Победитель международного турнира "Дорога в Лас-Вегас", уроженец Островецкого района Денис Зуев ответил на вопросы журналиста "Астравецкай праўды"

Як ужо паведамляла “Астравецкая праўда”, наш зямляк Дзяніс Зуеў стаў пераможцам адборачнага тура міжнароднага прафесійнага турніру «Дарога ў Лас-Вегас» па правілах амерыканскага кікбоксінгу (IKA) і заваяваў білет на аднайменны турнір, які пройдзе гэтым летам у Лас-Вегасе (ЗША) на самай вялікай у свеце арэне “Цэзар”, на якой у свой час выступалі такія знакамітыя баксёры, як Майк Тайсан і Мухамед Алі.
Літаральна на наступны дзень нам удалося дазваніцца да пераможцы, павіншаваць яго і задаць некалькі пытанняў.


– Дзяніс, самае галоўнае пытанне, якое цікавіць нашых чытачоў: хто ваш першы трэнер? Дзе вы пачалі трэніравацца – у Варнянах ці ў Астраўцы?

– Калі вы маеце на ўвазе кікбоксінг, то нідзе. Падчас вучобы ў Варнянскай сярэдняй школе, якую закончыў у 2006 годзе, пад кіраўніцтвам настаўніцы фізкультуры і нашага класнага кіраўніка Тамары Рамуальдаўны Пятровай я займаўся лёгкай атлетыкай: бегаў, скакаў… Займаўся крыху так званай атлетычнай гімнастыкай: “цягаў“ гіру і штангу… Але да бокса або барацьбы справа не даходзіла.


– У такім разе, калі і як у вашым жыцці з’явіўся кікбоксінг?

– Выконваць так званы пачэсны доўг мне выпала ў войсках спецыяльнага прызначэння. А там, як вядома, асаблівае месца ў падрыхтоўцы байца адводзіцца рукапашнаму бою. Спачатку ўхапіў “азы” гэтага віду барацьбы, потым стаў вучыцца фізічныя аспекты непасрэднага кантакту з праціўнікам дапаўняць маральнымі. Інакш кажучы, стаў вучыцца думаць…


– І на якім этапе рукапашны бой перарос у кікбоксінг?

– Я вырашыў звязаць сваё жыццё з арміяй, таму пасля дэмабілізацыі перайшоў на кантрактную службу. Служу ў СОХРы (СОБР) – спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання, – дзейнасць якога накіравана на барацьбу з арганізаванай злачыннасцю. Па сутнасці, СОХР – гэта спецназ у спецназе. У ім служаць толькі афіцэры і прапаршчыкі-кантрактнікі. Галоўным чынам, “крапавыя берэты”…


– З гэтага месца, калі ласка, больш падрабязна. Вы хочаце сказаць, што вы належыце да брацтва “крапавых берэтаў”?

– Так. З 2008 года.

– Іншымі словамі, вы змаглі прайсці праз усе тыя неверагодныя выпрабаванні, пераадолець якія ў стане адзінкі людзей?

– Ну, не такія ўжо і адзінкі. У рэспубліцы нас – каля пяцісот чалавек. На Астравеччыне (маю на ўвазе, выхадцаў з Астравецкага раёна) права насіць “крапавы берэт” маюць ужо трое: я, Мацкевіч і Карвэцкі, які далучыўся да нас літаральна з паўгода таму…


– І ўсе жахі, якія пішуць пра нечалавечыя ўмовы выпрабавання “крапаваберэтнікаў”, праўда: што вам спачатку трэба прабегчы 12 кіламетраў, потым пераадолець вогненна-выбуховую паласу перашкод, узабрацца на высотны будынак, адстраляць па мішэні на вынік, выканаць абавязковыя акрабатычныя практыкаванні, каб потым, калі сіл ужо зусім не застанецца, самому стаць “мішэнню для збівання“?

– Прыкладна так. Хаця пра мішэнь для збівання – гэта перабольшванне. У канцы выпрабавання цябе чакае паядынак з трыма партнёрамі, адзін з якіх – гэткі ж экзаменуемы, а два другія – ваеннаслужачыя, якія ўжо маюць крапавы берэт. Канешне, ніякіх паслабленняў на выматанасць, але ты – не мішэнь. Змагайся! Ну і што з таго, што з-за поту і крыві ты ўжо амаль нічога не бачыш? Стой праз “не магу”, калі ўзяўся нешта даказваць. Тым больш, што даказваеш ты, у першую чаргу, сам сабе…


– М-да… Пасля такіх жарсцяў і кікбоксінг падасца размінкай… Аднак давайце ўсё ж узгадаем, як вы ў яго прыйшлі?

– Тры гады таму паспрабаваць свае сілы ў кікбоксінгу мяне запрасіў мой будучы трэнер Дзмітрый Канстанцінавіч Пякарчык. Я паспрабаваў – і, да агульнага здзіўлення, вельмі хутка стаў выйграваць чэмпіянаты і турніры рэспубліканскага значэння.


– У кікбоксінгу, наколькі мне, прафану, вядома, практыкуюцца поўнакантактныя паядынкі, дзе адсутнічаюць абмежаванні сілы удараў, дзе рэферы не спыняе паядынак пасля праведзенага тэхнічнага прыёму, дзе дазволены ўдары рукамі ў галаву, дзе б’юць нагамі, рукамі…

– У вашай інтэрпрэтацыі ўсё гэта гучыць неяк вельмі фатальна (усміхаецца). Спорт як спорт. Барацьба як барацьба. Як на мой густ, дык прыгожая і змястоўная.


– Дзяніс, крыху пра настрой на чарговы бой, калі ласка…

– Звычайны: перамога. Ведаеце, якое правіла ў статуце спецназаўца стаіць самым першым? Спецназ народжаны для перамогі. І гэта не абмяркоўваецца. Калі ты не ўпэўнены ў сабе, табе лепш наогул не выходзіць на рынг. Хаця і залішняя ўпэўненасць у сваіх сілах таксама можа стаць перашкодай…


– А там, на рынгу… Што адчуваеце падчас бою? Ці перашкаджаюць вам крыкі балельшчыкаў?

– Адчуванні застаюцца ўнізе. У большасці выпадкаў нават болевыя. Таму што ў кожнага бою – свая і тактыка, і стратэгія. Кожны раз ты, па сутнасці, пачынаеш усё нанова. Назіраеш, супастаўляеш, знаходзіш слабыя месцы… І крыкаў балельшчыкаў пры гэтым для цябе не існуе. Ты іх проста не чуеш. Затое ты чуеш свайго трэнера. Кожнае слова. Яго кожны расчараваны ўздых або пераможны выкрык. Нават не ведаю, як гэта ўдаецца, на чым завязана… Відаць, паміж спартсменам і трэнерам выпрацоўваецца асаблівая сувязь, непадкантрольная звычайным законам…


– Цяпер вас чакае дарога ў Лас-Вегас…

– Хутчэй за ўсё, турнір “Дарога ў Лас-Вегас” адбудзецца ўжо ў сакавіку.

– “Цэзар” – самая вялікая арэна свету. На ёй даказвалі сваё спартыўнае першародства Майк Тайсан, Мухамед Алі і іншыя знакамітыя барцы. І на турнір з розных канцоў свету з’едуцца самыя-самыя… Якія пачуцці? Удасца перамагчы страх? Як вы думаеце?

– Дык я ж вам ужо гаварыў: спецназ народжаны для перамогі…

Для паўнаты карціны, каб пазнаёміцца з раптоўна ўспыхнуўшай на спартыўным небасхіле не толькі Астравеччыны, але і ўсёй Беларусі зоркай, мы вырашылі звярнуцца да былога класнага кіраўніка і настаўніцы фізкультуры Тамары Рамуальдаўны Пятровай. Вось што яна нам расказала:
– Дзяніс Зуеў з сапраўдных людзей. З тых, на каго можна палажыцца, – у класе, у школе, у жыцці.
Не ведаю, як растлумачыць, але ён заўсёды паводзіў сябе па-мужчынску. Не капрызны і непрадказальны падлетак, а сур’ёзны і надзейны мужчына. Думаю, гэта пацвердзяць вам і яго былыя аднакласнікі.
Дзяніс быў актыўным ва ўсім: іграў на гітары, прыгожа спяваў, выступаў на школьных канцэртах, удзельнічаў у КВЗ. Трэці сын сваіх бацькоў, ён з дзяцінства марыў служыць у дэсантных войсках. Толькі там, і нідзе больш. Рыхтаваўся да гэтага ледзь не з трэцяга класа.
А ў дзявятым здарылася няшчасце. Дзяніс трапіў у сур’ёзную аварыю. Пашкодзіў нагу, ды так моцна, што доўга не ўставаў з пасцелі. Зрабілі аперацыю, у каленны сустаў уставілі спіцы. Пасля выпіскі хлопец яшчэ доўгі час не падымаўся – настаўнікі вучылі яго на даму.
Нарэшце ён з цяжкасцю, але змог стаць на ногі… Вядома, ні пра якую дэсантную будучыню нельга было нават марыць. Так думалі ўсе. Усе, акрамя самога Дзяніса.
Цяжка сказаць, колькі болю вытрывала гэтае дзіця… З дня ў дзень… Без самашкадавання і крыўды на жыццё ён зноў і зноў распрацоўваў сваё страціўшае рухомасць калена. Кожны дзень знясільваючыя фізічныя практыкаванні... Гадамі… І бачыце, здолеў – перамог!
І выказаць складана, як я… Ды што там я… Уся наша школа, усе Варняны… Мы жадаем Дзянісу перамогі. Не толькі ў Лас-Вегасе – у жыцці наогул.


---------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.