Проект ворнянского школьника прошёл на областной этап конкурса "100 идей для Беларуси"
Рэспубліканскі маладзёжны конкурс “100 ідэй для Беларусі”, які арганізоўвае ЦК БРСМ, рэгулярна праходзіць і ў нашым раёне. Сёлета адна з работ нашых таленавітых і крэатыўных землякоў – праект Антона і Алены Іванаўны Юркойцяў з Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы “Вывучэнне тыпаў краніравання і ўраджайнасці яблыні сартоў “Антэй” і “Алеся”, пасаджаных у сады рознай шчыльнасці” – прайшоў адбор на абласны этап конкурсу.Дарэчы, гэта не першы конкурс для даследчыкаў. Вясной наша газета расказвала пра поспехі праекта ў рэспубліканскім экалагічным конкурсе “Зямлі роднай – наш клопат”, дзе ў намінацыі “Юнат-2013” Антон Юркойць атрымаў дыплом першай ступені. Натхнёныя перамогай, варнянскія даследчыкі вырашылі развіваць, спрабаваць і ўдасканальваць веды на практыцы. За гэты час Алена Іванаўна і Антон яшчэ раз прасачылі, як уплывае краніраванне на ўраджайнасць яблыкаў, і ўнеслі новыя паказчыкі і дадзеныя ў работу.
Аднак заўсёды цікава ведаць, з чаго і як усё пачыналася. Расказаць пра ідэю праекта і яго ўвасабленне мы папрасілі кіраўніка праекта, настаўніцу біялогіі і хіміі Варнянскіх ясляў-сада-СШ Алену Іванаўну Юркойць.
– Быў аб’яўлены экалагічны конкурс “Зямлі роднай – наш клопат”. Вырашылі паўдзельнічаць. Тым больш што Антон заўсёды цікавіўся прыродай, яе незвычайнымі з’явамі і быў гатовы да розных эксперыментаў. А тут такое поле для дзейнасці – чаму ж не паспрабаваць?
– Аднак навуковая работа – не толькі спробы і эксперыменты. Для пачатку трэба быць тэарэтычна “падкаваным”. Ці не адштурхоўвае гэтая, больш “сухая”, частка работы юных даследчыкаў?
– Канешне, на пустым месцы нічога не зробіш. Трэба добра падрыхтавацца, прачытаць патрэбную літаратуру, а ўжо затым падмацоўваць веды і ідэі практыкай. Без пачатковага фундаменту немагчыма “пабудаваць” свой праект. Але, як сцвярджае народная мудрасць, калі ўзяўся за гуж… У такіх выпадках усё залежыць ад зацікаўленасці аб’ектам даследавання. Калі гэта захоплівае, калі сапраўды падабаецца тое, што ты робіш, уся неабходная інфармацыя будзе цікавай.
– Недасведчанага чалавека нават назва вашага праекта можа паставіць у тупік. Раскажыце, у чым яго асноўная мэта і ідэя.
– Асноўную ідэю якраз і можна вызначыць у самой назве. І нічога складанага на самой справе тут няма. Вядома, што на ўраджайнасць яблынь уплываюць розныя фактары. Мы ўзялі для вывучэння шчыльнасць садоў, дзе растуць дрэвы, і краніраванне – абразанне іх кронаў. Аб’ектам сталі два сарты – “Антэй” і “Алеся”. Вось на іх прыкладзе мы назіралі, а затым занатоўвалі, наколькі эфектыўным і ў якой ступені з’яўляецца краніраванне дрэў, на якой адлегласці адно ад другога іх лепш высаджваць, які грунт выкарыстоўваць. Расказваць можна доўга.
– Даследаванні лепш праводзіць на маладых саджанцах. А два гады назад у СВК “Варняны” быў закладзены сад. Таму выбар быў зроблены адразу. Спачатку вывучалі літаратуру, вызначыліся з сартамі – па дэгустацыйных якасцях і лічбавым значэнні лепш за ўсё супадалі “Антэй” і “Алеся”, выбіралі, на якіх прышчэпах пасадзіць саджанцы – спыніліся на карлікавых і суперкарлікавых падвоях. Дарэчы, даглядаць за саджанцамі дапамагалі вучні нашай школы. І на трэці год яблынькі парадавалі ўсіх першым ураджаем – вага плода абодвух сартоў склала каля 300 грамаў.
Усе гэтыя назіранні і вынікі адлюстраваны ў праекце, які зацікавіў не толькі яго распрацоўшчыкаў, але і журы конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


