Рабочий день островецкого участкового начинается с изучения оперативной сводки
Прафесія ўчастковага інспектара міліцыі – няпростая і напружаная. Скандал ці спрэчка, крадзеж ці хуліганства – у першую чаргу разбірацца на месца здарэння ідуць участковыя. Выслухаць і параіць, пагаварыць і супакоіць. Нярэдка з супрацоўніка міліцыі яны перакваліфікоўваюцца ў своеасаблівых псіхолагаў і аналітыкаў.Сёння мы пазнаёмімся бліжэй з адным з участковых інспектараў Астраўца – Андрэем Вацлававічам Бізукойцем.
– Ваша прафесія – свядомы выбар ці выпадковае рашэнне?
– Цікавае пытанне... Шчыра кажучы, дакладна не ведаю, свядома ці падсвядома, але ўжо ў школе я ведаў, што хачу быць міліцыянерам. Напэўна, на гэта рашэнне паўплываў старэйшы брат, які служыў у міліцыі. Гледзячы на яго, я і сам уяўляў сябе ў форме. Праўда, пасля яе заканчэння школы пайшоў вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Ну а затым усё як ва ўсіх: армія, служба ва ўнутраных войсках – мы з саслужыўцамі патрулявалі вуліцы Ліды. Вярнуўшыся дадому, праз некаторы час уладкаваўся на службу ў Ашмянскі аддзел унутраных спраў, бо сам родам з Ашмяншчыны.
– З чаго пачаліся міліцэйскія будні?
– З працы міліцыянера-канваіра ізалятара часовага ўтрымання. Там працаваў з 2003 па першага лютага 2011 года. Затым перакваліфікаваўся ва ўчасковага інспектара. Спачатку па Ашмянскім раёне, пасля па сямейных абставінах перавёўся ў Астравец. Зараз адказваю за спакой і парадак грамадзян горада.
– І дзе падабаецца больш?
– І ў Ашмянах, і тут – добры калектыў. А працаваць трэба ўсюды. Праўда, мне здаецца, што ў Астраўцы людзі больш простыя і адкрытыя. Аднак працаваць участковым у горадзе і на вёсцы – крыху розныя рэчы. На раёне, бывае, у тваім падпарадкаванні – дзясяткі населеных пунктаў, размешчаных на рознай адлегласці адзін ад аднаго. У горадзе ж больш сціснутыя рамкі.
– Значыць, зараз у вас работы менш?
– Гэтага я не сказаў. Участак меншы, а аб’ем працы амаль аднолькавы. У сярэднім, кожны дзень паступае па 2-3 заявы, а то і больш. На кожную трэба абавязкова адрэагаваць, калі патрэбна – выехаць на месца, пагаварыць з людзьмі, разабрацца. З чым звяртаюцца? Сямейна-бытавыя канфлікты, скандалы, крадзяжы, хуліганства, пашкоджанне маёмасці… Праблемы і парушэнні не мяняюцца.
– Якія метады прымяняеце пры рабоце з людзьмі?
– Метады? Гэта ў фільмах – розныя метады і падыходы, а ў рэальным жыцці ўсё крыху інакш. Прыходзіць чалавек, і ўжо з першых хвілін стасункаў аўтаматычна складвацца ўражанне аб ім, ведаеш, як трэба размаўляць. Напэўна, гэта проста вопыт, набыты і назапашаны гадамі.
– Ці ёсць выхадны ў участковага інспектара?
– Выхадны, вядома, ёсць… (Усміхаецца) Але калі ў гэты дзень патэлефануюць і папросяць аб дапамозе, няўжо я адмоўлю – маўляў, пачакайце да панядзелка? Здараюцца і такія сітуацыі. Тэлефануюць, просяць парады ці скардзяцца. У такіх выпадках або сам вырашаю праблему, або званю ў аддзел, каб разабраліся.
– З чаго пачынаеце працоўны дзень?
– Як правіла, знаёмлюся з аператыўнай зводкай і вывучаю становішча на сваім участку.
– Як адпачываеце і праводзіце вольны час?
– Стараюся праводзіць яго з сям’ёй. Асабліва любім адпачываць усе разам на прыродзе.
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
