Прадстаўніца Астравеччыны Інэса Шчука пабывала ў В'етнаме
Вось як бы ні стараліся зубаскаліць насмешнікі ўсялякіх масцей над правінцыяльнасцю і памерамі нашага гарадка, а ўсё ж без нас, астравецкіх, як без вады – не абысціся! Калі ў Мілане на сусветную выставу садаводаў не паспела прыбыць дэлегацыя адной з краін, каго арганізатары папрасілі пранесці яе сцяг на адкрыцці імпрэзы? Правільна, астраўчаніна Часлава Лабачэўскага. А каму выпаў гонар ад імя беларусаў вітаць Святога Айца Яна Паўла ІІ? Так, ураджэнку Астраўца Людвіку Кардзіс. Вось і музычнае суправаджэнне Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на ІХ В’етнамскім міжнародным гандлёвым кірмашы “В’етнамэкспа-2011” не абышлося без прадстаўніцы Астравеччыны. Без чацвёртакурсніцы Лідскага дзяржаўнага музычнага коледжа Інэсы Шчука…
…Калі восень пачынае прарастаць у твае сны пасмачкай суму, калі вільготная шэрасць апошніх дзён лістапада праглынае ўсе фарбы, а слупок тэрмометра замірае ля рысачкі “нуль”… Калі з раніцы і да вечара табе зябка і няўтульна, так цяжка бывае паверыць у тое, што недзе там, на супрацьлеглым баку планеты нехта спрабуе схавацца ад спякотных сонечных промняў.
Вось і да навіны, аб’яўленай ім Аксанай Уладзіміраўнай Вялікінай, кіраўніком трыа цымбалістак у складзе Інэсы Шчука, Дар’і Суровіч і Таццяны Бохан, яго ўдзельніцы аднесліся з нявер’ем. Ну сапраўды, дзе – мы, а дзе – В’етнам?! І потым, у Беларусі процьма цымбалістак куды больш тытулаваных і заслужаных. Ды іх трыа наогул стварылася толькі ў пачатку гэтага навучальнага года!..
А карані такой “высокай” прапановы, як аказалася, зарадзіліся ў… Лідскім замку – напярэдадні падзеі яго наведала высокапастаўленая дэлегацыя з Расіі, якой ігра цымбалістак вельмі спадабалася. Годна ацанілі выступленне юных музыкантак і суправаджаючыя расійскую дэлегацыю асобы з Беларусі. Вынік: запрашэнне на Нацыянальную экспазіцыю Рэспублікі Беларусь на ІХ В’етнамскім міжнародным гандлёвым кірмашы “В’етнамэкспа-2011”, арганізаваную Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Расказвае Інэса:
– Гэтая прапанова выклікала ў нашай “троіцы” сапраўдны шок. У тое, што гэта праўда, мы не верылі да апошняй хвіліны. Нават у Мінскім аэрапорце… Нават у самалёце кампаніі “Белавіа”. Прыходзіць у “прытомнасць” пачалі пасля перасадкі ў Маскве – у в’етнамскім самалёце нас абслугоўвалі в’етнамскія сцюарды, ветлівасць якіх перакрэслівала ўсе магчымыя граніцы. Да Хашыміна мы ляцелі больш дзевяці гадзін.
Вядома, нас папярэдзілі (ды мы і самі “злазілі” ў інтэрнэт сто разоў!), што ў В’етнаме горача, таму пад цёплыя швэдры і паліто мы пададзелі летнія майкі, і ўсё ж пераход у лета ўсё роўна быў вельмі рэзкім – Хашымін сустрэў нас трыццаціградуснай спёкай. Мы пазасоўвалі цёплую вопратку ў чамаданы, і сонца накінулася на аголеныя рукі і плечы благадатным цяплом. Мы літаральна купаліся ў яго промнях, забыўшыся і пра чужую краіну, і пра мэту прыезду – лета!!!
У рэчаіснасць нас вярнула наша выкладчыца. “Дзяўчаты, – сказала яна, – не расслабляйцеся. Мы – не на адпачынку”. І з краіны выключна сонца мы вярнуліся непасрэдна ў В’етнам. І адразу ж заўважылі: мясцовыя жыхары не толькі не падзяляюць наша захапленне спякотай – яны старанна ад яе хаваюцца. Пад спецыфічнымі конусападобнымі шапкамі, пад сукенкамі з доўгімі рукавамі і гэтакага ж колеру шараварамі… Відаць сонца, якое шчодра палівае іх сваімі промнямі круглы год, надакучыла в’етнамцам. На нашы адкрытыя майкі яны паглядалі крыху здзіўлена. Зрэшты, яшчэ больш мясцовых жыхароў здзіўляў наш рост: на выстаўцы, калі мы завяршалі сваё выступленне, нас чакала чарга жадаючых сфатаграфавацца з намі; на вуліцах мы карысталіся агульнай увагай, самыя цікаўныя нават хадзілі за намі ўслед, недаўменна пакручваючы галовамі – і як гэта можна вырасці такімі высокімі?!
Нас размясцілі ў гатэлі з прэтэнцыёзнай назвай “Цэзар” – у нумарах, хаця і зусім не “цэзарскага” пашыбу, але ўтульных. Распакоўваць чамаданы не было часу – хацелася ўбачыць як мага больш. І мы заспяшаліся на вуліцу.
Праезджая частка хашымінскіх вуліц літаральна запруджана мапедамі ўсялякіх мадыфікацый – на працу, за пакупкамі, у госці… жыхары горада едуць на такога роду транспарце. Можа, і менш камфортна, чым у легкавушцы, затое ў горадзе, у якім пражывае больш сямі мільёнаў чалавек, зусім няма “пробак”! Нават грузы яны перавозяць на веласіпедных і мота-цялежках. Аўтамабіляў на вуліцах Хашыміна няшмат, затое ўсе яны вельмі “крутыя” – “Лексусы”, “Таёты” самых сучасных мадыфікацый і т.п.
У кожным зручным (і не асабліва) месцы хашымінскіх вуліц раскінуліся латкі з неверагодным, па нашых мерках, асартыментам фруктаў і гародніны. Міндаль, фісташкі, арахіс, лаймы, апельсіны, яблыкі, ківі… І процьма невядомых іншых прысмакаў. А яшчэ гарбата і кава – яе па просьбе пакупніка тут жа на месцы могуць змалоць. Увесь тавар запакаваны ў прыгожыя мяшочкі, якія прадавец, убачыўшы зацікаўленасць патэнцыяльнага пакупніка, развязвае і прапануе паспытаць фрукты на смак. Да непрывычнай нам ветлівасці хашымінскіх гандляроў трэба прывыкаць, інакш можна накупіць процьму непатрэбных рэчаў. Зрэшты звычайныя людзі на вуліцах горада таксама вельмі ветлівыя. Здавалася б, горад, нібы растрывожаны мурашнік, – усе некуды спяшаюцца, агульная мітусня. Але дастаткова звярнуцца да першага прахожага, як ён спыніцца, усміхнецца і дакладна адкажа на ваша пытанне. Большасць хашымінцаў валодае англійскай мовай – на ёй мы і размаўлялі. “З якой краіны вы прыехалі?” – пыталіся ў нас в’етнамцы. І пачуўшы наша: “From Byelorussia”, падымалі ўгору вялікі палец: “Good country!” “Добрая краіна!”
З дзевяці да пяці мы знаходзіліся на выставе. Акрамя нас, яе музычнае суправаджэнне забяспечвалі артысты вядомага ў Беларусі ансамбля “Церніца”. Мы выступалі па чарзе. А падчас адпачынку знаёміліся з выставай. У в’етнамцаў самую вялікую цікавасць выклікалі нашы трактары і вялікагрузныя аўтамабілі МАЗ.
На другі дзень проста са сцэны мяне паклікалі ў арганізацыйны камітэт выстаўкі. “Трэба паднесці хлеб-соль прэм’ер-міністру, які зараз прыбудзе сюды. Прыдумай пару вітальных слоў…”
Яшчэ некалькі месяцаў таму ад падобнага даручэння я была б на мяжы страты прытомнасці, але цяпер за маімі плячыма быў удзел у конкурсе “Міс Лідчына-2011”…
На подыуме
Інэсу не заўважыць цяжка – высокая, стройная, з вялікімі задумлівымі вачыма… Прыняць удзел у конкурсе “Міс Лідчына-2011” яе ўгаварылі выкладчыцы вучылішча. Дзяўчына пайшла. Аказалася, што прэтэндэнтак на “праменад” па подыуму – “вышэй даху”. І перш, чым трапіць у фінальную дзясятку, Інэсе давялося прайсці ажно тры этапы кастынгу, на кожным з якіх трэба было прайсціся па сцэне ў сукенцы і ў купальніку, расказаць пра сябе, адказаць на пытанні членаў камісіі.
– Самым страшным для мяне было дэфіле ў купальніку, – прызнаецца Інэса. – Не магла сабе ўявіць, як гэта ўсе ў зале будуць сядзець апранутымі, а я… На ўсеагульнае разгляданне… Але за кулісамі ўсе дзяўчаты былі ў аднолькавай сітуацыі. І мы так стараліся падтрымаць адна адну!..
Інэса выйшла ў фінал. І пачаліся бясконцыя репетыцыі: як прайсці, дзе стаць, якім бокам павярнуцца… Тым больш, што ў праграме значылася шэсць конкурсаў: “аўтапартрэт” – у сукенцы для кактэйлю; “сярэднявечча” – прагулка ў старадаўняй сукенцы (канкурсанткам іх выдзелілі з музея “Лідскі замак”); “авангард”, падчас якога трэба было прадэманстраваць касцюм, зроблены ўласнымі рукамі з “падручных” сродкаў – Інэса зладзіла сабе строй з магнітафонных стужак; конкурс пародый – з вялікім поспехам у гледачоў Інэса парадзіравала Валерыя Лявонцьева; “міс “Грацыя” – разам з “Чарлі Чапліным” дзяўчаты выходзілі на сцэну ў пінжаках і капелюшах, каб потым, зрабіўшы “разводку”, распрануцца і застацца толькі ў купальніках; “вясельны” – дэманстрацыя вясельнай сукенкі.
– У выніку тытул “Міс Лідчыны-2011” журы прысудзіла маёй сяброўцы Аксане Радута, – расказвае Інэса. – І цалкам заслужана – Аксанка вельмі прыгожая дзяўчына. А мы, усе астатнія ўдзельніцы фіналу атрымалі сертыфікат ад “Мілавіцы”, віпкарту на наведанне кавярні на працягу года, кветкі, індывідуальныя фотапартрэты і дыпломы ўдзельніц. Гэта з прадметных, так бы мовіць, падарункаў, але куды больш каштоўнымі набыткамі для кожнай з нас стала школа добрых манер, уменне трымацца на сцэне, унутраная свабода і самапазнанне.
…Гэтая ўнутраная свабода дапамагла Інэсе не стушавацца і перад другой па рангу асобай беларускага ўраду – з непасрэднай грацыяй і мілай усмешкай яна паднесла хлеб-соль прэм’ер-міністру Беларусі М.У. Мясніковічу і пажадала яму плённай працы, цудоўных уражанняў і выгадных кантрактаў на Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на ІХ В’етнамскім міжнародным гандлёвым кірмашы “В’етнамэкспа-2011.
Вось так! Ёсць яшчэ жадаючыя паўтараць глупства тыпу “Астравец – свету канец”? І правільна, што няма. Без нас, астравецкіх – ні ў Лідзе міс выбраць, ні прэм’ера павітаць…
Ганна ЧАКУР.