Профессиональный праздник отмечают пограничники

Пагранічнікаў ва ўсе часы вылучалі прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць. Яны ўсё ж такі не зусім падобныя на нас, звычайных грамадзян: заўсёды падцягнутыя і акуратныя, спартыўныя і крыху насцярожаныя. Усіх іх аб’ядноўвае патрыятызм, вернасць Радзіме і свайму народу.
Граніца выхоўвае патрыётаў

Напярэдадні Дня пагранічніка мы завіталі ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, каб бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, якія ахоўваюць межы нашай краіны.
Адказаць на нашы пытанні мы папрасілі начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Сяргея Аляксандравіча Антанюка.


– Раскажыце крыху пра сябе. Як трапілі ў органы пагранічнай службы?


– Я родам з Брэста, нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачых. А ўсе дзеці, якія выраслі на пагранзаставах, як правіла, мараць стаць ваеннымі. Так было і са мной: свядома падаў дакументы на факультэт пагранічных войск Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля яе заканчэння трапіў служыць у Брэсцкую пагранічную групу. Затым закончыў факультэт кіравання Інстытута пагранічнай службы. Размеркаванне атрымаў ў аддзел пагранічнай службы ў Маларыце, а з лістапада 2013 служу ў Гудагаі.


– Пра тое, што служба на мяжы – не з лёгкіх, ведаюць многія. Якія ў яе асаблівасці?


– Становішча на мяжы бывае розным. Рабочы час тут не заўсёды пачынаецца ў 9 гадзін раніцы і заканчваецца ў 18.00. Здараецца, што на службе даводзіцца быць кругласутачна. Нашы сем’і даўно прывыклі да такіх абставін, за што мы ім і ўдзячны.
У цэлым, ахова дзяржаўнай мяжы на ўкраінскім участку адрозніваецца ад пагранічнай службы на прыбалтыйскім накірунку. Тым не менш за гады, што тут існуе дзяржаўная мяжа, усё адпрацавана да дробязей, таму асаблівых цяжкасцей не ўзнікае.
Служба на граніцы – гэта вялікая адказнасць. Гэта не толькі дазоры і нарады, але і людзі. А яшчэ – выкарыстанне інжынерна-тэхнічных сродкаў: сігналізацыйных комплексаў, датчыкаў, цеплавізараў і іншых “навінак”, якія садзейнічаюць больш надзейнай абароне дзяржаўнай мяжы. Галоўныя памочнікі пагранічнікаў – сабакі, якія выкарыстоўваюцца і ў пунктах пропуску, і на пагранічных заставах.


– Нядаўна закончыўся чэмпіянат свету па хакеі. Ці можна сказаць, што беларускія пагранічнікі зрабілі ўсё, каб уражанні гасцей ад наведвання нашай краіны былі найлепшымі?


– Найбольшая колькасць балельшчыкаў прыбывала ў нашу краіну праз аэрапорт “Мінск”. У нашым раёне самая вялікая нагрузка прыпала на аддзел пагранічнага кантролю “Гудагай – 1” – тут мяжу перасякалі тыя, хто ехаў на чэмпіянат чыгуначным транспартам, і на аддзел пагранічнага кантролю “Катлоўка”, дзе балельшчыкі перасякамі мяжу на аўтамабілях і аўтобусах. Грамадзянам Еўрасаюза, якія ехалі на чэмпіянат, для бесперашкоднага ўезду на тэрыторыю краіны дастаткова было прад’явіць пашпарт і білет на адзін з матчаў чэмпіянату. Такой магчымасцю скарысталіся многія. Найбольшая нагрузка прыпала на тыдзень перад пачаткам чэмпіянату і яго першыя дні. Паступова пасажырапаток зменшыўся. За ўсе гэтыя дні не было ніякіх складаных сітуацый – усе праблемы, нават калі яны ўзнікалі, адразу ж вырашаліся.


– Сёння многія вёскі нашага раёна знаходзяцца ў пагранічнай зоне. З набліжэннем лета мясцовыя жыхары адпраўляюцца ў лес па грыбы і ягады. Ці трэба ім мець нейкія дакументы для такіх “паходаў”?


– Жыхарам, якія жывуць у пагранічнай зоне, дастаткова мець з сабой пашпарт з адпаведным штампам. Калі гэта яго ксеракопія, то яна павінна быць заверана натарыусам. Жыхарам раёна, якія не пражываюць у пагранічнай зоне, неабходна заплаціць дзяржаўную пошліну на права знаходжання ў ёй. За парушэнне пагранічнага рэжыму грамадзяне могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.


– Ужо не першы год пры падтрымцы аддзела і Смаргонскай пагранічнай групы на базе Гудагайскай школы дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы. Ці будзе прадоўжана такая практыка?


– На мой погляд, сёння такія класы вельмі патрэбны. У першую чаргу для маладога пакалення. Канешне, вельмі добра, калі іх выпускнікі выбіраюць для далейшай адукацыі Інстытут пагранічнай службы ці Ваенную Акадэмію, але галоўнае – у юнакоў і дзяўчат падчас вучобы выхоўваецца пачуццё патрыятызму і адказнасці за свае ўчынкі перад Радзімай і людзьмі. Таму, спадзяюся, што практыка адкрыцця падобных ваенна-патрыятычных класаў будзе прадоўжана.


– Дарэчы, як ажыццяўляецца пераход ваеннаслужачых тэрміновай службы на службу па кантракце?


– На базе аддзела пагранічнай службы “Гудагай” праходзіў эксперымент: ваеннаслужачыя тэрміновай службы пасля праходжання навучання служылі на дзяржаўнай мяжы – у пунктах пропуску “Катлоўка” і “Гудагай-1”. Сёння можна сказаць, што эксперымент удаўся. Больш таго: 50 працэнтаў тых, хто праходзіў службу менавіта на пунктах пропуску, вырашылі перавесціся на кантрактную службу.


– Сёння вы адзначаеце сваё прафесійнае свята. Што б хацелі пажадаць ваеннаслужачым органаў пагранічнай службы?


– Гэта будуць самыя звычайныя пажаданні: здароўя, кар’ернага росту і чыстай кантрольна-следавой паласы.


– Дзякуй за гутарку! І – са святам!



Форма – да твару

Алена Базюк, кантралёр І катэгорыі аддзялення пагранічнага кантролю “Гудагай-1”, аднойчы ўжо была гераіняй майго матэрыялу, які прысвячаўся яе захапленню кветкамі (“АП” №47, 19 чэрвеня 2013 г.). На гэты раз я пазнаёмілася з зусім іншай Аленай.


Калі многія хлопчыкі з дзяцінства мараць стаць ваеннымі, у дзяўчат сітуацыя крыху іншая. Алена ніколі не марыла аб ваеннай службе, проста так склаліся сямейныя абставіны – і дзяўчына аказалася ў органах пагранічнай службы.
– Па прафесіі я настаўніца. І калі закончыўся адпачынак па догляду за дзіцём, месца для мяне, настаўніцы-філолага, у школе не знайшлося, – расказвае Алена. – Вось тады і з’явілася ідэя перакваліфікавацца ў ваеннаслужачую органаў пагранічнай службы.
Муж да Аленінай ідэі аднёсся скептычна: ён заўсёды бачыў у ёй настаўніцу. Ды толькі ў жонкі атрымалася ўпэўніць яго ў адваротным.
– Паша мяне падтрымаў, – шчасліва ўсміхаецца Алена. – Спадзяюся, што цяпер ён не толькі мяне разумее, але і ганарыцца, што я – пагранічніца.
…Яе дакументы разгледзелі хутка: літаральна праз шэсць месяцаў Алену прызвалі на службу. Са спецыфікай работы ахоўнікаў мяжы Алена была знаёма не па чутках – муж на той час ужо шэсць гадоў служыў у аддзеле пагранічнай службы “Гудагай”, і цяжкасці службы яе не палохалі.
З 2007 года Алена Базюк – адна з тых, хто ахоўвае дзяржаўную мяжу нашай краіны. Пачынала яна ў аддзеле пагранічнага кантролю “Катлоўка”, а зараз ужо два гады служыць ў АПК “Гудагай – 1” – гэта значыць, сустракае і праводзіць людзей, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу на чыгуначнай станцыі “Гудагай”.
– Канешне, служыць няпроста: і ў фізічным плане, і маральна. Людзі розныя бываюць, да кожнага трэба знайсці падыход. Тым не менш, калі б сёння мне прапанавалі вярнуцца працаваць у школу, то я, напэўна, ужо не змагла б. Тут я знайшла сябе – іншымі словамі, прыкіпела і да службы, і да людзей.
Дома бацькоў чакаюць са службы сыны – Максім і Цімур, якія з задавальненнем прымяраюць форму мамы і таты, часам гуляюць у пагранічнікаў і гавораць, што некалі таксама стануць абаронцамі Радзімы.



Адслужыў, як трэба – і дамоў!

Падчас майго візіту ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай” даведалася, што ваеннаслужачы мабільнай пагранічнай заставы “Гудагай” Дзяніс Ліцкевіч знаходзіўся тут апошні дзень – заўтра юнака чакала звальненне ў запас.


– З дзяцінства марыў служыць у пагранічніках, – расказвае юнак. – Некалі ў пагранічных войсках у Гродне служыў мой дзядзька. Вельмі часта ён расказваў пра тыя дні. Таму, можна сказаць, да службы ў арміі я быў маральна падрыхтаваны і ні ў якім выпадку не збіраўся “адкошваць” ад гэтай справы.
Нарадзіўся хлопец у Бабруйску. Дзяцінства закончылася вельмі хутка. Пасля заканчэння школы, хлопец падаў дакументы ў Бабруйскі дзяржаўны аўтатэхнічны каледж, атрымаў прафесію тэхніка-механіка – і амаль адразу ж адправіўся выконваць грамадзянскі абавязак.
Больш года правёў Дзяніс Ліцкевіч на мабільнай пагранічнай заставе ў Гудагаі.
– Калі першы раз убачыў дзяржаўную мяжу нашай краіны з Еўрасаюзам, захліснула пачуццё гонару за Радзіму і адказнасці. Менавіта тут, на краі роднай зямлі, пачынаеш адчуваць важнасць той справы, якая даручана табе дзяржавай, – гаворыць Дзяніс.
Перад адпраўкай на службу, ужо на прыступках ваенкамата, Дзяніс пазнаёміўся з такім жа прызыўніком – Яўгенам Врублеўскім. Так атрымалася, што пасля праходжання медкамісіі юнакоў раскідалі па розных часцях. Але праз некалькі месяцаў лёс зноў звёў іх – і адбылося гэта на мабільнай пагранічнай заставе ў Гудагаі.
– Канешне, я ўзрадаваўся, калі ўбачыў Жэню. Лягчэй служыць, калі побач – выхадзец з твайго роднага горада. За гэты час мы сталі добрымі сябрамі, і, спадзяюся, наша сяброўства ў грамадзянскім жыцці стане яшчэ больш моцным.
У планах юнака – вяртанне дамоў і паступленне на службу ў міліцыю.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.