Секретом своего счастья делится Вероника Гражуль

Яна стараецца сустракаць кожны дзень з пазітывам – і радавацца сонечнаму праменьчыку, усмешцы прахожага ці добраму надвор’ю. На першае месца ставіць родных і дарагіх людзей. А на працу ідзе з задавальненнем і ўпэўненасцю, што сёння яна прынясе карысць людзям.
Сёння мы пазнаёмімся з вопытным спецыялістам па продажах “Белтэлекама”,чый партрэт знаходзіцца на раённай дошцы гонару, і проста прыемнай і абаяльнай дзяўчынай Веранікай Гражуль.

– Калі вярнуцца на некалькі гадоў назад, у пару юнацтва ці нават дзяцінства – ці ўяўлялі вы калі-небудзь, што будзеце займацца гэтай справай? І наогул, кім хацелі стаць?


– Напэўна, не. Шчыра кажучы, спачатку я хацела стаць журналістам – у школе падабалася пісаць сачыненні, разважаць, афармляць свае думкі ў прыгожыя, з сэнсам сказы, “гуляцца” метафарамі і эпітэтамі. Аднак пасля бліжэй сталі матэматыка і англійская мова. Таму пры выбары прафесіі арыентавалася на гэтыя прадметы – і пасля заканчэння школы паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта на ўлікова-эканамічны факультэт. Вучылася завочна, а працаваць і набірацца вопыту пайшла на завод “Радыёдэталь” спачатку справаводам, пасля бухгалтарам. А праз паўтара года з’явілася вакансія аператара сувязі на “Белтэлекаме”. Вось так і трапіла сюды.


– Не расчараваліся, што выбралі менавіта гэты шлях?


– Ніколькі! Мне падабалася вучыцца і падабаецца тое, чым займаюся зараз. Пакуль усё складваецца добра. Спадзяюся, так будзе і далей.


– Наколькі я ведаю, значную частку вашай працы складаюць стасункі з кліентамі. Успамінаецца справядлівае сцвярджэнне, што нідзе так не стамляешся, як пры рабоце з людзьмі. Ці згодны вы з гэтым? І які прынцып выкарыстоўваеце ў рабоце?


– Мая асноўная дзейнасць – заключэнне дагавораў з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, кансультаванне кліентаў па паслугах, пошук новых кліентаў, інфармаванне насельніцтва наконт новых паслуг. Канешне, прыходзіцца пастаянна працаваць з людзьмі. Але гэта цікава. Падчас размовы з кліентам выступаеш у розных ролях: юрыста, эканаміста, псіхолага. Я стараюся да кожнага чалавека падабраць свой “ключык”, бо кожны кліент – індывідуальнасць. Калі пачынала працаваць, большасць наведвальнікаў былі знаёмыя – я ж нарадзілася і вырасла ў Астраўцы. Аднак у сувязі з будаўніцтвам у нас атамнай электрастанцыі і павелічэннем насельніцтва зараз да нас звяртаецца шмат незнаёмых кліентаў. І ад гэтага толькі павялічваецца адказнасць, бо мы прадстаўляем сваю арганізацыю, а для гасцей з замежжа – яшчэ і сваю краіну. Ці здараліся нестандартныя сітуацыі? Ды не. З якім бы настроем ні прыходзіў чалавек, я ў першую чаргу стараюся паставіць сябе на яго месца і знайсці патрэбны падыход. Усе можна вырашыць ветліва і спакойна.


– Аднак любая работа пакідае фізічную або маральную стомленасць, часам – негатыўныя эмоцыі. Як спраўляецеся з гэтым і здымаеце стрэс?


– У звычайных хатніх справах, нейкіх дробных клопатах. Яшчэ люблю паслухаць музыку. Якую? Гэта залежыць ад настрою. Падабаецца англамоўны поп-рок, але люблю і класіку. У свой час закончыла музычную школу па класу фартэпіяна. Яно і зараз стаіць у нас дома, час ад часу магу нешта сыграць.


– Якая вы па натуры? З чым маглі б сябе параўнаць?


– Не ведаю, з чым сябе параўнаць, але па натуры я – чалавек спакойны, хатні, ураўнаважаны. Мяне цяжка вывесці з сябе.


– Вы – шчаслівы чалавек?


– Так, я – шчаслівая. Цьфу, цьфу, цьфу… (Усміхаецца) Бо шчасце для мяне – гэта родныя людзі, каханы чалавек… Яны здаровыя і знаходзяцца побач са мной – а што яшчэ трэба для шчасця? Я стараюся цаніць кожную хвіліну свайго жыцця. І ў гэтым таксама бачу шчасце.


– Ці ёсць такое месца на зямлі, дзе аднаўляеце сілы і рэлаксіруеце?


– Вольнага часу не так ужо і шмат – часта дома прыходзіцца чытаць прафесійную літаратуру, удасканальваць свае веды. Але ад гэтага яшчэ больш пачынаеш цаніць адпачынак. Неяк з дзяцінства павялося, што мы ездзім адпачываць на Балтыйскае мора. Вось менавіта там, дзе на гарызонце сустракаюцца зямля з небам, ёсць мой своеасаблівы астравок, дзе адчуваеш сябе нейкай паветрана-свабоднай і можаш дазволіць сабе парэлаксіраваць.


Ці ёсць месца, якое хацелі б наведаць?


– Новыя мясціны – гэта заўсёды цікава. Але мяне чамусьці не прывабліваюць гарачыя краіны з пальмамі і спякотай. Больш падабаецца халаднаватая прыгажосць. Хацелася б пабываць у скандынаўскіх краінах – Нарвегіі, напрыклад. Вельмі падабаюцца горы – іх велічнасць, недасягальнасць і прыгажосць не могуць не прыцягваць.


– Ці ёсць людзі, якія з’яўляюцца для вас прыкладам?
– Гэта мае бацькі, мой любімы брат Ігар. Прыкладам сапраўднай жанчыны для мяне з’яўляецца мая мама. Дарэчы, яна таксама працуе на “Белтэлекаме”.


– Ваш партрэт размешчаны на раённую Дошку гонару. Першая рэакцыя, калі даведаліся аб гэтым?


– Канешне, спачатку быў шок: звычайна гэтага гонару ўдастойваюцца вопытныя людзі, якія даказалі свой прафесіяналізм многімі гадамі працы. Пасля было вельмі прыемна. Наогул, лічу правільным тэндэнцыю ўшаноўваць такім чынам і маладых работнікаў. Гэта дае яшчэ большы стымул старанна працаваць, імкнуцца да высокіх вынікаў і добрасумленна выконваць свае абавязкі.


Марына МАЦКЕВІЧ