Побеждать на ринге помогает Вадиму Морозу поддержка родных и близких
З першага разу ў яго нічога не атрымалася. Не вельмі шанцавала і пасля. Аднак юнак не адчайваўся і яшчэ з большым жаданнем працаваў на вынік. І хутка ўзнагарода знайшла свайго героя: яго прозвішча стала сінонімам перамог у розных спаборніцтвах па боксе. Сёння мы пазнаёмімся з таленавітым выхаванцам трэнера Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксея Зянонавіча Маргужа Вадзімам Марозам.Здаецца, усё ў жыцці адбываецца проста і заканамерна. Аднак, калі паглядзець з іншага боку, нічога выпадковага не бывае. І калі б у спартыўную залу, дзе займаліся на ўроку фізкультуры вучні 5 класа, не зазірнуў трэнер па боксе Аляксей Зянонавіч Маргуж, невядома, чым бы захапляўся хлопец зараз.
– Мы якраз займаліся ў спартзале, – расказвае Вадзім. – Зайшоў Аляксей Зянонавіч, паглядзеў, а пасля паказаў на мяне і запытаў у настаўніка: што гэта за хлопчык? І папрасіў перадаць, што запрашае мяне на трэніроўку. Я пайшоў. Чаму? Найперш таму, што цікава было: чаму гэта выбралі мяне? Што там адбываецца? Ды і наогул: што такое бокс на практыцы і як спасцігаюць яго “азы”? Трэніраваўся спачатку ў Яўгена Іваніцкага. Ну і ў Аляксея Зянонавіча таксама. Праўда, спачатку ў мяне не вельмі атрымлівалася. І першы раз, і другі, і пяты… На першым адказным выязным спаборніцтве “праляцеў”, стаў толькі трэцім. Затым яшчэ на адным прайграў. Але трэнеры сказалі, што тады мяне проста “засудзілі”. Ну а затым прыйшлі перамогі. І значыць, намаганні былі недарэмнымі.
Канешне, няўдачы на рынгу не маглі не пакінуць свой негатыўны след. І ў пэўныя моманты юнак “забіваў” на трэніроўкі: раз нічога не атрымліваецца, то навошта “парыцца”? У такіх выпадках на дапамогу прыходзіў Аляксей Зянонавіч. Вопытны педагог, ён гутарыў з Вадзімам і ўпэўніваў хлопца, што яго зорны час яшчэ наперадзе. І сіла слова аўтарытэтнага трэнера дзейнічала безадмоўна – юнак зноў прыходзіў на трэніроўкі. Відаць, яшчэ ў першы раз вопытнае вока трэнера разгледзела ў хлопчыку патэнцыял таленавітага баксёра. І трэнер не памыліўся – праз церні Вадзім неўзабаве дабраўся да зорак.
– Першая перамога? Ой, даўно гэта было… Не памятаю, які дакладна турнір у Гродне. Там мне крыху пашанцавала: у фінале сапернік не выйшаў на рынг, і я аўтаматычна стаў пераможцам. А самае запамінальнае – гэта, канешне ж, першае месца на рэспубліканскай спартакіядзе. Пазітыўныя эмоцыі зашкальвалі. Радаваўся, што перамог, што не падвёў трэнера. Цікава было выступаць і ў Ірландыі, але там я стаў толькі трэцім. Ну што за спартсмен, які не марыць стаць першым? Таму спачатку я нават крыху засмуціўся.
Перамагаць Вадзіму дапамагае падтрымка родных: і тата, і мама заўсёды былі за тое, каб іх сын займаўся боксам, ганарыліся яго поспехамі. Вось толькі бабуля не-не, ды і ківала галавой: маўляў, навошта табе, унучак, усё гэта патрэбна? Але пасля таго, як юнак стаў пераможцам на рэспубліканскім спаборніцтве, здалася і яна – ну як не заганарыцца такім унукам?!
На рынг Вадзім выходзіць з думкамі, як правесці бой так, каб спадабалася трэнеру і выйграць. Менавіта таму хлопец “жыве” боксам не толькі падчас трэніровак, але і дома: глядзіць па тэлевізары, адзначае тэхніку, “наматвае на вус” прыёмы. З асаблівым захапленнем назірае, як арудуюць левай і правай Майк Тайсан і Мухамед Алі.
Пра будучую прафесію хлопец яшчэ толькі падумвае. Хутчэй за ўсё, яна будзе звязана з боксам. Бо дастаткова зазірнуць Вадзіму ў вочы, каб зразумець: пакідаць рынг ён не збіраецца. На пытанне, колькі ў яго медалёў, Вадзім паціскае плячыма: “Не ведаю. Аляксей Зянонавіч кажа, што іх лепш не лічыць”. І сапраўды. Бо галоўныя перамогі Вадзіма Мароза яшчэ наперадзе – ва ўсялякім разе, мы ў гэта верым і гэтага ж яму жадаем.
---------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
