Сама судьба выткала запутанное полотно жизни Янины Бутович
З усіх незлічоных работ, што давялося рабіць за сваё доўгае жыццё Яніне Іванаўне Бутовіч, больш за ўсё яна любіла ткаць – палатно і ручнікі, абрусы і дываны, розныя ўзоры – простыя, і вытанчаная, перанятыя ў слынных ткаляў і прыдуманыя самой…Ды ніводная майстрыха не прыдумае такі ўзор, які выткаў на суравым палатне яе жыцця лёс. Усяго там намешана-наблытана – і чорных колераў, і чырвоных, і роўных сцежак, і пакручастых дарог…
Дачка Яна Сямашкі
З зямлі не будзеш багаты, ды будзеш гарбаты (Народная прымаўка)
– Яшчэ ў дзяцінстве я для сябе зрабіла адкрыццё: калі скажам незнаёмым людзям, што мы ўнукі Яна Сямашкі, – нас прымуць у любым доме, дапамогуць, растлумачаць, што трэба. Калі ж назавёмся дзецьмі Бутовіча – то і на парог не пусцяць, – гаворыць Ірына, старэйшая дачка бабы Яні.
Жыццё ніколі не песціла Яніну – зрэшты, як і ўсю іх сям’ю.
Яе бацьку, Івана Станіслававіча Сямашку, лёс пакідаў па свеце: давялося яму пабываць і ў Маньчжурыі, і ў Францыі, і ў Германіі, і нават у Афрыцы. Чалавек ён быў адукаваны, свабодна валодаў французскай і нямецкай мовамі. Сябраваў з Юзафам Пілсудскім. Шмат чытаў. Але больш за ўсё любіў і цаніў зямлю. І калі суседзі перад вайной, адчуваючы трывожныя павевы з усходу, пачалі прадаваць свае надзелы і з’язджаць у глыб Польшчы ці куды далей, Сямашка іх скупляў. Бо лічыў, як і яго любімы пісьменнік Якуб Колас, “Новую зямлю” якога ён ведаў на памяць і мог цытаваць з любога месца, што “зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць, зямля дасць волі, дасць і сілы, зямля паслужыць да магілы, зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля – аснова ўсёй айчыне.”
Але з зямлі, як сцвярджае народная мудрасць, не будзеш багаты, ды будзеш гарбаты. Бо любіць яна, каб яе песцілі, даглядалі, шанавалі – тады і аддзячыць. Нават не такая ўрадлівая, як у Дубоўцы – была такая вёсачка на сем двароў паміж Ліцвянамі і Перавознікамі, дзе і жылі Сямашкі.
У сям’і было шасцёра дзяцей. Старэйшаму споўнілася дванаццаць гадоў, малодшаму – шэсць месяцаў, калі памерла жонка. Яня была трэцяй… Хутка бацька прывёў у хату новую гаспадыню – а як жа без жанчыны з такой гаспадаркай ды паўтузінам дзяцей?! На шчасце, мачыха, таксама ўдава, была жанчынай добрай і спагадлівай, мужавых дзяцей не крыўдзіла. А неўзабаве да шасці дабавіліся яшчэ двое. І працаваць усім даводзілася многа і цяжка.
– Голаду мы не ведалі, – успамінае баба Яня. – Але і адпачынку – таксама. Мне здавалася, што я ніколі ў жыцці не высплюся...
Дысцыпліна ў сям’і была строгая. Звечара бацька раздаваў хатнім “нарад”: хто, што і колькі павінен заўтра зрабіць. І паспрабуй не выканай!
Кожнага са сваіх дзяцей бацька вывучыў справе, якая магла б пракарміць у жыцці. Хлопцаў “прыставіў” да тэхнікі і кавальскай справы, дзяўчат – да жаночага рамяства: Маня была швачкай, Броня смачна гатавала, а Яня ткала дываны і ручнікі на заглядзенне ўсёй акругі. Вядома ж, усім гэтым займацца можна было толькі пасля таго, як асноўная работа ў полі ды па гаспадарцы пароблена.
Гаспадаром Ян Сямашка быў спраўным. І, калі прыйшлі саветы, яго прозвішча стаяла адным з першых у спісе на высылку. Ды ён, зразумеўшы, што саветы – усур’ёз і надоўга, апярэдзіў: добраахвотна аддаў усё сваё дабро ў “агульны кацёл”. На аснове яго гаспадаркі стварылі калгас, на гумне прычапілі шыльду “Калгас “Перамога” – і Сямашка, сціснуўшы зубы, назіраў, як прапіваюць, марнуюць, руйнуюць тое, што ён нажываў гадамі і горкім мазалём. “Адпусціўся” Ян Сямашка толькі тады, як на яго палях сталі збіраць ураджаі пад 20 цэнтнераў з гектара – паверыў, што калектыўная гаспадарка лепшая за аднаасобную, шчыра прызнаваўся, што яго палі ніколі так не радзілі. І на старасці любімым заняткам Яна Сямашкі было прайсціся па сваім полі, паглядзець, як наліваецца, гнецца долу пад цяжарам буйных зярнят важкі колас.
Жонка Браніслава Бутовіча
Выйсці замуж – не напасць, толькі б замужам не прапасць (Народная прымаўка)
Кажуць, пра нябожчыка – альбо добра, альбо ніяк. Але ж з песні слова не выкінеш. А ўжо з жыцця – тым больш…
Бронюсь Бутовіч Яні ніколі не падабаўся: гультаяваты, у чарку любіў зазірнуць, маладзейшы за яе, ды і з Перавознікаў – а там жа адна галата… Ёй падабаўся іншы хлопец, трашчанскі. Але бацька вырашыў, што дачка пойдзе за Бутовіча – а з ім не паспрачаешся…
Хацінка ў жаніха была слабенькая, дах працякаў – Ян Сямашка паставіў добрую, спраўную, якая і зараз стаіць на стромкім беразе Віліі. Даў дачцэ ў пасаг карову, купіў лодку – як жа без яе на рацэ? Жывіце, разжывайцеся…
Але, каб разжывацца, трэба працаваць, а зяцю гэта было не даспадобы. Вось чарка, пагулянка – гэта па ім! Уся работа – і мужчынская, і жаночая – легла на Яніны плечы. А як крышачку падраслі дзеці – Ірына, Уладзік, Чэся – то і яны стараліся падставіць свой кволы дзіцячы плячук пад цяжкі воз матуліных клопатаў, пакуль бацька лайдакаваў.
Але найгорш было тое, што Бутовіч стаў біць жонку. Не з гарачкі, не па п’янцы ці са злога нагавору – біў сістэматычна, жорстка і так, каб бачных слядоў не заставалася.
Было ўражанне, што ён хоча звесці Яніну на той свет – але так, каб пасля не трапіць у турму.
Аднойчы дзесяцікласніца Ірына вярнулася са школы – і знайшла маці здранцвелую і амаль непрытомную. Яна і сама не можа растлумачыць, адкуль у яе, вясковай дзяўчынкі, у той момант узяліся сілы, розум, рашучасць – няйнакш, сам Бог вёў за руку. Яна адвезла маці ў Мінск, дзе нікога не ведала, і ў калідоры першай бальніцы, шыльду якой убачыла – па волі выпадку ці па Божаму промыслу гэта было нейрахірургічнае аддзяленне, – бухнулася ў ногі першаму сустрэтаму чалавеку ў белым халаце: “Дзядзечка, уратуйце маму!!!”. “Дзядзечка” аказаўся вядомым прафесарам – і згадзіўся агледзець жанчыну. Аказалася, што ў мазжачку Яніны запяклася вялікая гематома, якая ціснула на мозг. Прагноз быў несуцяшальны: без аперацыі памрэ праз два-тры месяцы, але і аперацыя не дае ніякай гарантыі – толькі слабую надзею. “Зрабіце аперацыю,” – прасіла Ірына – але юрыдычнай сілы просьба непаўналетняй дачкі не мела. І ўсё ж урачы рызыкнулі…
Аперацыя доўжылася дзесяць гадзін. Два тыдні пасля жанчына не прыходзіла ў прытомнасць, кожны дзень мог стаць апошнім у яе жыцці. Калі яна нарэшце расплюшчыла вочы, узрадаваная Ірына паехала дахаты: там засталіся дзеці, адказнасць за якіх легла на худзенькія плечы дзяўчынкі – брат Уладак, які вучыўся ў пятым класе, і першакласніца Чэся. А яшчэ – і гэта было самым жудасным – бацька…
Ірына разумела, што, пакуль ён дома, маму з бальніцы забраць немагчыма: даб’е.
Маці Ірыны, Уладзіка, Чэсі
Няма дачкі – то няма і родзічкі (Народная прымаўка)
Калі дачка звярнулася ў адпаведныя органы з просьбай развесці бацькоў і растлумачыла, што ды як, яе, як гэта ні дзіўна, зразумелі.
І бацькоў развялі, пакінуўшы жонцы з дзецьмі, як і прасіла Ірына, хату, хлеў і лодку – але за гэта яны павінны былі яшчэ сплаціць бацьку грошы.
Дзяўчына прадала ўсё, што магла, але патрэбнай сумы не набіралася. І тады прыйшла суседка:
– Ірына, прадай мне сваё паліто…
– Навошта вам, цётачка? Яно ж вам не падыходзіць, а дзяцей у вас няма…
– А ты прадай. Гэта ўжо мая справа, што з ім рабіць. Ірына паціснула плячыма і назвала цану:
– Васямнаццаць рублёў.
– Добрае паліто, – пакруціла адзежыну ў руках суседка. – Яно каштуе ўсе сорак, – і аддала дзяўчыне суму, якой не хапала, каб выкупіць у бацькі права на спакойнае жыццё.
…Пазней, калі насталі халады і Ірына не мела чаго надзець, суседка прынесла ёй тое самае паліто:
– Апраніся, дзіця, не мерзні…
Тое паліто і тыя сорак рублёў, што ўратавалі іх тады, Ірына запомніла на ўсё жыццё…
Астатнюю хатнюю маёмасць суд пастанавіў раздзяліць пароўну паміж мужам і жонкай – і гаспадар выканаў гэтую пастанову дакладна: кожную рэч, што была ў хаце, рассек напалову. Ірына глядзела, як бацька дзеліць маёмасць – і дзякавала Богу за тое, што гэтага не бачыць маці.
…Матулю прывезлі з бальніцы ў амаль пустую хату – але тут ужо не жылі страх і небяспека, яны зніклі разам з бацькам, які набыў доўгачаканую свабоду і апантана кінуўся шукаць сабе новую жонку.
Маці амаль не падымалася. Ірына якраз закончыла Варнянскую школу. Беларускую мову і літаратуру ў іх выкладала Валянціна Коўтун, якая пазней стала вядомай пісьменніцай, – і
дзяўчыне пад яе ўплывам таксама захацелася вывучыцца на настаўніцу. Але ўсе казалі, што ім, вясковым дзецям, без грошай і блату шлях да вышэйшай адукацыі закрыты. Ірына вырашыла праверыць, ці так гэта – і паступіла на філфак Белдзяржуніверсітэта. Але вучыцца не паехала: дома ляжала хворая маці, якую трэба было даглядаць. Ёй далі даведку, што на наступны год яна зможа прыступіць да заняткаў ужо без здачы экзаменаў.
Але да наступнага першага верасня быў яшчэ цэлы год… І яго трэба было неяк пражыць – без грошай, з хворай маці і малодшымі братам і сястрой на руках. Ірына стала працаваць піянерважатай у роднай Быстрыцкай школе і ўзваліла на сябе ўсю гаспадарку. Праўда, у яе былі памочнікі: маленькая Чэся адказвала за парадак у хаце, а з Уладака атрымаўся
цудоўны кухар: ён умеў зварыць есці літаральна з нічога, ды яшчэ як смачна! А Ірына, як яна сёння жартуе, стала “дваранкай” – працавала ў двары: дровы, сена, гной, жывёла – усё гэта было яе клопатам.
Праз год маці крыху акрыяла – і Ірына папрасілася:
– Мама, калі я не паеду вучыцца зараз, то не паеду ўжо ніколі…
Яна не скарысталася сваёй даведкай: зноў здавала экзамены на роўных з усімі – і зноў паступіла.
За час вучобы Ірына не ўзяла з хаты ніводнай капейкі: не проста ўмудралася жыць у сталіцы на сваю павышаную стыпендыю ў 45 рублёў, але яшчэ і зэканоміць, каб купіць гасцінцаў дзецям і маці…
Бутовіч прыязджаў некалькі разоў да былой жонкі – прасіцца, каб прыняла назад. Яніна не згадзілася: яна ўжо пажыла ў спакоі і нават думаць не магла, каб добраахвотна вярнуцца ў
тое пекла, якім было яе жыццё. Хоць увесь час лічыла, што перад Богам яна – мужняя жонка, бо шлюб ім давалі ў касцёле. І да глыбокай старасці насіла на правай руцэ свой алюміневы заручальны пярсцёнак.
Яе кат-муж закончыў жыццё дакладна па такім сцэнарыі, які рыхтаваў для жонкі: яго моцна пабіў малады палюбоўнік новай жонкі – і праз два тыдні мужчына памёр. Хавалі яго дзеці – тыя самыя, над галоўкамі якіх ён некалі ноччу трымаў сякеру, каб адным махам пазбавіцца ад усіх траіх, і толькі ўсмешка Ірыны, якая ў той момант прачнулася і, не адводзячы позірк, глядзела ў шалёныя бацькавы вочы, уратавала ад непапраўнага. Пазней, праз гады, дзеці, як і жонка, даравалі яму.
Даравалі – але не забылі…
Хата гасцямі багата
Дай Бог даваць, а не прасіць (Народная прымаўка)
Вяртанне з таго свету, куды яе стараўся адправіць муж, не зрабіла Яніну жорсткай і злой. Яна па-ранейшаму любіла і шанавала людзей.
Усе ў наваколлі ведалі: калі няма дзе пераначаваць, можна пастукацца ў хату Бутовічаў: там прымуць, накормяць, абагрэюць… Ды яшчэ і на дарогу кавалак хлеба дадуць: “Можа, і маім дзецям некалі нехта нешта дасць” – заўсёды прыгаворвала пры гэтым гаспадыня.
Калі Ірына прывезла на агледзіны будучага мужа, праваслаўнага палескага хлопца, маці, шчырая каталічка, не сказала дзяўчыне ні слова насуперак: калі табе будзе добра, то мне – тройчы.
– Маці я страціў рана, і цешча дала мне тое, чаго я не дабраў у дзяцінстве: матчыну ласку, пяшчоту, разуменне, – гаворыць вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі, муж Ірыны. – А калі мая родная хата пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС апынулася ў зоне адчужэння, Перавознікі сталі прыстанню майго жыцця. На гэтым беразе напісана большая частка маіх твораў і нямала іх прысвечана гэтым мясцінам і тутэйшым людзям. А колькі маіх сталічных сяброў, пісьменнікаў, тут перабывала! Тут збіраў рыжыкі Максім Лужанін, уся вёска прыходзіла паслухаць Барыса Сачанку і Анатоля Вялюгіна, бываў тут і Алесь Пісьмянкоў – светлая памяць ім усім. Не злічыць усіх, хто натхняўся сасновым водарам перавозніцкага лесу, уплятаў вершаваныя радкі ў хвалі хуткаплыннай Віліі. І каго б я ні прывёз у Перавознікі, ніколі не тое што не чуў папроку – не бачыў на твары ў цешчы нават ценю незадаволенасці: яна заўсёды ўсім была радая.
Доўгажыхарка
Гады – як сарокі: зіма, лета – дый год (Народная прымаўка)
Яніна Іванаўна памірала тройчы. І ці думала яна, развітвалася з жыццём пасля мужавай “ласкі”; калі здарыўся інсульт і ўнук, які вырашыў заехаць у Перавознікі праведаць бабулю, і знайшоў яе непрытомную на снезе ля хлява; калі яе арганізм адмовіўся прымаць харчаванне, і ўрачы разводзілі рукамі – мы не богі! – ці ж думала калі баба Яня, што пераадолее ўсё –і дажыве да свайго 90-годдзя?
– Ніколі, – махае рукой сівенькая бабуля.
– А ці хацелі б вярнуцца ў маладосць? – дапытваюся я.
– Не, – адмоўна круціць галавой баба Яня. – Чаго б сапраўды хацела – дык гэта работу рабіць. Хоць якую! А найбольш – ткаць: от любіла я гэтую справу…
Бабуля зараз жыве ў Падольцах, у сям’і сына Уладзіслава і нявесткі Марыны, якая для яе з першага дня стала трэцяй дачкой. І, нягледзячы на ўзрост, стараецца знайсці сабе занятак: маленькіх трусянят, што засталіся пасля таго, як здохла маці-кральчыха, выгадавала, то шматлікіх каткоў гадуе – любяць яны бабулю. А летам, як чарніцы пойдуць, у бліжэйшы лясок выбіраецца, каб жменьку ягад набраць – спелых, салодкіх, як у сваім лесе. Канешне, тых ягад і Марына прынясе – але ж бабулі хочацца ў лес, хоць на хвілінку, хоць на адзін уздых на поўныя грудзі сапраўднага, ляснога, настоенага на смале і разнатраўі паветра…
– Як вы лічыце, у чым сакрэт даўгалецця бабы Яні? – пытаюся ў яе блізкіх.
– Мама заўсёды вяла правільны лад жыцця, хоць ніхто яе гэтаму не вучыў,– гаворыць Ірына. – У пятніцу ў яе заўсёды быў пост – разгрузачны дзень. Магазінных каўбас яна ніколі не прызнавала – ела толькі сваё. І ўсё жыццё пражыла з Богам: малітвай пачынала дзень і малітвай яго заканчвала. І ў той час, калі мама моліцца, могуць хоць камяні з неба падаць – не заўважыць: яна нібы ўваходзіць у стан медытацыі, размаўляючы з Богам.
– Мама заўсёды была вельмі спакойная, ніколі ні на каго не злавалася, – дадае нявестка.
– Што б ні здарылася – ёй усё добра – і ўсе добрыя.
– Мая цешча – не, мая маці! – вельмі чысты душой чалавек, – выказвае сваё перакананне зяць Мікола. – І яна знаходзіцца ў пастаянным душэўным руху. Я толькі аднойчы бачыў яе расхваляванай і спалоханай: калі згубіла ў лесе свой ружанец. На шчасце, яго хутка знайшлі – зусім выпадкова, але тады стала зразумела, што ён значыць для бабулі.
…Шмат нягод і выпрабаванняў выпала на долю Яніны Іванаўны Бутовіч. Яна і сёння памятае тую роспач, калі ў вайну іх прыйшлі рабаваць “лясныя браты”: забралі з хаты ўсё, што было, “ставілі пад абрэз” усю сям’ю, згвалтавалі сястру, якая пасля гэтага страціла розум. І хацела б, ды не зможа забыць сполахі агню на сцяне хаты, якую падпаліў, падвучаны бацькам, яе сын – і той даўкі камяк болю, які не мог прарвацца ні плачам, ні крыкам, а толькі скаланаў знутры – і калоціць да гэтага часу невылечнай хваробай Паркінсона. Але і той боль не зраўняецца з пякельным агнём, што навылёт прапякаў душу, калі паклалі ў труну так недарэчна загінуўшую малодшую дачку Чэсю.
Напэўна, няма той часцінкі ў яе душы і на яе целе, якая б не зведала болю… І ўсё ж зараз, на схіле гадоў, яна – шчаслівая. І, ніколі не ведаўшая раскошы, – багатая.
Не кожны можа пахваліцца такім скарбам: дачка, сын, зяць, нявестка, шасцёра ўнукаў, столькі ж праўнукаў. У мінулую суботу ўсе яны сабраліся на беразе Віліі ў колішніх Перавозніках, ад якіх засталася адна іх хата, каб павіншаваць матулю, бабулю, прабабулю з такім значным і прыгожым юбілеем – 90-годдзем.
Жыві ж доўга, баба Яня, у спакоі і любові – ты заслужыла шчаслівую, дагледжаную старасць сваім доўгім шматпакутным жыццём.
Ніна РЫБІК.

