Профессиональный праздник отмечают работники мелиоративных систем
Меліярацыя – гэта карэннае паляпшэнне неспрыяльных зямель з мэтай іх далейшага эфектыўнага выкарыстання. У меліярацыі, як у медыцыне і будаўніцтве, разбіраюцца ўсе, каму не лянота. Прынамсі, зрабіць “слушную” заўвагу або выставіць адзнаку зробленаму жадаючых шмат. “Змарнавалі прыроднае багацце”, “змянілі да горшага клімат”, “зрабілі непрыдатнымі глебы” – гэтыя і шматлікія абвінавачанні ў некампетэнтнасці пераадрасоўваю дырэктару прадпрыемства меліярацыйных сетак Вадзіму Станіслававічу ВЯНГРОЎСКАМУ.
– Гледзячы што мець на ўвазе пад словам “непрыдатныя”, – адказвае ён. – Калі прыдатнымі глебамі лічыць забалочаныя, зарослыя хмызняком і шматгадовым пустазеллем, то меліяратары сапраўды “нашкодзілі”. Але выстаўляць адзнаку зробленаму трэба не на аснове эмоцый, а з пазіцыі практычнага выкарыстання зямель і іх добраўпарадкавання. Намаганнямі меліяратараў толькі ў нашым раёне ўведзены ў севазварот або хаця б у склад сельскагаспадарчых угоддзяў тысячы гектараў зямель. Сёння агульная працягласць меліярацыйных каналаў на Астравеччыне складае 800 кіламетраў.
– Якія, калі за імі не даглядаць, прыйдуць у заняпад?
– І, як паказвае практыка, вельмі хутка – літаральна за год.
– У штаце прадпрыемства меліярацыйных сетак, наколькі ведаю, нават прадугледжаны сезонныя рабочыя для абкошвання каналаў. Колькі чалавек вы сёлета прыцягнулі да гэтай справы?
– Яшчэ некалькі гадоў таму назад мы наймалі на розныя віды часовых работ да дваццаці сезонных работнікаў. Сёлета мы прынялі на працу толькі дваіх. Не таму, што “замахнуцца” на большае не дазваляе эканамічнае становішча, а таму, што ў большай колькасці работнікаў няма патрэбы – асноўная частка каналаў абкошваецца з дапамогай трактарных касілак, а непасрэдна ля рэчышча канала – з дапамогай мотакосаў. У арсенале прадпрыемства сем трактарных касілак, так што мы нават можам сабе дазволіць прыйсці на дапамогу дарожнікам, у якіх часам здараецца аўрал з абкошваннем прыдарожных палос.
– Прыярытэтным накірункам дзейнасці прадпрыемства вы з самага пачатку свайго дырэктарства палічылі яго тэхнічнае пераўзбраенне і год за годам набывалі новую тэхніку. Якое сёння становішча меліярацыйнага машына-трактарнага парку?
– Мы вымушаны былі яе набываць, таму што ў пачатку 90-ых гадоў гэты самы парк складаўся амаль поўнасцю з маральна і фізічна састарэлай тэхнікі. Калі б мы яго не абнавілі, сёння не было б на чым працаваць. Канешне, улазіць ва ўсе гэтыя лізінгі не асабліва прыемна, але другога выйсця не было. Затое сёння тэхнічная зношанасць нашага машына-трактарнага парку ніжэй 30 працэнтаў. Гэта значыць, што наступныя тры-чатыры гады мы можам перавесці дыханне.
– Але яшчэ год таму вас непакоіла сітуацыя з экскаватарамі…
– Ды за гэты час мы паспелі набыць два новыя: сучасныя экскаватары з апошніх тэхнічных распрацовак. І новы бульдозер, зроблены ў Беларусі па кітайскай ліцэнзіі фірмы “Шантуй”. Словам, укамплектаваліся па поўнай праграме. Старую тэхніку, дарэчы, не спяшаемся здаваць на металалом – яе яшчэ можна выкарыстоўваць на дробных работах, да прыкладу, для аказання паслуг насельніцтву.
– Тады, Вадзім Станіслававіч, ад тэхнікі давайце пяройдзем да людзей – тых, хто ёй кіруе… Якая сітуацыя з кадрамі прадпрыемства?
– Укамплектаванасць кадрамі складае 90-95 працэнтаў да запатрабаванасці. Фактычна нам патрэбны толькі два чалавекі: машыніст бульдозера і экскаватаршчык.
– У такім разе падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам: як вам ва ўмовах масавага пераходу работнікаў на атамную станцыю ўдаецца ўтрымаць сваіх на месцы?
– Ды няма асаблівых сакрэтаў. Людзі, відаць, такія падбіраюцца. Стаж работы ў меліярацыі ў некаторых з нашых работнікаў перавышае 40 гадоў! Такія працаўнікі, як экскаватаршчыкі Алег Мельнічук, Валерый Кацінель, Андрэй Мілэйша, Валерый Якель, бульдазерысты Віктар Грымбоўскі, Дзяніс Скарульскі, Віталь Вянгроўскі, трактарысты Аляксандр Пумпур, Пётр Урлік, Вацлаў Бараноўскі, Іван Шпак, вадзіцелі Славамір Грынчук, Віктар Мілешка, Іосіф Вянгроўскі, Анатоль Яскулоўскі, Генадзь Якель, Часлаў Паршутовіч, Віктар Фалевіч, інжынерна-тэхнічныя работнікі Яніна Грынчук, Лідзія Сухажэўская, Валянціна Шэміс, Людміла Хацілоўская, майстры Ірэна Садоўская, Руслан Раждзествін, Валерый Раждзествін і многія іншыя – гонар нашага калектыву.
– І тым не менш… Які сярэдні памер заработнай платы па прадпрыемству меліярацыі?
– Крыху больш за 5 мільёнаў рублёў. Самы высокі заробак у кваліфікаваных рабочых – экскаватаршчыкаў і бульдазерыстаў. Дарэчы, па памеру зарплаты сярод прадпрыемстваў сістэмы мы – першыя ў вобласці.
– Перападае вам з гэтай нагоды ад вышэйстаячых?
– Бывае… Але на маім баку “жалезны” аргумент: будзем менш плаціць – застанемся без людзей, балазе “атамка”- спакусніца побач…
– Вадзім Станіслававіч, сёлета вы адзначаеце своеасаблівы юбілей – 10 гадоў з таго дня, як узначалілі прадпрыемства меліярацыйных сетак…
– І выходжу на другое месца ў “плэй-лісце” працягласці перыяду дырэктарства на прадпрыемстве. На першым месцы з сямнаццацігадовым стажам – аднаасобны лідар Здзіслаў Іосіфавіч Адынец, на другім да нядаўняга часу быў Іван Іванавіч Масальскі, цяпер мы з ім мяняемся месцамі…
– Не надакучыла?
– Ніколькі. Але я дарос да таго, што сёлета ўпершыню за 10 гадоў планую пайсці ў адпачынак. І не проста “на паперы”, а адпачыць па-сапраўднаму. Тым больш што нарэшце ёсць каму падмяніць… Хоць разумею: на час адпачынку трэба ад’ехацца ад Астраўца як мага далей, інакш не вытрымаю і ўсё роўна “прысунуся” на працу.
– Вось вы разважалі пра стаж, пра Адынца і Масальскага… Калі было лягчэй працаваць у меліярацыі – у савецкія часы ці сёння?
– О! Працаваць у савецкія часы – трапіць у вытворчы рай, у якім грошай, запчастак, паліва нават больш. А самае галоўнае: няма праблем з аб’ёмамі работ – яны даводзіліся “зверху”, і заставалася толькі выконваць заданне. А сёння кіраўнік усё павінен здабыць: і грошы, і паліва, і запчасткі. А галоўнае – своечасова знайсці аб’екты прыкладання меліярацыйных “рук”. Каб не прастойвала тэхніка, каб людзі не ведалі вымушаных адпачынкаў і кожны месяц прыносілі ў свае сем’і нармальную зарплату.
– І дзе вы ўмудраецеся знайсці гэтыя самыя аб’ёмы?
– Месцы трэба ведаць (смяецца). А калі сур’ёзна – усюды. На першым плане, вядома, наш непасрэдны абавязак – меліярацыя: рамонт і аднаўленне каналаў, устаноўка новых дрэнажных сістэм, догляд за меліярацыйнымі сеткамі… Але мы бярэмся за любую работу: праводзім рэкультывацыйныя работы на палетках сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зносім пакінутыя пабудовы, ачышчаем прыдарожныя палосы і іншыя тэрыторыі ад хмызняку, капаем саджалкі – для проціпажарных мэтаў, асушэння мясцовасці, на прыватных участках…
– Крыху пра “мы пазычаем – у нас пазычаюць”… У тым сэнсе, што, нават зрабіўшы работу, у сучасных умовах нельга быць упэўненым у яе своечасовай аплаце…
– Так, гэта праблема, таму што дэбіторская запазычанасць па прадпрыемству меліярацыйных сетак сёння перавышае 3 мільярды рублёў. Гэта салідная сума – многае можна было б зрабіць, калі б гэтыя грошы былі на нашым рахунку.
– Але вы не з тых кіраўнікоў, якія “робяць” грошы дзеля грошай, баючыся “распусціць лішні рублік”?
– Грошы павінны працаваць – гэта міжнароднае правіла. Ды і на практыцы… Нават на прыкладзе нашага раёна можна заўважыць: кіраўнікі, якія назапашвалі грошы, нічога не будуючы, не набываючы неабходнай тэхнікі, адназначна прайгралі… Атрыманы даход мы выкарыстоўваем не толькі на вытворчыя мэты і выплату зарплаты, але і для вырашэння сацыяльна-культурных задач, да прыкладу – для будаўніцтва жылля.
– Не магу змаўчаць яшчэ пра адну падзею. Ходзяць упартыя чуткі, што вы намінаваны на званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. Гэта праўда? І якія ў вас шансы стаць гэтым самым “Чалавекам”?
– У намінацыю я сапраўды трапіў. Канешне, не я адзін – нямала годных людзей вобласці намінаваны на гэта пачэснае званне. Пра вынік, думаю, пагаворым крыху пазней.
– Добра, пачакаем… А пакуль прапаноўваю вам павіншаваць сваіх падначаленых.
– З задавальненнем! Але спачатку хочацца падзякаваць ім за працу. І тым, хто сёння завіхаецца на нашых аб’ектах, і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Нізкі вам паклон, дарагія калегі, за нястомнасць, адказнасць і надзейнасць! Ваша праца ляжыць у аснове фінансавага дабрабыту нашага прадпрыемства. Жадаю вам найперш – здароўя. Разумення і любові ў сем’ях. Радасці ад працы і адэкватнай патрачаным на яе выкананне высілкам заработнай платы. З Днём меліяратара!
Вацлаў Іванавіч Бараноўскі працуе ў прадпрыемстве меліярацыйных сетак з 1995 года. Быў час – завіхаўся, абкошваючы каналы з механічнай касой у руках. Адзін сезон – не болей. А потым як сеў на МТЗ, так і пайшло. Толькі трактары мяняліся.
І з прычэпам, і з плугам – любая работа скараецца Бараноўскаму. Але галоўнай задачай, якую ставіць перад механізатарам кіраўніцтва, па-ранейшаму з’яўляецца абкошванне меліярацыйных каналаў ужо з дапамогай трактарнай касілкі.
З пастаўленай задачай Вацлаў Іванавіч спраўляецца выдатна: дзённую норму ён перавыконвае на 30-50 працэнтаў.
Правы экскаватаршычка Андрэй Мілэйша атрымаў падчас службы ў арміі. Праўда, экскаватар быў непараўнальна меншым, чым той, на якім хлопец працуе сёння. Але закончыў адпаведныя курсы, перавучыўся, атрымаў дадатковую “літару” ў правах – і сёння працуе на вялізным гусенічным экскаватары ЭО -3223.
Зараз Андрэй капае ў Гудагаі проціпажарны вадаём, памеры якога з разраду салідных: 15х20 метраў пры трохмятровай глыбіні.
Трактар новы. Жадання працаваць – на траіх. Асаблівага настрою дадае маладому механізатару той факт, што яму (нядаўна Андрэй ажаніўся) выдзелілі ведамасны дом. Засталося дарабіць там рамонт – і можна спраўляць наваселле.
----------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
