Подведены итоги конкурса "Миссис Островетчины"
1
Па-рознаму можна называць жанчыну: па-свойску, па-беларуску – спадарыня, на загранічны манер – місіс, шчыра і пранікнёна – мадона… Але сэнс пры гэтым застаецца нязменным: гэта – жанчына-маці, гаспадыня, захавальніца сямейнага ачага...Каб паказаць усё хараство жанчыны, якая цудоўная ў любым узросце, рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” сумесна з раённай арганізацыяй ГА “Беларускі саюз жанчын” і пры спонсарскай падтрымцы магазіна жаночага адзення “Індзіга” аб’явіла конкурс “Місіс Астравечыны”.
На працягу жніўня мы прымалі фотаздымкі ад удзельніц фотаконкурсу – і дзівіліся, колькі ў нас цудоўных жанчын, прыгажосць якіх свеціцца ў іх разумных і добрых вачах.
На працягу верасня нашы чытачы – наведвальнікі сайта “Астравецкай праўды” ostrovets.by і падпісчыкі групы нашай газеты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” падзялялі наша захапленне – і пакідалі свае галасы, а таксама каментарыі, каб не толькі клікам мышкі, але і шчырымі пранікнёнымі словамі выказаць свае пачуцці ўдзельніцам конкурсу, адзначыць іх прыгажосць, розум, дабрыню, прафесіяналізм…
У кастрычніку мы падвялі вынікі конкурсу. Пераможцамі яго сталі Вікторыя Урбановіч –1278 галасоў, першае месца; Таццяна Адамовіч – 978 галасоў, другое месца; Таццяна Шпак – 851 голас, трэцяе месца.
Падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню маці, пераможцам конкурсу “Місіс Астравеччыны” былі ўручаны дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад магазіна “Індзіга” адпаведна на 500, 300 і 200 тысяч рублёў.
Але незалежна ад таго, хто з пятнаццаці канкурсантак колькі набраў галасоў, усе жанчыны, што даслалі свае фотаздымкі на конкурс, – ужо пераможцы. Пераможцы руціны, шэрай паўсядзённасці, сваёй сарамлівасці і закамплексаванасці. Шчырае дзякуй ім усім за тое, што дзякуючы вам, мы ўсе ў чарговы раз пераканаліся ў неаспрэчнай ісціне: прыгожай можа быць не толькі квітнеючая яблынька, але і налітае сокам пладавітае дрэва, не толькі бесклапотнае юнацтва, але і мудрасць сталых гадоў.
І таму ўсіх вас, дарагія Мадоны Астравеччыны, віншуем з перамогай! Спадзяемся, мы яшчэ сустрэнемся з вамі – у новых конкурсах і на старонках газеты.
--------------------
Ніна РЫБІК.



