"Пять вопросов о главном". Чем живёт современная молодежь
Вясёлыя і няўрымслівыя, задорныя і крэатыўныя, смелыя і таленавітыя, цікаўныя і актыўныя, працавітыя і руплівыя – яны не падобныя, але аб’яднаныя сваім узростам: усе яны – маладыя! І заўтра яны адзначаюць сваё свята – Дзень моладзі.Чым жыве сучасная моладзь, што яе турбуе, аб чым марыць і што лічыць галоўным у жыцці – мы высвятлялі ў прадстаўнікоў маладой нацыі Астравеччыны, прапанаваўшы адказаць ім на «пяць пытанняў аб галоўным».
1. Маладосць – гэта…
2. Якія праблемы хвалююць моладзь у першую чаргу?
3. Як вы праводзіце вольны час?
4. Чаго б ніколі не зрабілі ў жыцці? І, наадварот, самае неверагоднае, экстрэмальнае жаданне ці ўчынак, якія б хацелася ажыццявіць?
5. “Калі б маладосць ведала, а старасць – магла…” Якім бачыце жыццё, каб на схіле гадоў было што ўспомніць і не сорамна расказаць унукам?
Наталля Горбач, настаўніца беларускай і рускай моў Альхоўскай сярэдняй школы:
1.Безумоўна, маладосць – гэта радасць! І я не згодна, што пад маладосцю разумеюць нейкі ўзроставы адрэзак. Маладосць – гэта перш за ўсё стан душы, і няважна, колькі табе гадоў. Малады той, хто шчыра радуецца, здзіўляецца і захапляецца кожным днём жыцця.
2. Чамусьці многія лічаць, што маладыя гады – самыя бесклапотныя. Але менавіта ў гэтым узросце мы прымаем большасць важных рашэнняў, якія затым уплываюць на далейшае жыццё. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, маладым усё роўна быць цікава, бо наперадзе – усё жыццё. І якім яно будзе, залежыць толькі ад нас.
3. Свой вольны час я праводжу з роднымі і блізкімі. Люблю падарожнічаць і спазнаваць нешта новае. У апошні час стараюся больш займацца спортам, бо здаровы лад жыцця – залог гармоніі з сабой.
4. Ніколі не дазволю сабе гультайнічаць і стопрацэнтна не навучуся лятаць. Мару трапіць у Парыж і паглядзець уніз з Эйфелевай вежы.
5. Жыццё чалавека складаецца з мноства кампанентаў шчасця, і ва ўсіх яны розныя: здароўе, каханне, сям’я, падарожжы, добрыя і верныя сябры, цікавая работа, дабрабыт і яшчэ шмат чаго. І калі ў старасці разумееш, што дасягнуў таго, аб чым марыў, можна смела сказаць, што пражыў жыццё недарэмна, і гэта было крута!
Яўгенія Праўко, правізар-рэцэптар Астравецкая цэнтральнай аптэкі №95:
1. У мяне маладосць асацыіруецца са школай, незалежнасцю, свабодай, перспектывамі на будучыню. А яшчэ ўяўленне малюе лета, рэчку, дружную кампанію на беразе, песні пад гітару, шпацыр басанож па жоўтым пясочку… Маладосць – гэта дарога ў будучыню. Наперадзе яшчэ цэлае жыццё, але трэба ўсё паспець і ажыццявіць самыя смелыя планы.
2. Я лічу, што быць маладым не вельмі лёгка. Гэта час пытанняў і ваганняў, сумненняў і супярэчнасцей, калі толькі-толькі вызваляешся з-пад бацькоўскага крыла, дзе раней усе праблемы вырашалі дарослыя. Зараз жа трэба самім прымаць важныя рашэнні і адказваць за свае дзеянні і ўчынкі. Таму спачатку надыходзяць разгубленасць, няўпэўненасць і пастаяннае пытанне – ці правільна я раблю?
3. Летам люблю хадзіць на рэчку ці возера – купацца і загараць. Яшчэ падабаецца катацца на веласіпедзе: у навушніках іграе любімая музыка, навокал мільгаюць прыгожыя краявіды, а ты ляціш насустрач гарызонту, раствараючыся ў прасторы, хуткасці і сваіх думках. А таксама люб-лю праводзіць час з сябрамі, роднымі і блізкімі.
4. З узростам пачала баяцца вышыні, таму, думаю, нізавошта не скокнула б з парашутам. Што тычыцца жадання… (задумваецца) Я вырасла ў сям’і медыкаў, і ў дзяцінстве ў мяне была мара: зрабіць сэрца, якое б ніколі не хварэла. Альбо прыдумаць спецыяльны бясшкодны прэпарат, які змог бы падтрымліваць работу нашага сэрца і пры гэтым не прыносіць шкоды арганізму чалавека. Але гэта былі дзіцячыя мары. Зараз жа я проста хачу, каб мае родныя і блізкія заўсёды былі здаровымі.
5. Хочацца пражыць дастойна: не страціць давер і падтрымку сваіх сяброў, дасягнуць поспехаў у працы, быць надзейнай апорай для блізкіх. І каб побач быў чалавек, з якім не страшна было б сустрэць старасць.
Іван Васечка, старшы інспектар групы прафілактыкі ПАВЧ-2 на аб’ектах АЭС:
1. Выбар, вучоба, мноства розных новых знаёмстваў, актыўнасць – вось з чым у мяне асацыіруецца гэтая пара. А яшчэ маладосць – гэта бестурботнасць, радасць, каханне, час, калі хочацца ўсё паспрабаваць, і перыяд, калі робіш першыя, не зусім упэўненыя крокі ў самастойнае дарослае жыццё.
2. Найбольш актуальныя праблемы, якія хвалююць маладых, – гэта выбар прафесіі, паступленне, сесія без “хвастоў”… Затым – атрымаць адукацыю, уладкавацца на працу, стварыць сям’ю. Наогул, жыць без цяжкасцей немагчыма, галоўнае – знаходзіць разумныя шляхі іх вырашэння.
3. Вольны час праводжу з каханай дзяўчынай, сустракаюся з сябрамі. А таксама езджу да бацькоў – стараюся дапамагчы ім у хатніх справах.
4. Шчыра кажучы, ніколі не ўзнікала жадання скокнуць з парашутам. Вельмі хочацца пападарожнічаць па экзатычных краінах. Кажуць, думкі матэрыяльныя, таму, спадзяюся, пашчасціць ажыццявіць хаця б іх частку.
5. У жыцці важна добра і якасна выконваць сваю работу, каб не было сорамна глядзець у вочы людзям. А таксама быць любячым бацькам і мужам, актыўна праводзіць час і рабіць добрыя ўчынкі.
Людміла Трусевіч, інструктар-метадыст Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба:
1. Актыўная жыццёвая пазіцыя, адкрыццё нязведаных гарызонтаў і новых перспектыў, штосьці лёгкае, няўлоўнае і вясёлае – усе гэта і ёсць маладосць. Калі коратка, то маладосць – гэта жыццё у самых яркіх фарбах.
2. Усё залежыць ад таго, з якога боку на гэта паглядзець: хтосьці паступае пасля 9-га класа і ў 18-19 гадоў пачынае працаваць – а нехта ў гэтым жа ўзросце толькі вучыцца на 2-ім курсе. Зразумела, што праблемы першых і другіх адрозніваюцца. Але гэта пытанне часу, бо, думаю, большасць маладых хвалююць аднолькавыя пытанні: дастойная праца, кар’ера, жыллё, асабістае жыццё.
3. Вольны час праводжу па-рознаму. Зараз, напрыклад, актыўна рыхтуюся да паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Наогул жа люблю чытаць кнігі, стараюся падарожнічаць і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах; шмат гуляю са сваім 3-гадовым пляменнікам Ягорам і, вядома ж, сустракаюся з сябрамі.
4. Нават і не ведаю, чаго б ніколі не зрабіла – мой авантурызм і прага ўражанняў здольныя натхніць на многае. Вось калі б, напрыклад, мне далі шмат грошай і прапанавалі на іх падарожжа ці шыкоўнейшы аўтамабіль, я выбрала б першае. Упэўнена: нішто матэрыяльнае не заменіць непаўторных эмоцый ад наведвання новых мясцін.
А мара ў мяне – стварыць у Астраўцы прытулак для бяздомных сабак і катоў, каб гэта быў цэлы комплекс: з кафэ, дзе можна адпачыць усёй сям’ёй і падарыць пяшчоту і ласку жывёлам, вясёлымі дзіцячымі атракцыёнамі, цікавымі конкурсамі і спаборніцтвамі з удзелам чатырохногіх сяброў. Каб людзі разумелі, а таксама тлумачылі сваім дзецям, што мы ў адказнасці за тых, каго прыручылі.
5. Заўсёды прытрымлівацца актыўнай жыццёвай пазіцыі, ніколі не быць скупымі на эмоцыі, ва ўсім знаходзіць не толькі мінусы, але і плюсы, не спыняцца пасля няўдачы, а ўпэўнена ісці наперад, развівацца, клапаціцца аб здароўі, цаніць, паважаць і шанаваць сваіх бацькоў, дапамагаць людзям, не забываць сяброў і не баяцца памыліцца, бо менавіта на сваіх промахах і накопліваецца бясцэнны жыццёвы вопыт.
Дзяніс Кірпа, галоўны аграном СВК “Гервяты”:
1. Маладосць – гэта самы насычаны і адначасова складаны перыяд у жыцці чалавека. Менавіта ў гэты час вельмі шмат спакус, якія хочацца паспрабаваць, шмат нязведанага і цікавага. А яшчэ трэба правільна вызначыцца з прафесіяй, атрымаць адукацыю, уладкавацца на працу, стварыць сям’ю.
Маладосць – гэта не бестурботны і ветраны час.
2. Скончыўшы ўніверсітэт ці каледж, ты робіш крок у зусім іншае, дарослае жыццё – тут усё па-новаму, не так, як было напісана ў канспектах. Адных ведаў недастаткова: трэба вучыцца самому праяўляць кемлівасць і знаходзіць выйсце з любой сітуацыі.
3. На жаль, вольнага часу ў мяне вельмі мала. Калі ўсё ж знаходзіцца хвілінка, рыбачу, сустракаюся з сябрамі: мы гуляем у пейнтбол, падарожнічаем.
4. Часам хочацца вытварыць нешта гэтакае – з парашутам скокнуць ці з “тарзанкі”. А што ніколі не зрабіў бы, нават і не ведаю.
5. Якім бы ты ні быў – маладым ці старым – заўсёды трэба быць вясёлым, ініцыятыўным і проста прыстойным чалавекам.
Марына МАЦКЕВІЧ.
