Пасхальный стол от Дануты Горбаль

2
Гатаваць Дана не ўмела. Дакладней, яна толкам і не спрабавала. Ну не лічыць жа кулінарным вопытам салату з памідораў, сабраных на градцы?! Або смажаную бульбу… Ды і не збіралася дзяўчына звязваць сваё жыццё з кулінарыяй – пасля заканчэння 10 “В” класа Астравецкай сярэдняй школы яна разам з чатырма сяброўкамі вырашыла паступаць у Бабруйскае мастацкае вучылішча – тым больш што малявала яна вельмі прыгожа. Праўда, як высветлілася падчас уступных іспытаў, цалкам непрафесійна. Словам, у поўным складзе дзяўчаты вярнуліся дадому. “І дзякуй богу! Будзеш ты, дзіця, пры хаце”, – сказала маці Дануты. А бацька, які працаваў начальнікам паштовага аддзялення станцыі Гудагай, прапанаваў ёй паспытаць шчасця на пошце.

– Кажуць, ты прыгожа малюеш? – спытаў у Даны тагачасны начальнік пошты Уладзімір Іванавіч Кацінель. – Вось і добра – нам трэба афармляць насценгазету, рысаваць плакаты. Адным словам, ідзі ў аддзел кадраў.


– Так я трапіла на сарціроўку пошты, – гаворыць Данута Баляславаўна. – І трэба сказаць, там мне вельмі спадабалася. У сямідзесятыя гады пісьмы і паштоўкі нам прыносілі літаральна мяшкамі. І раскладаючы іх па аддзяленнях, мы адчувалі сябе крыху вяршыцелькамі лёсу – праз нашы рукі праходзілі не проста словы, а думкі і пачуцці людзей.


– На пошце ў сямідзясятыя гады працавала шмат моладзі, – перамешваючы бульбяную масу для будучых “палачак”,  працягвае свой расповед жанчына. – І аднойчы Уладзімір Іванавіч запрасіў нас, дзяўчат, да сябе ў кабінет. “Трэба павышаць узровень адукацыі!” – сказаў ён нам. Трэба – значыць, трэба. Я выбрала бухгалтэрыю.


Гатаваць Дана не ўмела. Прынамсі, яна так сама лічыць.



ПАЛАЧКІ БУЛЬБЯНЫЯ ГАРНІРНЫЯ

Бульбу адварыць, ахаладзіць, прапусціць праз мясарубку. Дадаць яйка, дробку куркумы, лыжку крухмалу, пасаліць і атрыманую масу старанна вымяшаць. Сфарміраваць палачкі (клёцкі, паўмесяцы, зорачкі…) і абсмажыць на алеі да залацістага колеру.


– Галубцы, цэпеліны, пельмені, бліны, суп малочны – маё меню не адрознівалася асаблівай разнастайнасцю, – гаворыць  Данута Баляславаўна. І ўбачыўшы красамоўнае недаўменне ў маіх вачах, папраўляецца: – Не, канешне, некаторыя жанчыны задавальняюцца падобным сціплым наборам дзяжурных страў, але мне хацелася большага. Асабліва, калі выйшла замуж. А калі ў нас з Генадзем нарадзіліся сын і дачка, тут наогул захацелася “дастаць зорку з неба”.


З кулінарнымі кнігамі ў той час было тугавата. Ды і тэлебачанне не радавала перадачамі кшталту “Смак” або “Гатуем з…”. Новыя рэцэпты і кулінарныя сакрэты маладая жанчына спасцігала, дзе толькі магла – у сябровак, у калег па працы, у родзічаў. Прыдумвала сама. І вось ужо не яна, а ў яе запісваюць рэцэпты, выпытваюць сакрэты…
…Бяда прыходзіць заўсёды нечакана. Сядзіць, напэўна, дзесьці ў засадзе і чакае, калі чалавек расслабіцца, адчуе сябе шчаслівым. Данута і Генадзь Макеі падгадавалі дзяцей, пабудавалі ўтульны дом, абжыліся на новым месцы. А потым Генадзь раптам загінуў пры так і не высветленых абставінах. І іх прыгожы дом нібы страціў кропку апоры. Канешне, Данута Баляславаўна старалася з апошніх сіл. Але двое дзяцей (Саша хадзіў у сёмы клас, Віка – у пяты), гаспадарка, газіфікацыя дома…


– Катастрафічна не хапала грошай. Тым больш, што час быў асаблівы – разгар наступстваў “перабудовы”, – гаворыць жанчына. – У пошуках дадатковага заробку гатова была стукацца ў самыя розныя дзверы, але – ніякай магчымасці падзарабіць. Прыходзілася перабівацца з аднаго крэдыту на другі. І ніякага святла ў канцы майго жыццёвага тунэля не было бачна. Пакуль аднойчы мяне не запрасіла сабе ў памочніцы вядомы на Астравеччыне кулінар Ядвіга Феліксаўна Андралойць. Цёця Ядзя. Памочніца, з якой яна звычайна гатавала на вяселлях, па нейкай прычыне адмовілася, і Феліксаўна паклікала мяне. Заміраючы ад страху, я згадзілася.


Данута прыйшла на кухню, убачыла гару мяса, прачытала вясельнае меню і апусціла рукі.
– Давайце я буду абіраць бульбу, круціць фарш, мыць посуд, – прапанавала яна свайму “шэф-повару”, – а вы…”
– І не думай! – парыравала Ядвіга Феліксаўна. – Мне памочніца патрэбна, а не пасудамыйка.
– Але ж я магу перасаліць, не дасмажыць, не далажыць спецыі…
– Гэта можа кожны, – не прыняла гэтых страхаў паварыха. – А ты зрабі так, каб госці засталіся задаволенымі!
Ну што было рабіць?! Данута перахрысцілася, папрасіла ў Бога падтрымкі і… І ўсё атрымалася.
Неўзабаве яна стала адной з самых запатрабаваных кулінараў. На гэтым, вядома, не разбагацееш, але нейкая падтрымка ўсё ж ёсць. Як аказалася, не толькі фінансавая…



КАТЛЕТЫ ПА-КІЕЎСКУ

Інгрыдыенты: 6 кавалачкаў філе курыцы; 100 г паніровачных сухароў; 6 зубчыкаў часнаку; 2 яйкі; 100 мл 33% вяршкоў, 200 г масла, 20 г пятрушкі; алей; 150 г вяндліны; 100 г сыру, соль, перац.
Часнок расціснуць, змяшаць з рубленай пятрушкай, цёртым сырам, вяндлінай, парэзанай саломкай, размякчаным маслам. Сумесь старанна перамяшаць, сфарміраваць “каўбаску”, закруціць яе ў цэлафан і пакласці ў маразілку на 30 хвілін.
Філе курыцы пасаліць і адбіць. Адрэзаць ад “каўбаскі” кавалачак сумесі і закруціць яго ў падрыхтаваны кавалачак філе. Узбіць вяршкі з яйкам, укінуць туды падрыхтаваныя катлеты, вымачыць, затым запаніраваць у сухарах. У каструльку ўліць алей, раскаліць яго і пакласці катлеты. Смажыць да залацістай скарыначкі.


…У суседкі Валянціны Ільінічны – юбілейны дзень нараджэння. Збярэцца немалая кампанія, прыедуць родныя з Гомельшчыны, будзе нават госць з Піцера. А літаральна за дзень да свята Валянціна адчула недамаганне. Прыбегла да
Макеяў: “Выручай, Даначка!” А той сабрацца – хіба што фірмовы фартух з паліцы дастаць…
Калі апошняе “гарачае” было пададзена на стол, Данута нарэшце змагла далучыцца да гасцей. А тыя толькі таго і чакалі – на повара абрынуўся шквал кампліментаў. Аказваецца, такіх прысмакаў людзі яшчэ не спрабавалі. Гучней за ўсіх асыпаў Дануту кампліментамі пецярбуржац. “Збірайцеся, Даначка, у паўночную сталіцу – запрашаю вас выкладаць кулінарыю ў нашым каледжы!” У адказ яна толькі шчасліва ўсміхалася – ну каму з нас не хочацца, каб нашу працу ацанілі годна?!
Недзе збоку сядзеў яшчэ адзін госць – Аляксандр з Гомельшчыны. Па характары ён быў маўчуном, рассыпацца кампліментамі не ўмеў. Адным словам, яны так толкам і не пазнаёміліся…
А праз некалькі дзён завітала Валянціна Ільінічна: “Даначка, Саша просіць твой нумар тэлефона…”
…Яны пачалі перазвоньвацца.
Спачатку зрэдку, баючыся сказаць лішняе слова, да чырвані бянтэжачыся, калі гэтае самае шчырае слова ўсё ж зрывалася з вуснаў… А потым і самі не заўважылі, як уцягнуліся, прывыклі – і ўжо не ўяўлялі сваё жыццё без гэтага штодзённага: “Прывітанне, Даначка!”.
Вясной Саша прыехаў. З кветкамі і бутэлькай шампанскага. Як планавалася – у госці. А аказалася – у сезонныя памочнікі. Дапамог заараць агарод, пасадзіць градкі. І так у яго ўсё атрымалася неяк само сабой, неназойліва – быццам
працаваў на гэтай зямлі з маленства. І калі вечарам, стомленыя, яны прыселі адпачыць на прыступках ганка, адчуванне было такое, што сядзелі вось так, плячо ў плячо, заўсёды. Добра усё ж, калі побач з табой чалавек, якому можна даверыць і свой боль, і сваю радасць. Чалавек, з якім проста можна быць самой сабой…
Хоць сумненні гатовы былі на пасмы раздзерці сэрца. Ну як жа! Вось так, адразу… Ці не будзе гэта здрадай у адносінах да першага мужа? А як паставяцца дзеці?
Кропку над “і” паставіла родзічка. “Здурнела ты, ці што? – накінулася яна на Дану. – 15 гадоў ва ўдовах прахадзіла – ці табе гэтага мала? І ў дзяцей ужо даўно свае сем’і – няма чаго на іх аглядвацца. Ідзі, пакуль харошы чалавек кліча, і не раздумвай!”.
І Дана пайшла.
Разам з Сашам яны вось ужо пяць гадоў. Дарэчы, ён таксама аказаўся класным кулінарам. Прынамсі, супы яе мужа, па прызнанні самой Дануты Баляславаўны, смачнейшыя, чым яе ўласныя. Праўда, ён супраць таго, каб жонка “гарбацілася” на вяселлях – ведае, якіх фізічных высілкаў патрабуюць усе гэтыя “ножкі фаршыраваныя”, “грабяні пеўня” і “грушы мясныя”... “Лепш адпачні, – кажа Аляксандр Дануце. – А зарабляць грошы – мая справа”.
Таму цяпер Данута Баляславаўна Горбаль – вядучы бухгалтар раённай пошты – радзей стала прымаць запрашэнні гатаваць на вялікіх імпрэзах. Хоць поўнасцю ад іх таксама не адмовілася – ёй падабаецца дарыць людзям асалоду. А ежа, калі верыць рэкламе, і ёсць асалода ад смаку.



САЛАТА «ПАСХАЛЬНАЕ ЯЙКА»

Інгрыдыенты: 500 г філе адваранай курыцы; 300 г шампіньёнаў; 100 г звараных буракоў і 2 морквы, 200 г грэцкіх арэхаў, цыбуліна, зубчык часнаку, 150 г сыру, 4 вараныя яйкі, 1 сырое яйка, 70 мл малака, 1 ст. лыжка мукі, 300 г маянэзу, зеляніна, соль, перац, алей.
Шампіньёны нарэзаць, абсмажыць з цыбуляй, пасаліць, папярчыць, ахаладзіць. Курыцу, моркву, сыр нарэзаць кубікамі. Яйкі, арэхі дробна здрабніць. Усё змяшаць і вылажыць на салатніцу. Паколькі мы рыхтуем салату на пасхальны стол, выкладзем яе на талерку ў форме вялікага яйка, з якога з дапамогай самаробных упрыгожанняў зробім “пісанку”.



РУЖАЧКІ ПАСХАЛЬНЫЯ

Яйка, малако, муку, соль, 1 ч. лыжку алею ўзбіць венчыкам. Спячы два бліны. Бурак здрабніць на тарку, дадаць часнок і маянэз. Масу тонкім слоем нанесці на ахалоджаныя бліны і скруціць іх рулецікамі, якія ў сваю чаргу трэба парэзаць на сантыметровыя кавалачкі – атрымліваюцца ружачкі. І прыгожа, і смачна.


Шчыра прызнаюся: мне спатрэбілася больш часу на запіс рэцэпта салата, чым Дануце Баляславаўне прыгатаваць яе – у яе руках ружачкі нарадзіліся нібы па ўзмаху чароўнай палачкі. І ліліі са сцябліны цыбулі. І цуда-кветкі з агурка і памідора. І экзатычны лісток з цыбулі-парэю…


----------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.


/a