Сегодня - День работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

“Твар” прадпрыемства – гэта не толькі эканамічныя паказчыкі, рэйтынгі, лічбы і выкананыя планы, але найперш – людзі. Без іх штодзённай руплівай і карпатлівай працы не было б дамоў, утульнасці ў пад’ездах і дварах, не было б патрэбнай інфраструктуры…
Пагэтаму напярэдадні прафесійнага свята “бытавікоў” і “камунальшчыкаў” мы вырашылі крыху адысці ад традыцыйнай дэманстрацыі эканамічных вынікаў дзейнасці прадпрыемства, і зрабіць старонку, так бы мовіць, з “чалавечым тварам”. Бо ніякія лічбы і статыстычныя даныя не ідуць у параўнанне з самымі звычайнымі людзьмі.

Карані жыллёва-камунальнай гаспадаркі Астравецкага раёна бяруць свой пачатак з 1939 года. Менавіта 75 гадоў назад яна пачала сваё існаванне як аддзел пры Астравецкім райвыканкаме. РУП ЖКГ – адно з самых буйных раённых прадпрыемстваў, на якім працуе 390 чалавек.



Дэбет, крэдыт – баланс яе жыцця

Галоўны бухгалтар ЖКГ Валянціна Сяргееўна Танковіч – адзіная з усяго прадпрыемства, хто ўзнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Гэтую ўзнагароду жанчына апраўдвае справай кожны дзень ужо амаль дваццаць гадоў.


Працоўны дзень галоўнага бухгалтара пачынаецца з тэрміновых спраў, а калі быць больш дакладным, з грошай: спачатку трэба “прагледзець” банк, а пасля і размеркаваць.
Як прызнаецца сама Валянціна Сяргееўна, работа ў ЖКГ – шматпрофільная і складаная. Прадпрыемства фінансуецца і з мясцовага бюджэту, і ўласнымі намаганнямі. Спажывальнікі паслуг разлічваюцца па рахунках “пад ціскам”, – часам неахвотна і несвоечасова. На бухгалтарскіх плячах ляжаць таксама ўсе рахункі па камунальных паслугах, якія аказваюцца насельніцтву ўсяго Астравецкага раёна. І ўсе паперы, шматлікія вылічэнні і лічбы “цягнуць” на сабе восем бухгалтараў, якія знаходзяцца ў падначаленні ў галоўнага “буха”, які і нясе адказнасць за ўсю бухгалтэрыю.
Аднак не лічбамі адзінымі! Кожны дзень Валянціна Сяргееўна “пачкамі” атрымлівае не толькі карэспандэнцыю, але і тэлефанаванні ад незадаволеных жыхароў нашага раёна, якія не называюць ні імя, ні прозвішча, а дазваляюць сабе размовы “на павышаных танах”. У такія хвіліны ёй хочацца махнуць на ўсё рукой і не апраўдвацца перад незнаёмым чалавекам.
Нягледзячы на шматлікія “мінусы”, якія ёсць у любой рабоце, Валянціна Сяргееўна, дзякуючы свайму жыццялюбству і прыроджанаму аптымізму, імкнецца заўважаць толькі “плюсы”. На рабоце гэта, несумненна, добры калектыў і надзейны намеснік Данута Мечыславаўна Лукашэвіч.
А калектыў жыллёва-камунальнай гаспадаркі свайму галоўнаму бухгалтару аддзячвае павагай, таму што Валянціна Сяргееўна заўсёды знаходзіць хвілінку, каб выслухаць кожнага, хто звяртаецца да яе са сваёй праблемай, і дапамагчы.
“Ганаровая камунальшчыца” заўсёды кіруецца правілам, якое яшчэ ніводнага разу не падвяло: людзям заўсёды трэба ісці насустрач. І праблемы, якія яшчэ ўчора здаваліся невырашальнымі, сёння адкрываюцца з новага боку. Аказваецца, што выйсце ёсць заўсёды.
Як хуткаплынна прамінае дзень за працоўнымі справамі, так неўпрыкмет змяняецца год за годам. Валянціна Сяргееўна нават і азірнуцца не паспела, як прыкіпела сэрцам да другой радзімы, як павырасталі прыгажуні-дачушкі, адвучыліся, “абраслі” сваімі сем’ямі, а яна сама, шматдзетная маці, стала бабуляй пяцярых унукаў. І калі некаму з дачок трэба тэрмінова ехаць на сесію, то вядома, хто будзе няньчыць і збіраць малых у школу-садкі, – бабуля.
Валянціна Сяргееўна дваццаць гадоў адпрацавала ў камбінаце будаўнічых матэрыялаў, а ў 1995 годзе прыйшла працаваць у ЖКГ – і засталася. Прайшло ўжо два гады, як жанчына выйшла на пенсію, але працягвае працаваць. Яна прызнаецца, што ў думках даўно збіраецца заняцца толькі домам і кветкамі – заслужана адпачываць. Вось толькі ўсё не знаходзіцца чалавека, які б захацеў ўзваліць на свае плечы ўсю бухгалтэрыю жыллёва-камунальнай гаспадаркі і спраўляцца з ёй з дня ў дзень, з году ў год – гэтак жа, як і Валянціна Сяргееўна, пакуль адзіны ў Астраўцы ганаровы работнік ЖКГ.



Малады і адказны

За апошнія два гады Астравецкае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі папоўнілася дзясяткам маладых спецыялістаў. І многія работнікі, якія працуюць тут не адзін год, працягваюць далейшую адукацыю ў навучальных установах Беларусі.
Напярэдадні прафесійнага свята малады спецыяліст РУП ЖКГ інжынер па каштарыснай рабоце Аляксей Пятровіч Каморнік расказаў пра свае працоўныя будні і далейшыя планы на жыццё.


– Аляксей, раскажыце пра сябе: дзе нарадзіліся, дзе вучыліся і якімі вятрамі вас занесла на Астравеччыну?


– Родам я з Ашмян, таму Астравец, можна сказаць, для мяне не чужы. Ужо ў дзявятым класе я дакладна ведаў, што звяжу сваё жыццё з будаўніцтвам: мне падабаліся чарцяжы, розныя канструкцыі.
Пасля экзаменаў стала зразумела, што ў сталічныя ВНУ я праходжу толькі на платнае аддзяленне. Але навошта траціць грошы дзеля таго, каб вучыцца ў сталіцы, а ў дадатак яшчэ і здымаць кватэру, калі такую спецыяльнасць можна атрымаць у адным з абласных цэнтраў? Таму інжынерам-будаўніком я стаў у Магілёўскім універсітэце.
Падчас размеркавання я вырашыў, што буду прасіцца на Астравеччыну. Бацькі мяне падтрымалі. Дарэчы, у нядзелю яны таксама, як і я, будуць адзначаць сваё прафесійнае свята: тата на працягу пятнаццаці гадоў узначальваў Ашмянскае РУП ЖКГ, а мама працавала адміністратарам у гасцініцы.


– Значыць, можна канстатыраваць, што зараджаецца дынастыя “камунальшчыкаў”?


– Напэўна, рана загадваць наперад, таму што я працую ў гэтай сферы толькі другі год. Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што работа мяне задавальняе. Я вельмі ўдзячны дырэктару Аляксандру Браніслававічу Стурлісу, які ўзяў мяне на працу, – нявопытнага, адразу пасля ўніверсітэта.


– Другі год вашай “адпрацоўкі” падыходзіць да заканчэння. Вы збіраецеся заставацца на прадпрыемстве або ёсць іншыя планы? Не верыцца, што за гэты час вам не паступіла ніводнай зманлівай прапановы ад іншых прадпрыемстваў і арганізацый.


– Прызнаюся шчыра: прапановы былі. Многія мае былыя аднакласнікі і аднагрупнікі зараз працуюць у будаўнічых арганізацыях, сіламі якіх узводзіцца першая беларуская АЭС.
Аднак мяне ўсё задавальняе на сваім цяперашнім месцы: прадпрыемства забяспечыла жыллём (пакой у інтэрнаце), мне падабаецца работа, ёсць перспектыва кар’ернага росту. Пагэтаму я не планую сыходзіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Думаю, што менавіта тут дасягну поспеху.
У маладога спецыяліста, калі ён добра і сумленна працуе, ёсць усе шанцы падняцца па службовай лесвіцы. У далейшым планую перайсці на пасаду майстра або прараба будаўнічых участкаў.


– Аляксей, што б вы пажадалі сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?


– Кожны камунальнік ведае, што рускі варыянт абрэвіятуры ЖКХ жартоўна расшыфроўваецца як “живи как хозяин”. Менавіта гэтага і хацелася б пажадаць калегам: жывіце як гаспадары!


– Дзякуй за гутарку, і няхай усё задуманае спаўняецца!



З любоўю да людзей

Зараз у нашым раёне засталося толькі восем сельскіх прыёмных пунктаў бытавога абслугоўвання, куды жыхары аддаленых населеных пунктаў могуць здаць у рамонт абутак, адзенне або тэлевізар ці нават заказаць перацяжку мэблі. Загадчыцу СПП “Гудагай” Наталлю Чарняўску ю, якая заўсёды і параіць, і падкажа, ведаюць усе жыхары ў наваколлі пасёлка.


Нягледзячы на тое, што ў дзяцінстве Наталля марыла стаць дзіцячым урачом, зараз жанчына ўсёй душой любіць сваю работу і людзей, якія на працягу дня прыходзяць у Гудагайскі прыёмны пункт. Ён прыцягвае жыхароў, у якіх няма магчымасці выбрацца ў горад, спектрам паслуг: рытуальныя, рамонт адзення і абутку, паслугі цырульніка, які прыязджае сюды па графіку два разы на месяц. Але больш за ўсё Наталлі Казіміраўне падабаецца працаваць на выездах. І нягледзячы на тое, што адпраўляюцца яны “ў свет” у 9 гадзін раніцы, а вяртаюцца дадому ў 7 гадзін вечара, для загадчыцы на першым месцы заўсёды стаяць жывыя стасункі з людзьмі. Магчыма, кліенты таксама адчуваюць, што маладая жанчына адносіцца да іх з душой, пагэтаму з задавальненнем набываюць прадукцыю вытворчасці камбіната бытавога абслугоўвання: курткі, штаны, пасцельную бялізну…


– На выездзе душа адпачывае ад хатніх клопатаў і штодзённых праблем, – расказвае пра сваю работу Наталля Казіміраўна. – Да нас звяртаюцца розныя людзі: і пажылыя, і сярэдняга ўзросту. Да кожнага я прыслухоўваюся і – чую: у наступны раз імкнуся прывесці патрэбную рэч. Па адукацыі я – швачка, пагэтаму для мяне “абнавіць” нешта з вопраткі не ўяўляе ніякіх цяжкасцяў.


Спачатку Наталля Чарняўская працавала загадчыцай сельскага прыёмнага пункта ў Варнянах, затым – у Ізабеліна, Малях, Гудагаі. За гэты час жанчына нарадзіла двух сыноў і прыгажуню-дачушку. Вікторыя, як некалі і яе мама, марыць стаць дзіцячым доктарам. А вось сыны абралі для сябе мужчынскія прафесіі: старэйшы Дзяніс працуе ў СВК “Варняны”, а малодшы Юрый атрымлівае спецыяльнасць будаўніка ў адным са сталічных каледжаў.
Не так даўно Чарняўскія атрымалі ў Астраўцы кватэру, але кожную нядзелю яны ездзяць у Варняны, бо гаспадыня ніяк не можа прывыкнуць да гарадскога жыцця: есці зварыў, прыбраў – і ўсё. І з наступленнем веснавой пары Таццяна не можа дачакацца выхадных, каб папрацаваць ад душы на зямлі і адведаць бацькоў. Дарэчы, Алена Леанідаўна Сцяфанчык, яе мама, на працягу шасці гадоў таксама працавала ў Варнянскім пункце бытавога абслугоўвання.
А ў панядзелак Таццяна Казіміраўна з новымі сіламі і бадзёрым настроем пойдзе на работу, таму што працаваць з людзьмі яна любіць і ўмее.


---------------------------------------------------
Матэрыялы падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.