Пчёлы - это не только вкусный мёд... Секреты ароматерапии от Чеслава Лобачевского
Што “пчалінае” можа выкарыстоўваць для свайго аздараўлення чалавек? Мёд, канешне! З асаблівым задавальненнем – свежы, толькі што з сотаў. Нальеш лыжку такога на скрылік батона – і, як ні старайся аблізваць батонныя бакі, ўсё адно ўцячэ – пральецца бурштынавымі ручаінкамі на рукі – ажно да локця, салодкімі плямкамі рассядзецца па кашулі, надрапаецца на калені. Вылізваешся потым (ну не змываць жа такую смакату!) не горш, чым котка…Пропаліс – клейкае рэчыва, якое пчолы збіраюць з вясновых пупышак дрэў і мадыфікуюць сваімі ферментамі – а мы выкарыстоўваем у якасці лякарства.
Пчаліны яд эфектыўны пры розных захворваннях і ўваходзіць у склад шэрагу мазяў.
Пылок і пярга валодаюць танізуючым, стымулюючым і лячэбным эфектам пры шматлікіх захворваннях, яны ўтрымліваюць вялікую колькасць мікраэлементаў, вітамінаў і іншых рэчываў.
Падмор (памерлыя пчолкі) мы выкарыстоўваем для лячэння ад блізарукасці; мастытаў, варыкознага пашырэння вен і яшчэ шмат ад чаго.
Матачнае малачко спрыяе павышэнню супраціўляльнасці арганізма інфекцыям, папярэджанню алергічных рэакцый, нармалізацыі артэрыяльнага ціску, стымулюе і рэгулюе функцыі арганізма.
А яшчэ – воск, які выкарыстоўваецца так шырока, што можна пісаць асобны артыкул.
І лічынкі трутняў. Не чулі пра іх? Не паверыце, але і гэтыя белыя і слізкія чарвячкоў людзі ядуць. Праўда, у смажаным выглядзе.
– А што тут здзіўляцца? – паціскае плячыма Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі, кіраўнік і гаспадар пладовага гадавальніка “Світанак-Л”, які шмат гадоў займаецца пчалярствам. – Вельмі карысныя і прыемныя на смак, нягледзячы на іх не зусім апетытны выгляд. Ужыванне лічынак трутняў стымулюе імунітэт, амалоджвае, паляпшае памяць, а бялку ў іх больш, чым у звычайным мясе, у некалькі разоў. Прычым якога бялку! Усё ж чысценькае, раслінна-кветкавае – гэта вам не свіння ў загарадцы! Да таго ж нядаўна навукоўцы адкрылі яшчэ адну іх цудадзейную ўласцівасць – лічынкі трутняў знішчаюць туберкулёзныя палачкі.
Добра, паверым на слова вопытнаму пчаляру. Можа, і сапраўдыгэтыя лічынкі карысныя. Паспрабаваць самой? Свежа падсмажаных? Гэтых самых агідна-слізкіх? Добра было б, канешне, але такая напруга з часам – не вырвацца з рэдакцыі аніяк. І потым, здаецца, у мяне на трутняў алергія…
– Ну тады прапаную вам новы від духмянатэрапіі, – не здаецца Часлаў Станіслававіч. – Паветра пасекі ў канцэнтраваным выглядзе – настоена на мёдзе і кветкавым пылку…
У гэтым месцы размовы мая напруга з часам цудоўным чынам самаліквідуецца, і літаральна праз пяць хвілін мы ўжо едзем па “атамнай” дарозе ў бок Гервят.
З вясны дамкі з пчоламі Часлаў Станіслававіч вывозіць “на дачу” – нават набыў для гэтага спецыяльны павільён, дыслакацыю якога мяняе ў залежнасці ад цвіцення той ці іншай культуры. На гэты раз пчолы адпачывалі (“Ну што вы! – абураецца іх гаспадар, – Яны тут працуюць.”) на квітнеючым рапсе.
Нацягваю на сябе даўгаполую робу з красамоўным надпісам “Пчаляр”, зверху прымацоўваю спецыяльную сетку-каўпак. Правяраю дакладнасць прылягання: здаецца, нармальна – кусуны прарвацца не павінны.
А Часлаў Станіслававіч тым часам ужо шчыруе ў павільёне – адчыняе вуллі, запоўненыя мёдам рамкі мяняе на пустыя. Са спецадзення ў яго – толькі сетка для твару. Сотні пчол абляпілі яго голыя, без пальчатак, рукі. Не кусаюць? Ну, тады можна і мне падыйсці да месца дзеяння.
Але варта было наблізіцца да дамкоў на небяспечную адлегласць, як пільная пчолка (фэйс-кантралёрша?) беспамылкова адшуквае адзінае “слабае звяно” маёй уніформы і (Госпадзі, як жа балюча!) джыгае ў кончык указальнага пальца. Яе напарніца тут жа дадае яшчэ адно джала…
Вядома, пасля падобнай сустрэчы працэс духмянатэрапіі вырашаю назіраць з бяспечнай адлегласці. А сутнасць яго ў наступным: Часлаў Станіслававіч здымае спецыяльную круглую накрывачку з верхняга боку вулля (дамкі для пчол у Лабачэўскага фірменныя – made in Poland), і ўстаўляе туды поліэтыленавую трубку, якая заканчваецца маскай для дыхання. Далей пчаляр падносіць яе да твару і пачынае глыбока ўдыхаць цудатворны водар. І на адлегласці бачна, што духмянатэрапія – працэс мега-прыемны...
Добра, канешне, было б узбагаціць лёгкія гэткім цуда-паветрам, але… Гляджу на свой распухлы ад двух джалаў палец і не без душэўнай скрухі думаю: мусіць, усё ж трэба было згадзіцца на лячэнне трутнямі…
------------------------
Ганна ЧАКУР.
