Простая арифметика жизни от Галины Зарубо

Незваротна канулі ў Лету тыя часы, калі за дастаўку напісаных на паперы пасланняў адказвала галубіная пошта. У наш вірлівы час пісьмы хутка“далятаюць” да адрасата. Схаваныя ў кардонных скрынях, у тоўстых плашчовых мяшках, паглынутыя чэравамі самалётаў, паяздоў, яны пераадольваюць шлях, каб хтосьці, часам – на другім канцы свету, атрымаў вестачку ад далёкіх родзічаў ці сяброў.
У Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі ўся работа камп’ютарызавана. З дапамогай гэтай разумнай машыны прымаюцца плацяжы за камунальныя паслугі, інтэрнэт, тэлефон; праз яе праходзяць даныя аб пагашэнні крэдытаў, аб пасылках ці пераводах… Здавалася б, ад незаменнага ў сучасным жыцці “разумніка” залежыць амаль уся работа паштовага аддзялення.
А вось і не! Яна – нішто без “гаспадыні” альхоўскай пошты – Галіны Іосіфаўны Зарубы. І аб тым, што гаспадыня яна старанная, адмысловая, руплівая, умелая, сведчыць той факт, што партрэт Галіны Іосіфаўны занесены на раённую Дошку гонару.

У сувязь Галіна прыйшла выпадкова. Яна не думала звязваць сваё жыццё з гэтай сферай дзейнасці. Марыла, як і многія тагачасныя дзяўчынкі, стаць настаўніцай. Схаваўшыся ад бацькоў, якія бурчэлі, што без патрэбы паліць святло, Галіна начамі навылёт “глытала” кнігі, пачынаючы ад жаночых раманаў і заканчваючы “разумнай” літаратурай. Аднак прага да чытання не дапамагла паступіць на такі жаданы філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выпускніца Варнянскай сярэдняй школы здала ўсе экзамены на “чацвёркі” – і гэтага не хапіла. У той год конкурс на філалагічны факультэт быў шэсць чалавек на месца.


– Тады я вырашыла падаваць дакументы ў швейнае вучылішча, – успамінае жанчына. - Калі збіралася ехаць у сталіцу, да мяне далучылася сяброўка – удзвюх весялей і спакайней. У Мінску мы спыніліся ў дзядзькі маёй каляжанкі. І ён стаў нас угаворваць, каб падавалі дакументы ў электратэхнічны каледж сувязі. Доўга даводзіў свае аргументы, імкнуўся пераканаць, што гэтая навучальная ўстанова – самая лепшая. Гляджу, мая сяброўка ўжо і згодная, а я – ні ў якую. Не згаджалася не таму, што моцна хацела стаць швачкай, а таму, што не ведала, што робяць сувязісты. Мужчына паказаў нам спецыяльную апаратуру з рознымі кнопкамі, шматлікімі правадамі – і мне стала цікава, захацелася разабрацца, што да чаго.


Галіне пашанцавала крыху больш, чым сяброўцы – дзяўчыну залічылі ў электратэхнічны каледж сувязі. Вучоба зацягнула яе ў віхуру заняткаў, залікаў і экзаменаў. А летам Галіна не паехала на канікулы дамоў ад пачываць і набірацца сіл перад новым вучэбным годам, а разам з аднакурсніцамі запісалася ў будаўнічы атрад. Дзе тады толькі ні працавалі студэнты! Ва ўсіх кутках неабсяжнага Савецкага Саюза.
Пасля заканчэння каледжа Галіна папрасілася, каб яе размеркавалі куды-небудзь падалей ад хаты: як і ўсім маладым, ёй хацелася рамантыкі і самастойнасці. Галіна, паразважаўшы, папрасілася ў Манглышлак, дзе аднойчы пабывала з будаўнічым атрадам. Лепш жыць у горадзе са спрыяльным кліматам, чым мерзнуць у якой-небудзь Якуціі! Тры ўчарашнія выпускніцы паехалі ў далёкі горад нафтавікоў на паўвостраў Манглышлак, каб паспрабаваць на смак працу па спецыяльнасці. Але – “аблом”: у горадзе нафтавікоў месца для Галіны не знайшлося. Прапаноўвалі застацца – дзяўчына не згадзілася і вярнулася на Астравеччыну. Было гэта ў 1979 годзе. І, канешне ж, пайшла працаваць у сувязь. Неўзабаве выйшла замуж за альхоўскага хлопца – давялося “пакатацца” на працу ў райцэнтр. Калі адбылася рэарганізацыя вузла сувязі ў Астраўцы і падзел яго на электрычны і паштовы, Галіна перавялася ў паштовае аддзяленне па месцы жыхарства. Невялікія вёсачкі падступаюць амаль да самай Альхоўкі, пагэтаму новаспечанай паштальёнцы не даводзілася далёка насіць пенсію ці пісьмы. Некалькі разоў на тыдзень жанчына набівала чорную сумку свежымі газетамі, якія яшчэ вылучалі водар друкарскай фарбы. Шмат гадоў людзі атрымлівалі навіны з жыцця раёна, краіны і свету, дзякуючы Галіне Іосіфаўне.
Калі пайшла на пенсію начальнік паштовага аддзялення, на гэтую пасаду прызначылі Галіну Заруба.


– Людзі прыходзяць на пошту не толькі рабіць плацяжы, часам ім трэба падзяліцца сваёй радасцю ці бядой. Чалавека заўсёды трэба ўважыць. Канешне ж, бываюць такія дні, што я валюся з ног ад стомы, але гэта ніякім чынам не ўплывае маю работу. Тым больш, што ашчаднай кассы ў нашым пасёлку няма – усе ідуць на пошту.


Жанчына навучылася хутка абслугоўваць людзей, каб не ўтваралася чарга. Навучылася ўгадваць настрой чалавека, які пераступае парог паштовага аддзялення, – і кожнага новага кліента яна сустракае ўсмешкай. У восем гадзін раніцы Галіна Іосіфаўна адчыняе дзверы паштовага аддзялення. Не паспее ўключыць камп’ютар, як адзін за адным пачынаюць заходзіць людзі: школьнікі перад заняткамі, работнікі фабрыкі пасля начной змены…
Калі жанчына даведалася аб тым, што яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару, – здзівілася.


– Спачатку разгубілася. Не люблю я празмернай увагі да сваёй асобы, – гаворыць яна. – Маглі ж каго маладзейшага выбраць. Я ж нічога такога асаблівага не зрабіла. Працую сумленна, як і большасць людзей у сувязі.


А ў вольны час жанчына займаецца вязаннем. Цяпер, праўда, усё радзей: сталі падводзіць вочы. Затое рознакаляровая клумба каля шматкватэрнага дома цешыць вока разнаквеццем ад ранняй вясны да позняй восені.
З часоў студэнцтва сцякло шмат вады. Аднак смелае дзявочае трыа, якое некалі спрабавала “штурмаваць” далёкі горад нафтавікоў, не распалася. Галіна Іосіфаўна кожны год выбіраецца ў сталіцу, каб сустрэцца са сваімі студэнцкімі сяброўкамі. Дарэчы, яны таксама засталіся вернымі прафесіі: усе працуюць у сувязі.
А на выхадных у кватэры Зарубаў лунае пах пірагоў – значыць, павінны прыехаць дзеці. Дачка ажыццявіла мару маці і стала настаўніцай: прывівае маленькім школьнікам любоў да слова і мовы.
Галіна Іосіфаўна лічыць сябе самым звычайным чалавекам. Крыху сарамлівая жанчына, ад якой вее спакоем і дабрынёй, яна ўпэўнена, што ў яе – самы лепшы муж, самыя добрыя дзеці і самыя цудоўныя супрацоўнікі.
Арыфметыка тут простая: звычайна ў людзях мы бачым адлюстраванне ўласных якасцей. Менавіта таму Галіна Іосіфаўна Заруба – самая любячая жонка, самая пяшчотная мама і самы лепшы кіраўнік.


------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.