ягоны бацька, з пераменным поспехам спрабаваў утаймаваць гарэзу: падхапіўшы на рукі сына, ён спачатку нейкі час трымаў яго на руках, а потым, калі малышу станавілася сумна і ён пачынаў выкручвацца, спрабаваў усадзіць яго ў дзіцячую каляску, ля якой сядзела мілавідная жанчына. Тая самая, з фатаграфіі…
Астравец – вялікая вёска: знайсці неабходныя звесткі, патэлефанаваць і напрасіцца ў госці аказалася справай нескладанай. Гаспадар – а размаўляць давялося з ім – крыху здзівіўся (маўляў, а чаму менавіта мы?), але запрашэнне я атрымала.
…У іх прыгожы дом. І ўтульны той асаблівай утульнасцю, якой, як ні старайся, не ўзнікне там, дзе жывуць нядружна.
На дасканала сервіраваным стале спакушаў незямнымі пахамі хатняй выпечкі пірог і праз “носік” фарфоравага імбрыка парком папыхваў свежазавараны чай.
Старэйшых дзяцей (а іх, як удалося высветліць праз “сарафаннае радыё”, у Ермакоў трое, прычым усе – хлопчыкі!) дома не аказалася – мяне сустрэлі Аляксандр, Вольга, яе маці Зоф'я Міхайлаўна і пестунок Паўлік. Саша разліў па кубачках гарбату – і размова пачалася.
…Яны пазнаёміліся на дні нараджэння агульнай знаёмай – Олінай сяброўкі.
Дзень атрымаўся суматошным – з тых, якія пражываеш бягом. Оля ледзь паспела памыць валасы, схапіць падарунак і прыбегчы да сяброўкі – апошняй з гасцей. Усе ўжо сядалі за стол. Паспешлівы ківок у адказ на прадстаўленне тым, каго яна не ведала, і – уф-ф! – нарэшце можна нікуды не спяшацца…
Гэта амаль неверагодна, але Аляксандр і Вольга, абодва карэнныя астраўчане, да гэтага дня не сустракаліся. Ён вучыўся ў першай школе, яна – у гімназіі. Яна паходзіла з веруючай сям’і і часта хадзіла ў касцёл, яго рэлігія не цікавіла ні ў якой ступені. Знаёмства на дні нараджэння не мела асаблівых наступстваў. Тым больш што Саша, які нядаўна вярнуўся з арміі, меў намер пачаць заляцанні да імянінніцы. Словам, яны разышліся амаль незнаёмцамі...
...Каб праз нейкі час на гулянні, прысвечаным 9 Мая, сустрэцца ў лесапарку.
– Прывітанне! Памятаеш, мы пазнаёміліся на дні…
– Прывітанне! Канешне, я памятаю цябе, Саша…
Іх позіркі сустрэліся – і ў свеце адным каханнем стала больш. Праз тры месяцы Аляксандр і Вольга пажаніліся.
Жыць яны сталі ў бацькоў Олі. У сям’і так званых актыўна практыкуючых католікаў.
– Сумесныя малітвы, доўгія “ружанцы” спачатку падаваліся мне бясконцымі, – расказвае Аляксандр. – Ад нуднага стаяння на каленях балела спіна, сківіцы выкручвала пазяханне. Але пакрысе мая свядомасць пачала мяняцца, і сэнс малітвы стаў прыадкрывацца. А потым у маім жыцці здарылася сустрэча з Богам… Я не буду пра гэта расказваць, але мне моцна пашанцавала – я знайшоў веру.
Якая, зазначым, ніколькі не перашкаджала ім кахаць і быць каханымі. Настолькі, што доўгі час ім абодвум гэта падавалася неверагодным.
– Саша, – у чарговы раз шчаслівым шэптам пыталася яна, – як ты мог у мяне закахацца – я ж такая звычайная?
– Волечка, гэта я звычайны, а ты… Ты – каралева. Ты такая прыгожая, такая мілая... І, на шчасце, мая!
Факт пражывання ў агульным доме разам з бацькамі для большасці маладых пар – дадатковы фактар раздражнення. У Ермакоў такой праблемы не ўзнікла.
– Нават не ведаю, як гэта растлумачыць, але з першага знаёмства Саша стаў для мяне сынам, – гаворыць пані Зося, маці Вольгі. – Маім чацвёртым дзіцём. І муж паставіўся да яго як да роднага. Многія гады ў майго гаспадара былі вялікія праблемы з “зялёным зміем”, а тут зяць “не ў тэму” – непітушчы… Думала, будзе раздражняцца, а аказалася наадварот – мой Іван Вікенцьевіч сам стаў мяняцца. Разам з зяцем яны сталі дабудоўваць дом.
Праз два гады пасля вяселля ў Ермакоў нарадзіўся сын. Саша.
– Аднаго Сашы мне падалося мала, – смяецца Вольга. – Вырашыла падвоіць сваё шчасце.
– Памятаеце, якія кветкі падарыў вам муж, забіраючы з раддома? – пытаюся ў яе.
– Ружы, – адказвае. – Белыя ружы.
– Колькі?
– Ну… Не ведаю… Добры абярэмак…
– Маленькі чалавечак. Сын, твой працяг… Столькі было радасці, гонару, удзячнасці, – узгадвае Аляксандр. – Але сапраўднае ўсведамленне бацькоўства прыйшло пазней. Значна пазней… Пачуццё адказнасці за жыццё сына накрыла “з галоўкай”, калі ён упершыню сказаў “тата”. Салёны камяк у горле… І жаданне разбіцца ў ляпёшку, але апраўдаць гэты неверагодны давер…
Праз некалькі месяцаў пасля вяртання з раддома Оля адчула, што ўнутры яе зноў зарадзілася жыццё. І разгубілася... Саша ж яшчэ “груднічок”. І будаўніцтва дома ў самым разгары. І грошай – у абрэз. Але пра скасаванне цяжарнасці ў яе не ўзнікала нават думкі.
– Дзіця – гэта дар Бога, – кажа яна. – Хіба мы маглі не прыняць яго?! Цяжка? Канешне, прыйшлося нялёгка. Тым больш што Сашы давялося паехаць на заробкі ў Маскву. Мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было, інтэрнэту – таксама. Мы карысталіся эпісталярным жанрам – пісалі адзін аднаму лісты. Ах, з якім нецярпеннем чакала я ў тыя гады паштальёна! Лісты Сашы былі такімі пяшчотнымі…
– І для мяне пісьмы Олі былі каштоўным падарункам, – прызнаецца Аляксандр. – Яна падрабязна пісала пра дзяцей: зубок прарэзаўся, сын стаў на ножкі, шлёпнуўся на парозе... А заканчваўся ліст заўсёды аднолькава – контурам абведзенай дзіцячай ручкі. Я збіраў жончыны лісты і любіў параўноўваць, як растуць далонькі маіх сыноў.
Другога сына яны назвалі Максімам – у гонар святога Максіміліяна, у дзень якога хлопчык нарадзіўся.
Розніца паміж хлопчыкамі – год і няпоўныя два месяцы.
– Не скажу, што было проста – гаворыць Вольга. – Хапала і “недасыпу”, і стомы. Але побач з намі былі мама, тата, сястра Алена. Мы ўсё зрабілі, каб старэйшы сын не адышоў на другі план, каб пяшчоты і клопату хапіла на дваіх.
Калі хто і выйграў ад такога мінімальнага разрыву ва ўзросце, дык гэта самі хлопчыкі. Яны – “не-разлівада”, заўсёды разам. Існаваць паасобку проста не ўмеюць. Калі клас аднаго з сыноў адпраўляецца ў вандроўку, бацькі тэлефануюць класнаму кіраўніку з просьбай узяць і другога – інакш першы адмовіцца ад паездкі. Тое ж самае з днямі нараджэння або іншымі святамі сяброў – па адным Саша і Максім на іх не ходзяць. Толькі разам.
Разам хлопчыкі і ля алтара касцёла Узнясення Святога Крыжа, дзе яны не першы год у адміністрантах – дапамагаюць ксяндзу Андрэю Горбачу падчас Імшы.
– Гэта іх уласная ініцыятыва, – расказваюць бацькі. – Аднойчы падчас нядзельнай службы нашы сыны, назіраючы, як іншыя хлопчыкі прыслугоўваюць святару, запыталіся: “А калі ўжо мы будзем там?” Мы адказалі, што гэта залежыць толькі ад іх саміх. І неўзабаве сыны наблізіліся да алтара…
Сям’я Ермакоў – пасапраўднаму веруючая. Кожны вечар яны збіраюцца: тата, мама, трое сыноў і бабуля, каб разам узнесці падзячную малітву за чарговы пражыты дзень, за жыццё наогул, за тое, што побач – родныя людзі.
Яшчэ адно іх захапленне – пілігрымкі. Тры разы Аляксандр са старэйшымі сынамі разам з іншымі вернікамі Астравеччыны пехатой хадзіў у Будслаў да цудадзейнага абраза Маці Божай.
– Цяжка? – перапытвае мяне Аляксандр. – Напэўна. Але ў пілігрымцы гэта становіцца незаўважным. Мы разам молімся, спяваем, разважаем на нейкія тэмы – і дарога робіцца карацейшай. Канешне, фізічная нагрузка існуе, але куды больш важная духоўная частка, таму што ў падарожжы (ці праз падарожжа?) ты расцеш: перад выхадам у пілігрымку звычайна бярэш нейкую “інтэнцыю” – прысвячаеш яе нейкай падзеі ці просьбе, а ў дарозе, молячыся, стасуючыся з іншымі людзьмі, у адзіночку разважаючы ў начной цішыні, ты адкрываеш для сябе зусім іншыя, куды больш глыбінныя пласты – і да Маці Божай прыходзіш крыху іншым, чым быў у пачатку шляху.
Першы год, калі дзённыя пераходы здараліся асабліва зацяжнымі, Аляксандр па чарзе нёс сыноў на руках. Але час ішоў, яго хлопчыкі падраслі. У мінулагоднюю пілігрымку Саша і Максім схадзілі ўжо без бацькі, якому далучыцца да іх не дазволілі пільныя справы.
…Між тым да нашага “круглага стала” далучыўся Саша, які якраз вярнуўся са школы. Прыгожы сціплы хлопчык з вялікімі, крыху здзіўленымі вачыма. Мае спробы разгаварыць яго праваліліся – Саша адказваў мне аднаскладна: “так” ці “не”. Потым узяў з рук маці Паўліка і пайшоў з ім у свой пакой. “А то Пашка вам перашкаджае”, – сказаў.
…Калі Саша з Максімам даведаліся пра цяжарнасць маці, то адразу заявілі: будзе хлопчык! Ну а як можа быць інакш? Што ім рабіць з дзяўчынкай? Банцікі завязваць, спаднічкі прасаваць?
Нарадзіўся, сапраўды, хлопчык. “Паўлік, – сказалі бацькам старэйшыя дзеці. – Малыша назавём Паўлам.” Маці з бацькам згадзіліся, толькі падчас хрышчэння дадалі яшчэ адно імя святога патрона – Францішак. І з першых дзён Саша з Максімам сталі прымаць самы непасрэдны ўдзел у выхаванні малодшага брата.
– Не паспеў Пашка стаць на ногі, як яны зрабілі з яго футбаліста, – смяецца бабуля. – Бегаць малы не можа, дык ставяць яго на вароты. А ён задаволены – не перадаць словамі: вішчыць, смяецца. Канешне, часам і ім хочацца адпачыць ад непаседлівага браціка – мы даём ім такую магчымасць. Тым больш што Паўлік у нашай ужо, лічы, дарослай сям’і – як цацачка: кожнаму цікава з ім пабавіцца.
– І гэта не можа не непакоіць, – гаворыць тата. – Каб дабрадушнае “пабавіцца” не перарасло з часам у сапраўдны эгаізм сына. Мы з Оляй думаем пра гэта і стараемся прымаць пэўныя контрмеры.
– Хто ў вашай сям’і галоўны? – пытаюся ў Сашы-малодшага. – Мама ці тата?
– Тата, – крыху здзіўленым (няўжо можа быць інакш?) тонам адказвае той. І ўпэўнена паўтарае: – Тата галоўны.
– Мы для сябе вырашылі, што ў сям’і галоўным павінен быць мужчына, – прызнаюцца муж і жонка. – І далі зразумець гэта дзецям. Хаця яны часам умела карыстаюцца падобнымі абставінамі.
– Да прыкладу, я забараняю ім нешта канкрэтнае, – усміхаецца Оля, – а яны мне: “Мы тату пазванілі – ён нам дазволіў. А тата галоўны!”. Ну што тут будзеш рабіць?! Даводзіцца пагаджацца. Не падрываць жа бацькоўскі аўтарытэт!
У сям’і Ермакоў свае традыцыі: сумесная малітва, чытанне і абмеркаванне Бібліі, вясёлыя дні нараджэння (на дзіцячыя запрашаюцца равеснікі хлопчыкаў, і тата з мамай загадзя прыдумваюць для іх гульні і конкурсы – каб не сядзелі бяздумна ў камп’ютары), сумесная праца на агародзе, дружнае раздзяленне хатніх клопатаў… Яны амаль не глядзяць тэлевізар – па той простай прычыне, што розныя ток-шоу і “иже с ними” не вартыя затрачанага на іх прагляд часу: жывыя стасункі ім куды больш цікавыя. З навінамі знаёмяцца ў інтэрнэце, там жа шукаюць патрэбную інфармацыю, а пра зацікавіўшае або набалелае гавораць паміж сабой, абмяркоўваюць з роднымі людзьмі.
– Сашу ўжо 13 гадоў, – звяртаюся я да Вольгі і Аляксандра. – Максіму – 12. Яшчэ гадкоў 10 – а можа, і менш – і: “Мама-тата, вось мая абранніца”. Не страшна?
– Яшчэ як страшна, – прызнаецца Оля. – Не магу сабе нават уявіць, як нашы дзеці будуць жыць без нас. Пайшлі вось нядаўна на рэкалекцыі і затрымаліся на тры гадзіны, а я не магла сабе месца знайсці – якія толькі думкі не лезлі ў галаву…
– Мудрасць бацькоў, – развівае тэму Аляксандр, – заключаецца ў тым ліку і ва ўменні адпусціць сваіх дзяцей. Дапамагчы распрастаць крылы і дазволіць узляцець. Канешне, хочацца, каб жыццё ў іх склалася ўдала. Не ў сэнсе грошай або вышыні пасады – як паказвае жыццё, ні багацце, ні ўлада самі па сабе не робяць чалавека шчаслівым. У сэнсе самарэалізаванасці: каб цікавай была работа, каб побач былі блізкія людзі, каб не падводзіла здароўе. А галоўнае… Самае галоўнае, каб нашы дзеці не размінуліся з Богам. Не з рэлігіяй, не з традыцыямі, а з Богам жывым. Толькі тады жыццё можа быць паўнакроўным…
…Сям’я Ермакоў. Мама Оля і чацвёра яе “мушкецёраў”…
– Зайздросцяць вам знаёмыя мужчыны, што вы такі багаты на сыноў? – пытаюся ў Аляксандра.
– Некаторыя зайздросцяць, – усміхаецца той. – А некаторыя гавораць: значыць, трэба яшчэ “дакупліваць” дзяўчынку.
– І як вы ставіцеся да такой перспектывы?
– Ну, калі так вырашыць Бог… – адказвае Оля. – Чаму б і не?


----------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота з сямейнага архіва сям'і Ермакоў.