Подведены итоги областного литературного конкурса
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і абласная арганізацыя Беларускага саюза пісьменнікаў два гады назад аб’явілі літаратурны конкурс імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). На конкурс яго ўдзельнікі прадстаўлялі рукапісы ўласных кніг.Вынікі конкурсу былі падведзены 21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, і імпрэза ператварылася ў сапраўднае свята мастацкага слова.
А пачалося яно з узнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу. Вынікі яго падводзіліся ў дзвюх намінацыях – “Проза” і “Паэзія”.
У паэтычнай намінацыі пераможцаў было вызначана двое. Адным з іх стала цікавая журналістка са Смаргоні Ала Страшынская, якая вядома ў паэтычным свеце пад псеўданімам Ала Клемянок. Знаёмы з ёй і чытачы Астравеччыны, па яе творах і асабіста: Ала Леанідаўна неаднойчы прыязджала да нас на літаратурныя сустрэчы, апошні раз – у студзені гэтага года. Ала Клемянок прадставіла на конкурс рукапіс кнігі “Не пускайце ў сэрца адзіноту”.
Яшчэ адным лаўрэатам паэтычнай намінацыі прызнаны гродзенскі паэт Аляксандр Слашчоў, які піша вельмі глыбокія, пранікнёныя, надзвычай таленавітыя вершы – ён прадставіў на конкурс рукапіс кнігі на рускай мове з ёмістай і крыху загадкавай назвай “Угол”.
А ў намінацыі “Проза” адзіным пераможцам абласнога літаратурнага конкурсу імя Алаізы Пашкевіч стала рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік з рукапісам кнігі аповесцей і апавяданняў “Скрыжаванні”.
У якасці ўзнагароды пераможцам з абласнога бюджэту будуць выдзелены сродкі на выданне кніг, рукапісы якіх былі прадстаўлены на конкурс.