Профессиональный праздник отмечают сегодня работники островецких электросетей
Пра Дзень энергетыка
Звычайна дні прафесійных свят маюць “цякучы характар”: прыпадаюць, да прыкладу, на трэцюю нядзелю таго або іншага месяца. І толькі перакідны каляндар не дазваляе журналістам “заспацца” і напамінае пра канкрэтную дату. А вось Дзень энергетыка заўсёды прыпадае на 22 снежня.
Непасрэднае дачыненне да гэтых дзвюх снежаньскіх двоек мае і Альфрэд Станіслававіч Калеснік, і не толькі таму, што на працягу 45 гадоў у гэты дзень святкуе сваё прафесійнае свята.
Дырэктару астравецкіх электрасетак пашчасціла ў далёкім 1970 годзе прысутнічаць на ганаровым свяце энергетыкаў, прымеркаваным да 50-годдзя плану электрафікацыі Расіі. Затым, як гром сярод яснага неба, грымнулі “ліхія” 90-я – і гэтае прафесійнае свята часова канула ў лету. Але ненадоўга – і слава Богу! Толькі ў 1994 годзе на Першым з’ездзе энергетыкаў, дзе прысутнічаў і Альфрэд Станіслававіч, была вызначана канкрэтная дата святкавання Дня энергетыкаў – 22 снежня.
Чаму менавіта ў гэты дзень? Таму што на гэтыя суткі прыпадае дзень зімовага сонцастаяння, які прыносіць людзям самую доўгую ноч, а энергетыкам – найбольш турбот і работ.
Пра начальніка РЭСа
Альфрэд Станіслававіч Калеснік стаяў каля вытокаў электрафікацыі нашага раёна. Менавіта ён з уласнага вопыту ведае, як пачалі “свяціцца” хаты вёсак і хутароў Астравеччыны. Менавіта ён, хоць пачынаў сваю працу з пасады звычайнага тэхніка, ўжо на працягу 26 гадоў узначальвае Астравецкі раён электрычных сетак... Менавіта ў яго ніводнага разу не ўзнікала думка, каб змяніць месца працы – пакінуць справу ўсяго жыцця і падацца, як зрабілі гэта многія, на больш аплачваемае месца. І менавіта яго было вельмі складана ўгаварыць на размову не толькі пра прафесійныя справы, але і пра яго самаго.
Альфрэд Станіслававіч вельмі доўга адмаўляўся і даводзіў, што ў першую чаргу напярэдадні свята энергетыкаў трэба пісаць пра працаўнікоў і абавязкова падсумаваць вытворчыя вынікі работы прадпрыемства за год.
Ужо пагэтаму можна не здзіўляцца і не задаваць пытанне, чаму ўвесь калектыў астравецкіх электрасетак паважае свайго дырэктара і ганарыцца ім. Быць прафесіяналам, якім і з’яўляецца Альфрэд Станіслававіч, ведаць сваю справу ад “а” да “я”, граматна кіраваць і пры гэтым не страціць чалавечыя якасці – гэта дарагога каштуе.
…А ўсё пачалося з мяжы Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, дзе ў звычайнай вясковай сям’і ў Гродзях нарадзіўся і гадаваўся хлопчык Альфрэд. Ён добра вучыўся ў школе, таму “вострага” пытання – кім быць? – перад хлопцам не стаяла.
На пачатку 60-х гадоў пачала масава развівацца электрафікацыя. Калі ў вялікіх гарадах да таго часу электрычнасць ужо “прапісалася” трывала, то далёка не ўсе вясковыя жыхары маглі цешыцца штучным святлом... А затым і на вёсках пачалі з’яўляцца лямпачкі, а з імі – і прыёмнікі, і тэлевізары, і халадзільнікі. Пагэтаму ўчарашні васьмікласнік хутка з’арыентаваўся ў выбары прафесіі – і стаў студэнтам энергетычнага тэхнікума. Пасля вучобы надышла чарга арміі, а потым – ізноў вучоба, толькі ўжо ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце на факультэце электрафікацыі.
На трэцім курсе Альфрэда Калесніка, як і астатніх студэнтаў, чакала вытворчая практыка. І малады чалавек па волі лёсу ці па шчасліваму збегу абставін трапіў у Астравецкі раён, дзе і застаўся працаваць.
Ішоў 1966 год. І літаральна праз год малады чалавек, як і астатнія энергетыкі Савецкага Саюза, прыступіў да выканання задачы, прымеркаванай да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, – электрафікацыі усіх неасветленых населеных пунктаў.
За два (!!!) гады ва ўсіх вёсках Астравецкага раёна, дзе колькасць жылых дамоў перавысіла 10, з’явілася электрычнасць. Затым плаўна, ужо не ў такіх “стаханаўскіх” тэмпах, чарга дайшла і да хутароў.
Гэта быў прарыў! Таму што да 1964 года на Астравеччыне ўвогуле не існавала цэнтральнага электрычнага забеспячэння. Калгасы і саўгасы існавалі дзякуючы дызельным генератарам, якія ўключалі з надыходам прыцемкаў, а апоўначы выключалі. Дзякуючы штодзённай, цяжкай і крапатлівай працы электрыкаў з’явілася адзіная энергалінія “Смаргонь-Солы-Астравец”.
На той час на млыне ў гарадскім пасёлку стаяў генератар прыблізна на 10 кілават, а ў 1953 годзе ўвялі ў эксплуатацыю Янаўскую ГЭС – электраэнергіі хапала на Астравец, Малі, Дайлідкі і Варняны.
Пагэтаму работы было шмат, і працаваць прыходзілася цяжка: Смілгі, Завельцы, Буйкі, Караняты... Тэхнікі амаль не было, у наяўнасці – толькі матэрыялы. Брыгадзір з самага ранку ішоў на нарад да кіраўнікоў калгасаў і прасіў ці трактар, ці каня – любы сродак, які б дапамог хутчэй выканаць работы па электрафікацыі. А рабочыя ў 7 гадзін раніцы выходзілі з дому, каб у патрэбны час трапіць на аб’ект. Яны працавалі на працягу светлавога дня. Калі спецыялісты ў канторы РЭСа атрымлівалі зарплату ў 70-80 рублёў, то вопытныя мантажнікі, працуючы літаральна суткамі, мелі па 300, а то і 400 рублёў.
А на прасторах Саюза пачалі “вырастаць” гіганты энергетыкі –электрастанцыі. Па ўсёй краіне сталі паступова адмаўляцца ад маленькіх “кропак” на карысць буйных і арыентавацца на мясцовыя віды паліва. Але час паказаў, што і гэтыя невялікія “кропкі” добра іграюць сваю “партыю”, пагэтаму ў 1997 годзе некалі забытая Янаўская ГЭС аднавіла сваю работу.
Альфрэд Станіслававіч, прайшоўшы па ўзрастаючай усе прафесійныя ступені ў РЭСе, у 1969 годзе ўзначаліў прадпрыемства. І якраз на першыя гады яго кіравання прыпалі нялёгкія часы для раёна электрычных сетак. Як успамінае сам начальнік РЭСа,сеткі былі ў безнадзейна адсталым тэхнічным стане. Аварыйнасць зашкальвала: часта пад правады, якія абрываліся, траплялі людзі – і гінулі. Умовы працы і яе грашовы эквівалент таксама жадалі быць лепшымі...
За тры гады ўдалося ліквідаваць самыя “хворыя” месцы, дзякуючы падтрымцы і кіраўніцтва раёна, і будаўнічых арганізацый...
Пазней па слядах бацькі пайшоў і сын Алег, які стаў працаваць у РЭСе пасля “завалу” ўступных іспытаў у ваенным вучылішчы. Як прызнаецца Алег Альфрэдавіч, ён удзячны лёсу, што тая юначая мара не стала рэчаіснасцю.
А як ж інакш?! Дом Калеснікаў размяшчаўся праз дарогу ад падстанцыі. І хлопчыка пастаянна маніў гул трансфарматараў: хацелася даведацца, што і як працуе... І несвядомае дзіцячае жаданне ўрэшце здзейснілася. Аднак для Алега Альфрэдавіча, намесніка галоўнага інжынера, з боку бацькі-кіраўніка няма ніякіх паслабленняў і паблажак. Як прыкмячаюць супрацоўнікі РЭСа, Калеснік-старэйшы ўдвая, а то і ўтрая больш спаганяе з Калесніка-малодшага.
...І сямігадовы ўнук ужо дакладна ведае, што пойдзе ў энергетыку ўслед за дзядулем і татам.
...Вось так здарылася, што Альфрэд Станіслававіч не толькі “першаадкрывальнік” электрафікацыі раёна, але і роданачальнік цэлай дынастыі энергетыкаў, якія носяць яго прозвішча – Калеснік.
Пра “найэнергічныя” справы электрыкаў
У гэтым годзе перад спецыялістамі РЭСа стаяла шмат задач, і ўсе вытворчыя планы, як адзначае Альфрэд Станіслававіч, практычна выкананы.
Завершаны капітальны рамонт абсталявання электрычных сетак. На падыходзе і бягучы рамонт, які да новага года будзе канчаткова завершаны. Пастаянна ажыццяўляюцца комплексныя мерапрыемствы па павышэнні ўзроўню надзейнасці электрычнага забеспячэння.
Раён электрычных сетак сёлета цесна супрацоўнічаў з Астравецкім лясгасам. Гэта ў першую чаргу звязана з ліквідацыяй завалаў дрэў, якая дае магчымасць пашырыць у раёне межы ізаляванасці электрычных правадоў.
У 2013 годзе астравецкія электраэнергетыкі актыўна рэалізоўвалі ў нашым раёне Дзяржаўную праграму па развіццю сяла, у рамках якой каля новага, нядаўна збудаванага жылля, пачалі сваё жыццё сеткі знешняй электрычнасці. Так, да прыкладу, вялікі пласт маштабных работ выкананы па электрыфікацыі індывідуальных забудоў у аграгарадку Малі. У бліжэйшыя гады ў электразабеспячэнне аграгарадку плануецца ўкласці каля 50 мільярдаў рублёў. З іх 3 мільярды ўжо асвоены – а гэта значыць, што актыўнымі тэмпамі працягваюцца работы па электразабеспячэнні Маляў.
Работы з электрычным токам і на вышыні, вялікае электрычнае напружанне апрыёры тояць у сабе небяспеку. Менавіта пагэтаму на прадпрыемстве ў 2013 годзе – дарэчы, як і на працягу іншых гадоў – пільная ўвага надаецца ахове працы.
Адным з асноўных і праблемных пытанняў, якое стаіць на парадку дня ў раёне электрычных сетак, застаецца барацьба са стратамі электраэнергіі. З боку яе спажыўцоў вельмі часта фіксуюцца нядобрасумленныя дзеянні: крадзяжы і шматмесячная неплацежаздольнасць па рахунках некаторых з аматараў дармовай электрычнасці. Менавіта пагэтаму зараз актыўна ўводзяцца ў практыку вынасныя ўлікі электрычнай энергіі.
Адным з новаўвядзенняў на прадпрыемстве сталі дыстанцыйныя з’ёмы паказчыкаў электраэнергіі. Персанал на месцы бачыць і расход энергіі, і нагрузку, што, у сваю чаргу, дазваляе знізіць затраты на аўтатранспарт. У канцы кожнага месяца гэтак жа дыстанцыйна адбываюцца спецыяльныя “вылічэнні” і разлік.
Па-ранейшаму Янаўская ГЭС пакуль з’яўляецца адным з вытворцаў электрычнай энергіі: штогод яна выпрацоўвае каля 400-500 тысяч кілават.
Пра людзей электраэнергічнай справы
Не паказчыкамі адзінымі! Вядома, што функцыянаванне любога прадпрыемства, у тым ліку і Астравецкага раёну электрычных сетак, ды і самі вытворчыя паказчыкі, немагчымы без людзей. Зараз штат Астравецкага раёну электрычных сетак налічвае 80 спецыялістаў.
Разлікі з насельніцтвам, арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна “курыруе” група збыту электраэнергіі. Рамонтна-аперацыйныя брыгады адказваюць за абслугоўванне электрычных сетак, а дыспетчарская служба прымае інфармацыю пра непаладкі, якія на працягу сутак спецыялісты павінны ліквідаваць. Таксама на прадпрыемстве існуе брыгада абслугоўвання вулічнай асвятляльнасці ў сельскай мясцовасці. Усяго чатыры чалавекі адказваюць за спраўнасць 8000 свяцільнікаў у вёсках Астравецкага раёна.
Напярэдадні прафесійнага свята Альфрэд Станіслававіч па традыцыі нагадаў імёны лепшых падначаленых і ў адной асобе – калег: Станіслаў Станіслававіч Мізей, Віктар Іванавіч Налівайка, Валянцін Мар’янавіч Мілэйша, Ірына Іосіфаўна Кімса, Аляксандр Мікалаевіч Каржоў, майстар рамонтна-эксплуатацыйных брыгад, выдатнік энергетыкі Рэспублікі Беларусь, Яўген Вікенцьевіч Радзюш, а таксама майстар, які зусім нядаўна прыйшоў працаваць у электрасеткі і бездакорна спраўляецца з давераным яму ўчасткам у Падольцах, Артур Генадзьевіч Свіла. На цвёрдую “дзясятку” працуе і намеснік начальніка па збыту электраэнергіі Аляксандр Леанідавіч Драздовіч.
Уся тэхнічная “палітыка” прадпрыемства (новаўвядзенні, распрацоўкі і іх укараненне) ляжыць на плячах галоўнага інжынера Станіслава Станіслававіча Бабраўніцкага.
Зараз без транспарту немагчыма абысціся практычна нідзе, як і без кіраўніка аўтатранспартнай групы Аляксандра Анатольевіча Анішчука, які кожны дзень пацвярджае на справе свой прафесіяналізм.
А з дыспетчарскай службы асабліва вызначыўся Іван Іванавіч Мікліс, які прадстаўлены да ўзнагароджвання Ганаровай граматай РУП “Гроднаэнерга”.
Нягледзячы на выбрыкі надвор’я, непаладкі на лініях электраперадач пастаянна ліквідуюць мантажнікі Уладзімір Іосіфавіч Урбановіч, Павел Леанідавіч Ігнатовіч і Рубэн Зарнікавіч Гукасаў.
Як прызнаецца дырэктар РЭСа, спіс выдатных работнікаў гэтай “светлай” арганізацыі можна працягваць яшчэ доўга.
А напярэдадні Дня энергетыка Альфрэд Станіслававіч Калеснік таксама выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам і працаўнікам галіны: здароўя ім, дабрабыту ў сем’ях і аптымізму.
Мы жывём “светла” і з камфортам, дзякуючы гэтым людзям, якія штодзённа ўносяць свой невялікі ўклад у вялікую справу.
----------------------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.






