Пять слагаемых женского счастья Дануты Мартинкевич
Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці з Кямелішак – Данута Сцяфанаўна Марцінкевіч. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду жанчына атрымала ў 2006 годзе за выхаванне пяці дзяцей. Быць шматдзетнай маці, рабіць кар’еру і пры ўсім гэтым заставацца прыгожай, абаяльнай жанчынай – на першы погляд гэта немагчыма. Але, як паказвае жыццё, такія жанчыны ёсць. – Калі даведалася, што мяне ўзнагародзілі ордэнам Маці, здзівілася. Гэта было вельмі неспадзявана. Я лічу, што мацярынства – гэта не подзвіг, а звычайнае жыццё і праца. Дзяцей мы нараджалі і выхоўвалі для сябе, а не для ўзнагарод – расказвае Данута Сцяфанаўна. – У нас самая звычайная сям’я, якіх шмат і ў нашым раёне, і ўвогуле ў Беларусі. Заўсёды і ўсё робім самі: стараемся даць дзецям адукацыю, падарожнічаем, працуем – словам, жывём.
Пра вялікую сям’ю ні Данута Сцяфанаўна, ні яе муж Генрых Часлававіч не марылі. Самі раслі ў невялікіх сем’ях: Данута Сцяфанаўна была адна, а ў Генрыха Часлававіча – яшчэ адзін брат. І, напэўна, менавіта гэта і паўплывала на тое, што ў сям’і Марцінкевічаў нарадзілася пяцёра дзяцей.
…З дзяцінства Данута Сцяфанаўна марыла быць настаўніцай. Толькі ніяк не магла вызначыцца са спецыяльнасцю. Дзяўчыне падабаліся ўсе школьныя прадметы, а больш за ўсё – гісторыя.
Нарадзілася яна ў вёсцы Зыгмундзішкі Іўеўскага раёна. Па паданні тут быў замак багатага шляхціча. І гэтая гісторыя вельмі цікавіла дзяўчыну.
Але так атрымалася, што паступіла яна на філалагічны факультэт БДУ. І пасля ні разу пра гэта не пашкадавала. Па накіраванні трапіла ў Астравецкі раён у Кямелішкаўскую школу, дзе і працуе ўсё жыццё.
Менавіта тут яна і сустрэла сваё шчасце. Са сваім будучым мужам Данута пазнаёмілася на калгасным полі. Настаўнікаў папрасілі дапамагчы калгасу падняць лён. А на аўтобусе, які прывёз педагогаў на
поле, працаваў малады вадзіцель Генрых Марцінкевіч. Дзяўчыну з доўгай касой ён запрыкмеціў, калі пад’ехаўда групкі педагогаў. І адразу ж узяў справу ў свае моцныя мужчынскія рукі. Праз нейкі час згулялі вяселле. Ці лёгка быць шматдзетнай маці, ведаюць, напэўна, толькі самі мамы, якія выгадавалі чацвёра, пяцёра і больш дзяцей.
– Бывае, увесь дзень нешта робіш, стомішся, не чуеш ні рук, ні ног… А зойдзеш у дзіцячы пакой, паглядзіш на іх, пагаворыш – і настрой адразу ж падымаецца, – дзеліцца запаветным Данута Сцяфанаўна.
Перадаць усю паўнату мацярынскага шчасця словамі немагчыма. Таму і расказваць пра сябе Данута Сцяфанаўна не любіць. Больш гаворыць пра дзяцей. Яна лічыць, што гэта – самае вялікае шчасце любой сям’і.
Першай у маладой сям’і нарадзілася Юля. Сёння ёй 23 гады. Дзяўчына працуе старшай медсястрой у дзіцячай паліклініцы горада Мінска і вучыцца на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З дзяцінства Юля займалася спортам, цікавілася гісторыяй і не раз станавілася пераможцай шматлікіх школьных конкурсаў, у тым ліку і рэспубліканскіх. Пасля перамогі ў адным з такіх конкурсаў яе разам з маці запрасілі на прыём да мітрапаліта Філарэта.
Другім у сям’і нарадзіўся Эдуард – яму 22. Хлопец з дзяцінства захапіўся выпечкай. Так сталася, што на той час на іх вуліцы жылі амаль адны хлапчукі, і Эдзік часта выпякаў для сваіх сяброў і аднакласнікаў пірагі і кексы па маміных рэцэптах. Гэтае дзіцячае захапленне і стала вызначальным пры выбары будучай прафесіі: Эдзік атрымаў спецыяльнасць пекара-кандытара ў Маладзечанскім палітэхнічным ліцэі. Цяпер завочна вучыцца ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы і выконвае грамадзянскі абавязак. Служыць у пагранічных войсках Эдуард марыў з дзяцінства: прыкладам заўсёды быў бацька, які служыў у пагранічніках па кантракту, і таму пра мяжу і нялёгкую службу дзеці ведалі многае.
Мая з’явілася на свет 31 мая, таму з выбарам імя для сярэдняй дачкі бацькі доўга не вагаліся – вырашылі: “Няхай будзе Маяй”. Са школы дзяўчынка захаплялася рукадзеллем: саломкай, бісерапляценнем, вязаннем. Яна, як і старэйшыя дзеці Марцінкевічаў, таксама неаднойчы станавілася пераможцай многіх конкурсаў. Сёння Мая – студэнтка біёлага-тэхнічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.
Малодшыя Вова і Эма – пагодкі, таму бацькі вырашылі адправіць іх у школу разам. Цяпер і Валодзя, і Эма – навучэнцы трэціх курсаў. Толькі Вова вучыцца ў Навагрудскім аграрным каледжы, а Эма – у юрыдычным каледжы БДУ. Усе дзеці Марцінкевічаў розныя па характару і тэмпераменту. Але ёсць адно, што аб’ядноўвае іх, – гэта сям’я.
Цікавасць да гісторыі ў Дануты Сцяфанаўны з гадамі не прайшла. Яна не толькі выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру і з’яўляецца кіраўніком школьнага музея, але і не ўяўляе свайго жыцця без падарожжаў. Увогуле, падарожнічаць любіць уся сям’я. Раней рабіць гэта ўдавалася часцей, а сёння кожны заняты сваімі справамі і, як правіла, на доўгія паездкі ўсёй сям'ёй не стае часу.
Сёння Данута Сцяфанаўна і Генрых Часлававіч засталіся ўдваіх. Але кожны верасень вялікая сям’я Марцінкевічаў збіраецца ў бацькоўскай хаце Дануты Сцяфанаўны на Іўеўшчыне. І тады ўспамінаецца былое, і марыцца пра будучае...
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
