Работа на улице: как пережить мороз?

Зусім нядаўна мы бурчэлі: “Ну што гэта за зіма – ні снегу, ні марозу, Новы год – з дажджом. Вось некалі былі зімы!” Ну вось, нарэшце! Дачакаліся сапраўднай зімы: з траскучымі маразамі пад 20 (а то і за 20) градусаў. Яна знянацку накрыла людзей холадам, і чалавечыя жаданні зноў змяніліся: усім захацелася цяпла.
Хуткімі перабежкамі дабіраемся да працы – і хаваемся ў кабінетах. Аднак ёсць і тыя, хто зімой, нягледзячы на холад, і летам, не зважаючы на спёку, выконваюць свае працоўныя абавязкі, і прычым не ва ўтульнах кабінетах.
Мы вырашылі даведацца, як працуецца ў маразы тым, чыя работа ў большай меры праходзіць на свежым (а зараз – марозным!) паветры.



Першыя гарадскія “ластаўкі”

Не, я не пра аўтамабілі, якія запаўняюць вуліцы горада з прыбліжэннем стрэлкі гадзінніка да круглабокай васьмёркі. Першыя гарадскія “ластаўкі” – гэта дворнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Іх працоўны дзень пачынаецца куды раней, чым у большасці грамадзян. У 6 гадзін раніцы дворнікі ўжо знаходзяцца на “баявых пастах”. А калі неба бесперастанку сыпле снегам – яны выходзяць на працу і ў выхадныя дні.
Брыгадзірам Вользе Уждалевіч і Марыі Парчук складана сказаць, што лягчэй: чысціць тратуары ад снегу або ад лёду. Пакідай “мокры” снег лапатай – і праз дзесяць хвілін сам змакрэеш. Вызваляць з “ледзяных абдымкаў” тратуары таксама няпроста. Хоць Вольга Францаўна дадае, што ёй лепш падабаецца заснежанасць: і вока радуецца, і дзіця на санках пракаціць можна.
На аднаго дворніка ў Астраўцы часам прыходзіцца каля пяці дамоў. А дамы – гэта не толькі пад’езды, але і дваровая тэрыторыя, і кантэйнерныя пляцоўкі, і аўтамабільныя стаянкі.
Зараз асноўныя сілы жыллёва-камунальнай гаспадаркі кінуты на барацьбу з абледзяненнем. Дворнік Галіна Вайцюль ліха ўпраўляецца з ледаколам. І нават у свой юбілейны дзень нараджэння (30 студзеня – заўв.аўт.) жанчына таксама будзе роўна ў 6 гадзін раніцы на “баявым пасту”.
– Бывае, як накідаешся за дзень снегу, то ледзьве ногі дамоў цягнеш, – дзеліцца Галіна Рамуальдаўна. – А ў хаце пасядзіш – ізноў “цёнг” да работы з’яўляецца”.



Кантроль дарог – у надзейных руках

Адшукаць інжынера па кантролі пасажырскага і грузавога транспарту Аўтамабільнага парка №4, а прасцей – кантралёра Валянціна Віткевіча аказалася не так ужо і проста.
Нават у марозныя дні кантроль за якасцю абслугоўвання пасажыраў, абагрэвам салона і прытрымліваннем вадзіцелямі раскладу руху не адмяняюцца. Па словах Валянціна Зыфрыдавіча, яму за мінулы тыдзень даводзілася ездзіць у Гродна тры разы, а маршрутаў па раёну увогуле не злічыць.
Большую частку працоўнага дня кантралёр праводзіць на вуліцы. Аднак на холад не скардзіцца – ратуе не толькі спецадзенне, але і энтузіязм, з якім працуе Валянцін Зыфрыдавіч.
Хоць у інжынера па кантролі пасажырскага і грузавога транспарту ненарміраваны рабочы дзень (часам даводзіцца пачынаць яго і ў 5 гадзін раніцы), аднак задавальненне ад працы перавешвае ўсе нязручнасці.



Плюс – мароз, мінус – прыбытак

Мне чамусьці здавалася, што ў такое надвор’е гандлёвыя рады астравецкага рынку будуць пустымі: не будзе ні пакупнікоў, ні прадаўцоў. Але ж!..
Паміж радамі хадзілі рэдкія пакупнікі: кідалі позірк на адзенне або абутак – і хутка знікалі.
Як прызнаецца адна з прадпрымальніц, студзень і люты не акупляюцца. Людзі звычайна прыходзяць на рынак за дробязямі: пальчаткамі, шкарпэткамі або шалікамі. На такім марозе ніхто не хоча распранацца і мераць адзенне або абутак.
Жанчына прызнаецца, што “дзяжурыць” на рынку 3-4 гадзіны ў дзень, а калі зусім марозна – увогуле не выходзіць. Аднак на выхадныя дні заўсёды праводзіць на сваім працоўным месцы: прыходзіць больш людзей, а, значыць, ёсць верагоднасць прадаць не толькі пальчаткі і шалікі.
Пад рукой заўсёды тэрмас з гарачым чаем або кавай. Таксама прадпрымальнікі адпускаюць адзін аднаго пагрэцца ў магазін, які знаходзіцца на тэрыторыі рынка.
Прыслухоўваюся да размовы іншых гандляроў, якія, хоць і апрануты ў “сто адзежак”, усё роўна пераступаюць з нагі на нагу.
– Учора куртку купілі, а сёння аднеслі, – скардзіцца адна жанчына сваёй суседцы па рынку.
– А ў мяне ўвогуле ніводнага пакупніка не было, – адказвае другая.
Падыходжу бліжэй і пытаюся, як ідуць таргі. У адказ далятае двухгалоссе:
– Такія і таргі!
Адну з жанчын прыйшоў змяніць муж, таму што выстаяць на марозе з 9 да 14 гадзін нават у цёплай вопратцы – складана. Аднак прадпрымальнікі, якія працуюць на рынку, сцвярджаюць: холад – не бяда, былі б толькі пакупнікі.



Будаўнікі надвор’е не выбіраюць

Як працуецца будаўнікам МПМК-158 пры надвор’і са знакам “мінус”, мы вырашылі даведацца ў іх саміх.
Зараз спецыялісты МПМК-158 працуюць на некалькіх аб’ектах. Самы блізкі да горада – вёска Малі. Тут дзве брыгады ўзводзяць два аднакватэрныя дамы. “Каробкі” ўжо гатовыя, засталіся ўнутраныя работы: правесці электраправодку, патынкаваць, устанавіць сантэхніку.
Брыгадзір Часлаў Браніслававіч Шаблоўскі запрашае ў “райскае” месца (пасля “кусачага” марозу бытавы вагончык здаецца менавіта такім). Печка, якую распальваюць з самай раніцы, грэе не толькі бытавое памяшканне, але і людзей, якія тут абедаюць і час ад часу “заскокваюць” сагрэцца на працягу дня.
– Ну што, адтаялі? – звяртаецца да мяне брыгадзір. – Тады самы час пазнаёміцца з брыгадай.
Падыходзім да гаспадарчых пабудоў, дзе поўным ходам ідуць работы: хтосьці падае матэрыял, хтосьці забівае цвікі. Задаю адно, стаўшае сёння “каронным”, пытанне: не холадна? Будаўнікі дружна заліваюцца смехам, і хтосьці адказвае за ўсіх:
– Як будзеш стаяць – змерзнеш… А працаваць – цёпла!
Дружная брыгада працягвае працаваць, а я тым часам імкнуся зрабіць некалькі здымкаў.
– Ой, каб вы раней прыехалі… – даносіцца ззаду чыйсьці голас.
– І што было б? – цікаўлюся.
– Дык мы дах сёння крылі. Вы б во такія фотаздымкі зрабілі! – вялікі палец цягнецца ўверх.
Значыць, “клас-фотаздымкаў” зрабіць не ўдалося. Аднак даведалася, што будаўнікам не страшныя “ни зной, ни слякоть…” Яны працуюць у любую пару года, таму што на будаўніцтве надвор’е не выбіраюць.



Свежыя навіны – у кожны дом!

Дзякуючы хуткім нагам і спрытным рукам паштальёнаў кожны жыхар Астравеччыны ў час атрымлівае свежыя навіны з жыцця свету, краіны і раёна. І мароз для гэтага – не перашкода.
Як прызнаецца астравецкі паштальён Алена Стаціна, маразы ёй не перашкаджаюць разносіць карэспандэнцыю. Участак Алены Мечыславаўны складаюць у асноўным прадпрыемствы, арганізацыі і прыватны сектар. З раніцы яна раскладвае газеты, пісьмы, а затым ужо ідзе па адрасатах.
Для таго, каб эканоміць час і кожны раз не здымаць, а пасля ізноў апранаць рукавіцы, Алена хавае свае ручкі ў рукавіца-пальчатках.
Варнянская “лістаношка” Алена Магадзя расказвае, што за газетамі даводзіцца прыходзіць у паштовае аддзяленне сувязі два разы на дзень. Звычайна паштальёны абыходзяць “падуладную тэрыторыю” да пяці гадзін вечара, аднак у сераду і суботу, бывае, заканчваюць выконваць свае абавязкі пасля сямі гадзін вечара.
На маё пытанне “Ці замярзаеце?” Алена Іванаўна адказала рытарычным ці то пытаннем, ці то сцвярджэннем:
– Як рухаешся, дык дзе ж там замерзнеш?!


Калі зазірнуць у народны каляндар, то на 30 студзеня прыпадае “Антон-паўзімнік”, а значыць зіма “перакуліла” за палову і павінна пакрысе адыходзіць…
Але ж хто яе ведае, гэтую нарав істую дзяўчыну?
Ды толькі ніякія маразы людзям, улюбёным у сваю справу, – не перашкода. Праўда?


-------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.