"ПСИХОЛОГиЯ". Как побороть свои страхи?

Хтосьці са светачаў псіхалагічнай навукі вывеў метад сістэматычнай дэсенсібілізацыі, сутнасць якога ў змяншэнні адчувальнасці да раздражняльніка. Панічна баішся вады? Лезь у ваду! Дрыжаць каленкі ад выгляду павукоў? Дакраніся да гэтых непрыемных стварэнняў!
Часцей за ўсё гэты метад выкарыстоўваецца ў тэрапіі парушэння паводзінаў, якія – ускосна ці прама – звязаны з класічнымі фобіямі (боязь пацукоў, змеяў, замкнутай прасторы).

Яўгенія Літвінава, сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна, паспрабавала на сабе сістэматычную дэсенсібілізацыю. Колькі дзяўчына памятала сябе, яна заўсёды баялася вышыні. І для таго, каб пераступіць праз сябе і ўласную слабасць, вырашыла скокнуць з парашутам.
Цэлы год яна ішла да гэтага: змагалася ў думках сама з сабой. Сто разоў адмаўлялася ад задумы – а на сто першы раз зноў марыла пра скачок. Лепшая сяброўка агаломшыла навіной: запісваецца на курсы, пасля якіх можна скокнуць з парашутам на гродзенскім аэрадроме. І дзяўчаты (да іх далучылася яшчэ і аднакурсніца) рашыліся. Сяброўкі праяўлялі вучэбны спрыт: не прапускалі ні адной лекцыі і практычнага занятку. Складваць парашуты вучыліся на сумленне.
Праз месяц тэарэтычнага штурму асноў, пасля таго, як кожны “студэнт” сабраў асноўны парашут, інструктар скамандаваў: “Апячатвайце!”. Затым кожная з сябровак паставіла дату пад сваім роспісам. І пачалося: чэргі ў паліклініцы, стос даведак, дакументальнае пацвярджэнне псіхічнага здароўя… Мама Жэні даведалася пра планы дачкі за дваццаць чатыры гадзіны да скачка.
Ноч перад самім скачком дзяўчына не спала. Толькі заплюшчвала вочы – ёй мроілася, што падае, ляціць з непамернай хуткасцю да зямлі, а парашут не раскрываецца. Жэня ўскоквала ў ложку праз кожную гадзіну ў халодным поце.
У восем гадзін раніцы на аэрадроме дзяўчыну апанаваў такі страх, што ўсё цела пачало трасці, калаціліся і рукі, і ногі. Пасля таго, як інструктары праверылі спраўнасць “скачковага абмундзіравання, выдалі каскі, давялося яшчэ паўгадзіны стаяць з дваццацісямікілаграмовым “абмундзіраваннем”.
Жэня трапіла ў другую тройку пад нумарам адзін. Калі ляцеў самалёт, дзяўчына панічна баялася, аднак не магла зразумець – чаго. Яна ведала, што раскрыецца парашут, што на зямлі дзяжурыць “хуткая”, а кожная клетачка цела памятае, што такое групіроўка. Унутры ўсё застыла, здавалася, што сэрца разарвалася на аскепкі і перастала біцца…
Жэня абедзвюма рукамі ўчапілася ў крэсла і глядзела, як памяншаюцца елачкі, возера. Як скокнуць? Як зрабіць рашаючы крок? Яна бачыла тых, хто скакаў перад ёй. Чалавек “выходзіць” у прастору, завісае на ўзроўні люка на некалькі імгненняў – і каменем ляціць уніз. З дзяўчыны сышло сем патоў, яна не раз пашкадавала аб тым, што ўсё гэта задумала.
Голас інструктара вывеў Жэню са “ступару”: надышла яе чарга. Можна было адмовіцца ад скачка ў апошнюю хвіліну. Але дзяўчына разумела, што калі не скокне цяпер, то больш ніколі ў жыцці гэтага не зробіць. Страх быў настолькі моцны, што ватнае цела не слухалася. Яна зажмурыла вочы і – зрабіла крок наперад.
Парашут раскрыўся праз некалькі секунд. За гэтыя імгненні Жэня паспела тры разы згаварыць “Ойча наш”, папрасіць у думках прабачэння ў ворагаў і сяброў… Рывок – і парашут пацягнуў яе ўверх.
Страх знік, па целе разлілася цеплыня. І Жэня лавіла вачамі навакольную прыгажосць. Калі ляціш, здаецца, што зямля не набліжаецца, а, наадварот, аддаляецца.
Групавацца дзяўчына пачала адразу. Ведала, што там, на зямлі, ёсць маленькая кропка, у якую абавязкова трэба патрапіць. І ў яе гэта атрымалася! Праўда, “праехалася” па зямлі колькі метраў. Рукі аўтаматычна пагасілі купал парашу та. Па твары дзяўчыны цяклі слёзы... У гэты момант Жэня была самым шчаслівым чалавекам на зямлі!
Скачок з парашутам быў варты таго, што дзяўчына перажыла. Жэня перастала баяцца вышыні і зразумела галоўную рэч: калі падыходзіш да мяжы, за якой пачынаецца невядомасць, разумееш, што нічога, даражэй за жыццё, у гэтым свеце няма.


--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.