Сегодня отмечается день образования Следственного комитета
Яны бяруцца за справу, калі ў кагосьці здарылася непрыемнасць. Іх галоўная задача – высветліць, чаму, як і пры якіх абставінах адбылося гэтае здарэнне. Пачынаецца працэс, дзе аналіз пераплятаецца з фактамі, усе матэрыялы праходзяць старанную праверку і падзеі падрабязна разглядаюцца літаральна праз шкло лупы. Яно і не дзіўна, бо пачынаецца следства, за якое адказваюць справай і вынікам работнікі раённага аддзела Следчага камітэта.Сёння адзначаецца дзень утварэння Следчага камітэта. У сувязі з гэтым мы завіталі да начальніка Астравецкага аддзела Следчага камітэта Марэка Мечыслававіча Сінкевіча і больш падрабязна пацікавіліся пра дзейнасць гэтай новастворанай структуры праваахоўных органаў.
– Раскажыце, чым займаецца супрацоўнікі Следчага камітэта? І чым іх работа адрозніваецца ад дзейнасці міліцыянераў?
– Назва нашай структуры гаворыць сама за сябе. У Следчым камітэце працуюць следчыя і займаюцца расследаваннем крымінальных спраў. Супрацоўнікі міліцыі збіраюць матэрыялы для праверкі, і, калі ёсць састаў злачынства, узбуджаецца крымінальная справа, расследаваннем якой мы і займаемся. Наогул, мы цесна супрацоўнічаем з міліцыяй. Калі здараецца якое-небудзь злачынства, на месца здарэння выязджае спецыяльная аператыўна-экспертная група, у склад якой уваходзяць і следчы, і міліцыянеры. Злачынства раскрывае і выяўляе вінаватага своеасаблівае трыо “аператыўнік – крыміналіст – следчы”, а не кожны з іх паасобку, бо калі аператыўнік добра спрацаваў, то следчаму будзе намнога лягчэй дакапацца да ісціны. Таму ўзаемадзеянне і ўзаемадапамога аператыўных падраздзяленняў і Следчага камітэта вельмі важныя.
– Такім чынам, вы расследуеце ўсе крымінальныя справы?
– Амаль усе. Расследаваннем займаюцца яшчэ і супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Аднак рашэннем кіраўніка дзяржавы яны займаюцца справамі, якія тычацца пытанняў нацыянальнай бяспекі. Напрыклад, шпіянаж, абарона дзяржаўных сакрэтаў і іншыя вузкія накірункі, якімі заўсёды займаліся органы дзяржбяспекі.
– І колькі чалавек працуе ў Следчым камітэце нашага раёна?
– На сённяшні дзень у Следчым камітэце дзесяць чалавек. Гэта намеснік начальніка Сяргей Кумішча, тры старшыя следчыя – Аляксандр Яскевіч, Вольга Шафран, Валерый Арлоўскі, тры следчыя – Аляксей Радзевіч, Анатоль Базюк, Мікалай Стэх, спецыяліст групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Марыя Лаўрэцкая, вадзіцель Міхаіл Астрэнка і я – начальнік раённага аддзела Следчага камітэта.
– І якім павінен быць сапраўдны следчы?
– Галоўнае патрабаванне для следчага – гэта ў сваёй працы ведаць закон, кіравацца ім і дзейнічаць у адпаведнасці з яго патрабаваннямі. А таксама быць незалежным ад чужога ўздзеяння і ціску. І разам з тым не забываць пра звычайныя чалавечыя якасці – разуменне, спагаду, справедлівасць.
– Следчы камітэт – досыць маладая структура ў нашых праваахоўных органах. Ці былі за гэты перыяд справы, якія запомніліся надоўга?
– Хоць існуе Следчы камітэт і не вельмі даўно, два гады, але зроблена за гэты час нямала. Цікавыя справы, якія памятаем і сёння? Літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як утварыўся камітэт, была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да бацькі, які, гаворачы афіцыйнай мовай, учыніў дзеянні сексуальнага характару са сваёй малалетняй дачкой. Канешне, гэты выпадак выклікаў рэзананс як у праваахоўных органах, так і сярод грамадскасці. Яшчэ запомнілася справа, калі ў адным з сельгаскааператываў быў здзейснены крадзеж на суму 207 мільёнаў рублёў. Наогул, сярод крымінальных спраў большую частку займаюць крадзяжы. На жаль, нярэдка ў такіх выпадках вінаватыя самі ўладальнікі ўкрадзенай маёмасці, якія належным чынам не клапоцяцца пра яе захаванасць. Словам, работы хапае.
– Напэўна, нялёгка ўзначальваць такую сур’ёзную і адказную структуру. Чаму вы выбралі менавіта гэту прафесію?
– Ды нідзе лёгка не бывае, у кожнай прафесіі ёсць свае цяжкасці. Чаму выбраў гэтую? Напэўна, прызванне. Можа, для кагосьці гэта гучыць і дзіўна, але я заўсёды хацеў працаваць у сілавых органах. Паступіў у Акадэмію МУС і ў 1997 годзе па размеркаванні трапіў у Астравецкі аддзел унутраных спраў. Пачынаў дазнавальнікам, пасля працаваў старшым дазнавальнікам, затым узначальваў папярэдняе расследаванне. Ну а вось два гады назад узначаліў Следчы камітэт. Работа, у прынцыпе, усюды адна – расследаваць злачынствы. А гэтая справа мне падабаецца.
– Што пажадаеце сабе і сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Ды ўсяго толькі самага добрага: здароўя, дабрабыту, разумення родных і паменш крымінальных спраў.
-----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
