Планета художника Эдуарда Матюшонка

1

Бываюць выставы…


А здараюцца – ВЫСТАВЫ!


Калі работы мастака – адлюстраванне яго Сусвету – пачынаюць рэзаніраваць з тваім асабістым светаадчуваннем. Дзесьці ўнутры прачынаюцца і ажываюць затоеныя пачуцці: ты ператвараешся ў сатканы са слыху і зроку камячок,  а да яго далучаецца сёмае пачуццё, якому чалавецтва яшчэ не прыдумала назву. Ты пераносішся ў вымярэнне, адлюстраванае на карцінах. Дыхаеш тым паветрам. Адчуваеш водар тых рамонкаў і брэх таго сабакі. І бярэш за руку сваю бабулю, каб сказаць ёй словы, якія так і не паспеў сказаць пры жыцці… Такой ВЫСТАВАЙ для мяне стала экспазіцыя работ мастака з Вілейкі Эдуарда Мацюшонка, прысвечаная нашым выбітным продкам і сваякам. Сёлета яна працавала ў гімназіі №1 Астраўца.


Экспазіцыю складалі раней вядомыя і новыя работы мастака – усяго 16 палоцен. Нашы слынныя землякі – Эмілія Плятэр, Нікадзім Сілівановіч, Язэп Драздовіч – глядзелі з палотнаў, быццам жывыя. Працы-рэканструкцыі, прысвечаныя Глыбокаму, Гануце, дзе размяшчаўся маёнтак аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага, – напамін аб страчаным. Мастак ажывіў па расповедах дзядулі і бацькі, па фотаздымках тыя мясціны, дамы і храмы, якіх ужо няма. Жыццёвая планета мастака, адлюстраваная ў трыпціху, прыадкрывае завесу творцы… Усе работы мастака знітаваны тонкай нітачкай, назва якой – сувязь са сваімі каранямі, бо ў кожнага з нас ёсць той куточак, дзе мы нарадзіліся, дзе мы, як нідзе ў свеце, адчуваем сябе спакойна і ўтульна. Месца, дзе мы ўпершыню сказалі “мама” і зрабілі свой першы крок. Запаветная зямля, дзе па-іншаму спяваюць птушкі і ярчэй буяюць краскі. Месца першага кахання і жыццёвых адкрыццяў. Куточак, дзе б’юць гаючыя крыніцы, аздараўляецца цела і душа…


У наведвальнікаў выставы была цудоўная магчымасць пачуць расповед самога Эдуарда Мацюшонка пра карціны і аднавіць у памяці ўласную страчаную Атлантыду.


Давайце і мы з вамі зробім падарожжа па некаторых пункцірах-карцінах жыццёвай планеты Эдуарда Мацюшонка.



«Хлеб»


–  Людзі часта кажуць, што жыццё – складанае.


Мы ходзім сумныя, таму што нейкая задума не ажыццявілася. Адчуваем незадавальненне сваім знешнім выглядам. Нам не хапае грошай…


Мой дзядуля Вінцэнт нарадзіўся ў 1895 годзе. Ён ваяваў на Першай сусветнай вайне. Падчас адной з атак яго цяжка параніла ў абедзве нагі. Перад ім стаяў выбар: паміраць – але застацца з нагамі, жыць – але без ног. Дзядуля выбраў другі варыянт. Аперацыю рабілі па-жывому, без абязбольвання, у полі, некалькі разоў: развівалася гангрэна. Але дзед выжыў. Вярнуцца ў вёску без ног у той час азначала – быць “паўчалавекам”: паспрабуй апрацаваць зямельку...


Я не ведаю, чым ён спадабаўся маёй бабулі Петрунэлі, але яны пабраліся  шлюбам. Неўзабаве нарадзілася дзіцятка… І памерла, другое – таксама… Быццам увесь свет паўстаў супраць яго. У дзядулі пачалі нараджацца грэшныя думкі аб самагубстве...


Спачатку чалавек прымае рашэнне ў духоўным плане.


Дзякуючы моцным вясковым традыцыям і святару, які прыходзіў да яго кожны дзень, падтрымцы жонкі і людзей, Вінцэнт прыняў наканаваны яму крыж. Пасля ў іх нарадзілася пяцёра дзяцей, якія выжылі. Мой тата – старэйшы з іх.


…Дзядуля вельмі многа ўклаў у маё развіццё і выхаванне.  Апошнія два месяцы яго жыцця я быў побач з ім: слухаў расповеды, якія не адшукаеш ні ў адной кнізе. Калі дзядуля адышоў у іншы свет, я вырашыў, што трэба пісаць гэту работу.


Ён сядзіць у цэнтры палатна каля вялікага дрэва і трымае бохан хлеба ў руках. Левая частка палатна ўся выпаленая, пакручаная – гэта складаны пачатак яго жыцця. Аднак, паверыўшы ў словы святара, Вінцэнт пачынае араць няўдобіцу – поле, цалкам усыпанае  каменнем.


На другой палове карціны зерне вырасла. Дзядуля абмалаціў калоссе і атрымаў хлеб. Мяне, маленькага, ён вядзе за руку ўдалячынь, і нас акружае святло – гэта ён перадае мне сваю мудрасць, духоўны хлеб, які не купіш за грошы і не пазычыш у людзей. Чалавек можа яго расцярушыць і раскідаць – ці, наадварот, зберагчы, памножыць і перадаць сваім нашчадкам.


Дзядулеў хлеб я хачу павялічыць  і перадаць сваім дзецям.



«Адзінокія людзі забытых вёсак»


– Бабуля сабрала збажыну, якую калісьці пасеяла, завязала валошкамі апошні вяночак з думкай: “Ну вось, сынок, я сваё зжала: вось табе зерне – сей, каб табе ў свой час было таксама што жаць.”


Калі прыязджаеш у вёску, з хатаў часта выходзяць бабулі. Кожная з іх спадзяецца, што нечаканы госць прыехаў менавіта да яе…


Гэтыя бабулі – пасляваеннае пакаленне, якое трымала на сваіх плячах калгасы, працавала дзень і ноч без выхадных. Памятаю, як мама і тата з працы прыходзілі ўвечары, спехам кармілі нас, самі перакусвалі, абыходзіліся па гаспадарцы – і зноў на працу.


На карціне няма выразнага твару, таму што ў гэтым вобразе адлюстраваны НАШЫ матулі, НАШЫ бабулі, якія ніколі не скардзіліся на жыццё. Наадварот – яны былі ўдзячны Богу за тое, што скончылася вайна, што засталіся ў жывых іх блізкія і родныя. Гэта тое пакаленне, якое ніколі не плакалася. Яны ведалі, што такое смерць. Выпрабаванні, якія выпадалі ім у мірны час, у параўнанні з вайной здаваліся дробяззю.



«Трэба дома бываць часцей»


– Мы прыносім на могілкі вялікія і прыгожыя букеты. Стараемся паставіць дыхтоўныя і багатыя помнікі сваякам… Зараз чамусьці менавіта гэтыя прыкметы вызначаюць прыжыццёвыя адносіны з памерлым.


Трэба пры жыцці не шкадаваць слоў і часу для сваіх родных і блізкіх. Часцей прыязджаць. Часцей гаварыць і абдымаць сваіх старэнькіх бацькоў – бо можа стаць позна...


Як цяжка бачыць, калі чыясьці  матуля выходзіць з хаты і самая блізкая для яе істота ў гэты момант – сабачка, таму што толькі ён заўсёды побач. У дзяцей заўсёды не стае часу: сёння затрымаўся на працы, на выхадных трэба тэрмінова ехаць на кірмаш… Думаюць: у наступную нядзелю ўжо дакладна паеду на вёску – і зноў не атрымліваецца.   І нечакана, знянацку настае  момант, калі ўжо і ехаць не трэба – няма да каго, апусцела хата... Тады мы пачынаем у думках цешыць сябе ўспамінамі: як было добра, калі жылі маці, тата…


Гэтая карціна шэрая па колеры, як і настрой, калі бачыш адзінокіх матуль, для якіх самы блізкі і родны, хто ніколі не пакідае, – сабачка.



«Гуканне вясны»


Гэтая карціна злучае ў сабе тры працы. Здаецца, што неба адарвана ад зямлі. Па ім ляцяць птушкі – маленькія, вялікія… Сярод аблокаў можна заўважыць невялікае вока – сюррэалістычнае ўвасабленне нерэальнага.


Другі пласт – больш цьмяная прастора знізу, зямля. Дзесьці стаіць брамка, якая нікуды не вядзе.


У сярэдняю частку ўкладзена адчуванне, што калісьці неба і зямля былі адным цэлым, а зараз паміж імі вырасла нешта – велізарнае і чужое.. Невялікія хаткі, матуля, якая збіраецца да касцёла або царквы. Тут яшчэ жывуць людзі, якія ведаюць, што трэба рабіць, калі нарадзілася дзіцё, калі маладыя шлюбуюцца, калі трэба чалавека праводзіць у апошні шлях. Гэта людзі, жыццё якіх прасякнута духоўнасцю і непарыўна звязана з традыцыямі.


Але гэтая матуля стаіць адна. Як і галоўны герой карціны – дзіця. На палатне яно вылучаецца жоўценькай яркай плямкай. Але чаму яно адно, куды падзеліся бацькі? Дзіцятка павінна зрабіць выбар: ісці да бабулі або далучыцца да людзей, да вірлівага свята – ля ракі адбываюцца провады зімы.


Тое, што нясе ў сабе матуля, жанчына, зразумее і можа прыняць толькі дачка. Матулю і ўнука павінна злучаць дачка. Тады, магчыма, пад нагамі ў гэтага дзіцяці растане снег абыякавасці, і яно ступіць на сваю зямлю. Тады сярэдняя частка стане меншыцца, а неба і зямля пачнуць збліжацца.



«Каўчэг»


У гэтай рабоце адлюстравана многае з таго, што называецца падарункам роду: палатно, якое ткала мая мама і цёця Гэлена, дыванок, які пісаў Язэп Драздовіч, калі жыў у гэтай хаце разам з імі…


На абразах няма ніякага вобразу, таму што ў кожнай хаце ёсць свае святыя – у кагосьці гэта Маці Божая, у іншага Мікола Угоднік. Дзве жанчыны на гэтай карціне таксама без выразных твараў. Чаму? А вы пераступіце парог хаткі, дзе вас заўсёды чакаюць, дзе вас любяць і рады таму, што вы прыйшлі. І кожны з вас убачыць твар сваёй маці, нават адчуе водар той хаты.


Калі я пісаў гэтую работу, у мяне чамусьці доўгі час не атрымліваўся правы бок. Пасля доўгай працы раптам пайшлі падказкі –  я ўбачыў не толькі вобразы, але адчуў гукі гэтай хаты:  стук яблыкаў. Яблычны Спас і асвечаныя зёлкі, таму што людзі прыйшлі з царквы…


Чаму работа называецца “Каўчэг”? Бог загадаў Ною пабудаваць каўчэг і ўзяць кожнай жывёліны па пары, каб потым адрадзіўся свет. Толькі тады, калі зямля будзе ачышчана ад усіх чалавечых грахоў, будзе новая зямля. З каўчэга павінна выйсці ўсё, што дасць новае жыццё.


І яго святло, якое падае праз вокны і запаўняе хату, сведчыць пра тое, што новая зямля – ёсць!


Для мяне гэта самая духоўная работа. Хатка, дзе ўсё зроблена сваімі рукамі, – мой каўчэг, адкуль я чэрпаю дабрыню…


--------------------------


Алена ГАНУЛІЧ.


Фота А. САМУСЯ і Д. ДАМАРАДА.