Рабочий день главного инженера Аллы Петкевич планированию не поддаётся
Калі думаеш пра будаўніцтва, адразу ўзнікаюць вобразы мужчын, якія працуюць, нягледзячы на сонечныя промні ці шэрасць дажджавых хмар, як кажуць, закасаўшы рукавы: узводзяць шматкватэрныя дамы, дзіцячыя садкі і школы…І ніякім чынам з будаўніцтвам не стасуецца жанчына, пяшчотная і далікатная, чулая і дагледжаная.
Аднак і жанчыны працуюць у сферы будаўніцтва. Больш таго: калектыў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Астравецкага райвыканкама” амаль цалкам жаночы, а партрэт галоўнага інжынера Алы Анатольеўны Пяткевіч занесены на раённую Дошку гонару.
У будаўніцтве Ала Анатольеўна працуе трыццаць гадоў, і ніводнага разу не здрадзіла сваёй прафесіі. І яе выбар прафесійнага шляху не быў выпадковым, а, можна сказаць, прадвызначаным.
…Ала нарадзілася ў Смаргоні. Калі дзяўчынцы было пяць гадкоў, тату і маму, маладых спецыялістаў, накіравалі на Астравеччыну. Яны працавалі ў будаўнічай сферы. Колькі Ала сябе помніла, дома за сняданкам і вячэрай вяліся размовы выключна пра будаўніцтва.
Тата часта даводзіў:
– Калі я будаўнік, то кім можа быць мая дачка?
Пагэтаму пытанне – куды паступаць пасля школы? – у сям’і нават і не ўзнікала. Вядома, у будаўнічы!
У Днепрапятроўску жыла цётка, старэнькая і адзінокая, і клікала пляменніцу да сябе. Яна прыязджала да сваякоў на Астравеччыну, і ў адзін з прыездаў угаварыла Алу змяніць месца жыхарства. Дзяўчына не збаялася выпраўляцца ў чужую краіну і стала студэнткай Днепрапятроўскага інжынерна-будаўнічага інстытута. За час вучобы цётка памерла, і Ала засталася зусім адна ў чужым горадзе. Пасля заканчэння інстытута вярнулася на радзіму.
У 1983 годзе прыйшла працаваць інжынерам у МПМК-158. І вельмі ўдзячна лёсу, што на сваім працоўным шляху сустрэла Ірыну Васільеўну Кавалевіч, якая стала для Алы прафесійным настаўнікам, вучыла “і бізуном, і пернікам”, дапамагала парадамі. Інстытут даў тэарэтычныя веды, а практыку – Ірына Васільеўна.
У 2000 годзе Ала Анатольеўна перайшла працаваць ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, дзе працуе і зараз. Тут старшы інспектар дзяржбуднагляду Васіль Сільвестравіч Макарэвіч стаў другім настаўнікам, які дапамог адчуць “смак” тэхнічнага нагляду, нюансы яго “рэцэптуры”. Весці пастаянны нагляд за ходам работ на будаўніцтве аб’екта ад пачатку і да канца. Прасачыць, каб усё было выканана згодна з дакументацыяй – якасна, хутка і ў тэрмін, а затым – увесці ў эксплуатацыю аб’ект…
– Мы вялі тэхнічны нагляд за будаўніцтвам аб’яднанай піянернай базы ў Гудагаі. Калі ўзводзіўся насып, пакінулі на ім і свае сляды… А зараз там – такі вялізны комплекс!
Ала Анатольеўна прызналася, што неяк спрабавала скласці графік свайго працоўнага дня, аднак нічога не атрымалася. Таму што нельга прадугадаць, што будзе праз паўгадзіны: тэлефанаванне, тэрміновыя паперы ці выезд на аб’ект. Пагэтаму і спланаваць свой дзень немагчыма: ён складаецца з непрадказальных працоўных пытанняў, на якія трэба знайсці адказы. Ала Анатольеўна працуе і з інстытутамі, і з праектамі, і з прарабамі…
У падначаленні ў галоўнага інжынера – тры інжынеры. Жанчына лічыць, што яны граматна і аператыўна выконваюць свае працоўныя абавязкі:
– Мы атрымліваем пасведчанні тэхнагляду на розныя віды работ: тэхнічную, агульнабудаўнічую і іншыя. Увогуле патрэбен спецыяліст на кожны від работ, а нашы інжынеры маюць па тры пасведчанні. Напрыклад, сантэхнічнае, дарожна-маставое і добраўпарадкаванне з азеляненнем.
Ала Анатольеўна лічыць несправядлівым, што менавіта яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару – яна пераканана, што гэта заслуга ўсяго працоўнага калектыву.
Работа ўпраўлення капітальнага будаўніцтва нагадвае сабой гадзіннікавы механізм: калі адна дэталь сапсавалася ці працуе дрэнна, то ідзе збой усёй сістэмы. Таму кожны спецыяліст імкнецца добрасумленна выконваць свае абавязкі.
Як прызнаецца сама Ала Анатольеўна, на працы яна строгая і патрабавальная – гэткая “жалезная ледзі”. І ўласным прыкладам паказвае падначаленым, як трэба працаваць.
Калі рыхтаваліся да юбілею нашага горада, спецыялісты УКБа працавалі і вечарам, часам – і ноччу, без выхадных. Выклікаюць – і трэба тэрмінова імчаць, бо сорак аб’ектаў не могуць чакаць. І ўсё роўна час ад часу можна пачуць нейкія нараканні.
– Прафесія будаўніка зараз страціла свой прэстыж. Я памятаю часы, калі Дзень будаўніка адзначалі, як вялікае свята. У лесапаркавай зоне быў канцэрт, узнагароджвалі заслужаных спецыялістаў гэтай сферы… А зараз усё больш нейкіх незразумелых нараканняў на нашу працу: многа браку, не вытрымліваюцца тэрміны...
Але варта ўспомніць, якія мы раней атрымлівалі кватэры. Калі параўнаць з тымі, што будуюцца зараз, – гэта неба і зямля. Будаўнікі вельмі добра працуюць. Канешне, не абыходзіцца і без агрэхаў – як і ва ўсіх.
Калі тэлефануюць жыльцы з праблемнымі пытаннямі, то да іх аператыўна выязджаюць спецыялісты, якія на месцы ўхіляюць непаладкі.
Тую зарплату, якую атрымліваюць будаўнікі, яны, я лічу, адпрацоўваюць цалкам.
Затое калі на працы, як кажуць, “зацішша”, Ала Анатольеўна ў нядзелю збірае дачушак разам са сваімі сем’ямі на бліны, як калісьці і сама хадзіла да сваёй мамы…
Малодшая дачка Даша звязала сваё жыццё з культурай, а старэйшая, Алена, заканчвае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Гасціннасць і турызм” – напэўна, ёй ад мамы перадалася любоў да падарожжаў.
Але Анатольеўне падабаецца пазнаваць новыя мясціны. У мінулым годзе ўсёй сям’ёй выязджалі да мора на Украіну, а пра паездкі па роднай Беларусі і казаць няма чаго: у Міры і Нясвіжы жанчына была некалькі разоў. Марыць яшчэ ўбачыць Парыж: знакаміты сабор Парыжскай Богамацеры, Эйфелеву вежу – пярліны сусветнай архітэктуры…
…Як прызнаецца Ала Анатольеўна: красоўкі і джынсы – гэта яе святочнае і штодзённае адзенне. Пра кароткія спадніцы і абцасікі давялося забыцца, таму што ў любы момант, праз гадзіну або пад канец працоўнага дня патрэбна будзе залезці ў катлаван або падняцца на дах…
Аднак жанчына і ў красоўках застаецца жанчынай – чулай і пяшчотнай, прыгожай і незвычайнай…
Прынята лічыць, што будаўніцтва – выключна мужчынская сфера дзейнасці. Але, як паказвае жыццё, у жанчын гэта часам атрымліваецца не горш.
-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
